Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2020-ы ў кнігах. Літаратурны каляндар: люты


Валянціна Аксак на прэзэнтацыі сваёй кнігі паэзіі «Кава ў арліным гнязьдзе». Менск, сьнежань 2019

Чым парадуюць нас у бліжэйшы час беларускія кнігавыдаўцы? Наш штомесячны «Літаратурны каляндар», у якім паведамляем пра выдавецкія навінкі ды анансуем некаторыя літаратурныя імпрэзы ў Беларусі.

«Літаратурны каляндар» зьяўляецца ў кожную першую суботу месяца.

Паэзія


Людміла Шчэрба. «Я пакідаю сонца тут…». Менск, «Кнігазбор».

У кнігу паэзіі Людмілы Шчэрбы «Я пакідаю сонца тут…» увайшлі выбраныя вершы розных гадоў — з 1990-х па 2020-ы. Размаітыя па тэматыцы, гучаньні і настроі, яны ўтвараюць цэласны мастацкі сьвет — пранізьліва-шчыры і прачулы, у якім кожны знойдзе праменьчык для сябе.

Маргарыта Аляшкевіч. «Слоўныя ловы». Менск, «Галіяфы».

У першы паэтычны зборнік Маргарыты Аляшкевіч увайшлі вершы як апранутыя ў паліто клясычнай паэтычнай формы, так і вольныя ад гэтых умоўнасьцей. Уважлівы чытач даведаецца, чым паэтка падобная да каровы і чым да Рапунцэль, што носіць у роце цішыня і што агульнага паміж каханьнем і баабабам. Чытач няўважлівы проста парадуецца, што кніга такая маленькая.

Артур Камароўскі. «Вада пачынае жыць». Менск, «Галіяфы».

Гэта кніга вялікіх і малых паэтычных гісторый пра асабістае, гарады і ваду. Дарэчы, грошы на выданьне маладога аўтара былі сабраныя праз краўдфандынг.

Проза


Франц Сіўко. Юры Станкевіч. «Дыялёг». Менск, «Галіяфы».

«Дыялёг» — гэта своеасаблівая анталёгія твораў, аб’яднаных сугучнасьцю аўтарскіх поглядаў на зьявы грамадзкага і культурнага жыцьця Беларусі савецкага часу і так званага пераходнага пэрыяду. Аповесьць Франца Сіўко «Удог» і раман Юрыя Станкевіча «Любіць ноч — права пацукоў» маюць як гарачых прыхільнікаў, так і непрыяцеляў, што з улікам надзённасьці тэмаў і варыянтнасьці іх інтэрпрэтацый цалкам зразумела. Творы, напісаныя на мяжы XX–XXI ст.cт. і зьмешчаныя ў кнізе згодна з храналёгіяй адлюстраваных у іх падзей, і праз дваццаць гадоў пасьля першага зьяўленьня ў друку ня страцілі актуальнасьці і будуць цікавыя масаваму чытачу.

Давід Шульман. «Горад безь перапынку». Менск, «Кнігазбор».

У дзясятай кнізе беларускага празаіка з ізраільскага гораду Эйлату Давіда Шульмана — аповесьці, апавяданьні і эпізоды. Лёгкі і энэргічны стыль, акіян чалавечай душы, у якім прыемна купацца і вачам, і слыху, і розуму, і пачуцьцям. Прыцягваюць чытача і дасьціпнасьць аўтаркай думкі, і іранічны погляд на самыя складаныя жыцьцёвыя сытуацыі сваіх герояў.

Сяргей Пясэцкі. «Каханак Вялікай Мядзьведзіцы». Пераклад з польскай Марыі Пушкінай. Менск, «Логвінаў».

Культавы раман «Каханак Вялікай Мядзьведзіцы» ўпершыню перакладаецца з аўтарскай вэрсіі, дапоўненай і папраўленай Сяргеем Пясэцкім у 1963-м, за год да сьмерці. Гэты твор захаваў на сваіх старонках магічнае, невядомае і насычанае жыцьцё ракаўскіх кантрабандыстаў, якое б зьнікла назаўжды, калі б ня пільнае вока аўтара, які за гэтай стыхіяй назіраў. Калярытная дакумэнтальная аснова, асабісты досьвед, яскравыя характары і шчырыя пачуцьці — а над усім гэтым коціцца дзіўны Вялікі Воз… Валадарыць цудоўная, адзіная, зачараваная Вялікая Мядзьведзіца.

Прэзэнтацыя кнігі адбудзецца на Менскім кніжным кірмашы 6 лютага на Польскім стэндзе. Пачатак, а 17:30.

Ірына Данеўская. «Багуслаў Радзівіл. Генэрал караля». Пераклад з украінскай Наталкі Бабінай. Менск, «Янушкевіч».


У гістарычным рамане-эпапэі «Багуслаў Радзівіл. Генэрал караля» апісваюцца крывавыя падзеі 1648–1655 гадоў, калі на ўкраінскіх, беларускіх, польскіх, літоўскіх і малдаўскіх землях усчаліся шматлікія збройныя канфлікты, якія ўвайшлі ў гісторыю пад назвай «Патоп». Бесклапотны шукальнік прыгодаў Багуслаў Радзівіл становіцца генэралам войска Рэчы Паспалітай, а яго стрыечны брат Януш узначальвае ўзброеныя сілы Вялікага Княства Літоўскага. Непераможны да гэтых пор украінскі гетман Багдан Хмяльніцкі церпіць балючыя паразы ў гучных бітвах з удзелам Радзівілаў. Што далей? Пераможа сіла амбіцый ці непрымірымыя ворагі здолеюць дамовіцца між сабой?

Гэта другая частка трылёгіі. Першая, «Багуслаў Радзівіл. Нямецкі прынц», пабачыла сьвет у кастрычніку 2018 году.

На прэзэнтацыю рамана падчас Менскай кніжнай выставы 7 лютага, а 15:00 прыедзе сама Ірына Данеўская.


Януш Леон Вішнеўскі. «Канец адзіноты». Пераклад з польскай Кацярыны Маціеўскай і Ганны Янкуты. Менск, «Янушкевіч».

Новы раман Януша Леона Вішнеўскага — пачуцьцёвы працяг ягонага легендарнага раману «Адзінота ў сеціве». Галоўныя героі — новае пакаленьне, сучасная моладзь, перад якой адкрыты ўвесь сьвет. Якуб і Надзя, як і пэрсанажы папярэдняй гісторыі, знаёмяцца, дзякуючы інтэрнэту, але… у кляштары, і іх адносіны таксама некаторы час падтрымліваюцца з дапамогай электронных сродкаў сувязі.

Дакумэнтальная літаратура

Сяргей Абламейка. «Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі». Бібліятэчная сэрыя Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода.

Доктар гісторыі Сяргей Абламейка па-новаму разглядае асобу і дзейнасьць Кастуся Каліноўскага і бачыць за яго сацыяльнай рыторыкай глыбокі нацыянальны зьмест. Днём нараджэньня мадэрнай Беларусі, якая раней існавала пад назвамі і Русь, і Літва, аўтар прапануе лічыць 1 лютага 1863 году, калі ў Вільні быў утвораны Часовы правінцыйны ўрад Літвы і Беларусі на чале зь Вінцэнтам Канстанцінам (Кастусём) Каліноўскім.

Прэзэнтацыя адбудзецца 3 лютага, а 19:00 у прасторы OK16 (вул. Кастрычніцкая 16). Уваход па папярэдняй рэгістрацыі.

Рэгістрацыя тут: https://www.eventbrite.com/e/91177246599

Дзьмітры Гурневіч. «Забойства ў цэнтры Эўропы». Бібліятэчная сэрыя Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода.

11 лютага 2019 году ў школе № 2 гораду Стоўпцы адбылося падвойнае забойства. Вучань 10 клясы Вадзім М. зарэзаў сваю настаўніцу і іншага вучня. Журналіст Свабоды Дзьмітры Гурневіч паехаў ў Стоўпцы на другі дзень пасьля забойства і правёў там амаль тыдзень. Праз гісторыю гораду, мясцовыя легенды, меркаваньні стаўпецкіх людзей, з дапамогай філязофіі таталітарызму Ганны Арэнт аўтар вывучае прычыны і матывы злачынства, якое скаланула Беларусь. Кніга для тых, хто яшчэ невінаваты.

Кнігі для дзяцей

Юя і Тумас Вісландэр. «Мама Му на санках». Пераклад са швэдзкай Надзі Кандрусевіч. Менск, «Koska».

«Мама Му на санках» — зімовая гісторыя пра тое, як незвычайная карова Мама Му хоча паспрабаваць зьехаць з гары на санках, бо яна бачыла, як весела дзецям куляцца ў сьнезе. Аднак яе сябар Крумкач лічыць, што каровы не катаюцца на санках, а ў сьнезе можна пакуляцца і без іх.

Юя і Тумас Вісландэр. «Мама Му на горцы». Пераклад са швэдзкай Надзі Кандрусевіч. Менск, «Koska».

«Мама Му на горцы» — летняя гісторыя пра прыгоды Мамы Му і яе сябра Крумкача на возеры. Гэтым разам Мама Му спрабуе зьехаць з горкі ў ваду, але раптам горка выгінаецца, і дзеці ня змогуць больш на ёй катацца. Крумкач спрабуе прыдумаць цэлы плян, як адрамантаваць горку, але Мама Му робіць нешта такое, чаго Крумкач зусім не чакае.

Ганна Янкута. «Кот Шпрот і зьніклы мышамабіль». Менск, «Янушкевіч».


Пасьля доўгай зімы кот Шпрот, які любіць часам уцячы ноччу з дому і пагуляць па Менску, разам з прывідамі Марай і Жан-Жахам выпраўляецца на прагулку ў Батанічны сад. І, вядома, там іх чакае таямніца, якую трэба разгадаць. Разам з трыма мышамі-вынаходніцамі і хлопчыкам Алесем кот і прывіды пачынаюць новае расьсьледаваньне.

У 2018 годзе выйшла першая кніга Ганны Янкуты пра ката Шпрота. Прыгоды сваіх пэрсанажаў яна зьмясьціла ў рэальны Менск, што надае чытачам яшчэ большай цікавасьці. Ганна нават водзіць экскурсіі па маршруце прыгодаў Шпрота і яго сяброў зь першай гісторыі. У другой кнізе падзеі разгортваюцца таксама ў рэальных лякацыях.

Катажына Рырых. «Лапуховае поле». Пераклад з польскай Ганны Янкуты. Менск, «Янушкевіч».


Дзеці са звычайнага падворка аказваюцца сьведкамі зусім незвычайных падзей. Хтосьці ператвараецца ў жабу, у шкарпэтках растуць чорныя дзіркі, таямнічы незнаёмец гуляе з навальнічнай хмарай на вяроўцы, арэлі ажываюць, а са скрыні пані Доры ўцякае нуда. Ці стаяць за гэтым усім адна бабулька і яе кот?

Кніга вядомай польскай пісьменьніцы Катажыны Рырых атрымала прэстыжную літаратурную ўзнагароду польскага аддзяленьня IBBY «Кніга году 2017» для дзяцей.

Пісьменьніца прэзэнтуе беларускі пераклад сваёй кнігі на Менскай кніжнай выставе 8 лютага, а 14:00.


Андрэй Жвалеўскі, Яўгенія Пастэрнак. «Сіямцы». Пераклад з расейскай Станіславы Ўмец. Менск, «Янушкевіч».

Калі двое шаснаццацігадовых людзей створаны адно для аднаго, але ўпарта не разумеюць гэтага, умешваюцца ірацыянальныя сілы. Родны горад Менск намагаецца атуліць іх любоўю, зводзіць разам, падключае ўсё новых памочнікаў… Аднак героі зь дзіўнай упартасьцю ня хочуць бачыць відавочнае. Дачытайце гэтую гісторыю — і вы зразумееце, што ўсе містычныя супадзеньні ў вашым жыцьці былі невыпадковыя. Вас кахаюць, трэба толькі навучыцца не адштурхоўваць гэтае каханьне.

Падзеі

Ноч Гары Потэра — 6 лютага, культурніцкая прастора ОК16 (вул. Кастрычніцкая, 16). Пачатак, а 15-й для дзяцей, а 19-й для дарослых.

Менскі міжнародны кніжны кірмаш — 5–9 лютага, «БелЭкспа» (пр. Пераможцаў, 14).

IX Міжнародны паэтычны фэст імя Міхася Стральцова — 14–16 лютага. Адкрыцьцё — 14 лютага, канфэрэнц-заля рэстарацыі «Сёмае Неба» (пр. Незалежнасьці, 11). Пачатак, а 18-й.

Маратон прэзэнтацый паэтычных кніг — 15 лютага, Літаратурны музэй Максіма Багдановіча (вул. Багдановіча, 7а). Пачатак, а 13:30.

Ноч паэзіі — 15 лютага, клюб «Грай» (вул. Інтэрнацыянальная, 33). Пачатак, а 19-й.

Фэст аднаго верша — 16 лютага, Літаратурны музэй Максіма Багдановіча (вул. Багдановіча, 7а. Пачатак, а 15-й.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG