Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Знайшлі замену Крутому. У Беларусі прызначылі міністра эканомікі

абноўлена

Аляксандар Чарвякоў, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка прызначыў міністрам эканомікі Аляксандра Чарвякова, які да таго займаў пасаду першага намесьніка міністра, піша БелТА.

Лукашэнка публічна пацікавіўся, чаму яму прапанавалі кандыдатуру Аляксандра Чарвякова, маўляў, ці не зьвязана гэта з тым, што цяперашняму першаму віцэ-прэм’еру і былому міністру эканомікі Дзьмітрыю Крутому «выгадна будзе і зручна працаваць». На гэта адказаў старшыня прэзыдэнцкай адміністрацыі Ігар Сяргеенка: маўляў, выбары кандыдатуры былі на альтэрнатыўнай аснове, кандыдатура Чарвякова «найбольш вартая».

Лукашэнка адзначыў, што ў міністра эканомікі «мусіць быць ня толькі сьвежы, але і альтэрнатыўны погляд на многія рэчы, што будуць у прэм’ер-міністра, магчыма, у першага віцэ-прэм’ера». Працу Мінэканомікі ён даручыў арганізаваць так, каб «было добрае экспэртнае меркаваньне і добрыя праектынарматыўных актаў для разьвіцьця нашай эканомікі». Круты адзначыў, што Навукова-дасьледчы эканамічны інстытут, якім кіраваў Чарвякоў, «генэруе ўсе альтэрнатыўныя пункты гледжаньня, што ёсьць у нашай краіне».

Папярэднік Чарвякова Дзьмітры Круты быў пераведзены на пасаду першага віцэ-прэм’ера ў мінулым лістападзе, а тагачаснага першага віцэ-прэм’ера Аляксандра Турчына прызначыў кіраўніком Менскай вобласьці на месца Анатоля Ісачанкі, які пакінуў пасаду «па стане здароўя». Такім чынам Лукашэнка пачаў тое, што назваў «карэктаваньнем складу ўраду» перад прэзыдэнцкімі выбарамі.

Як расказаў сам Чарвякоў, Лукашэнка паставіў яму такія задачы на пасадзе міністра: «ўзровень кадраў, якасьць працы дзяржсэктару, эфэктыўнасьць працы прадпрыемстваў на мікраўзроўні і зьніжэньне ўразьлівасьці нашай эканомікі ад зьнешніх шокаў». Міністар дадаў, што гатовы прагнозы, якія «камусьці мо і не зусім зручна чуць», бо «трэба казаць праўду». Таксама ён казаў пра разьвіцьцё сфэраў паслугаў, IT, фармакалёгіі і біятэхналёгіяў, пошук альтэрнатыўных паставак сыравіны.

Што вядома пра Чарвякова

Новаму міністру эканомікі 53 гады. Ён нарадзіўся ў вёсцы Бабінічы Аршанскага раёну Віцебскай вобласьці, вучыўся ў сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках, працаваў інжынэрам у саўгасе, затым адвучыўся ў асьпірантуры і стаў выкладаць у Горацкай акадэміі.

У 2010 годзе стаў дырэктарам Навукова-дасьледчага інстытуту Мінэканомікі, у студзені 2017-га пайшоў адтуль на пасаду намесьніка міністра эканомікі, у лістападзе 2018-га стаў першым намесьнікам міністра. Кандыдат тэхнічных навук, дацэнт, аўтар 7 манаграфіяў і дапаможнікаў, больш як 90 навуковых працаў і 4 вынаходак.

У базе патэнтаў на імя новага міністра эканомікі прылады для дражыяваньня насеньня і перадпасеўнай стымуляцыі насеньня звышчастотным полем, прылада для вырабу вадкіх кармоў, двухрэжымны раздрабняльнік-дыспэргатар, прылада для разьдзяленьня гною на фракцыі і іншае.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG