Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Добра, што цяпер труны пачалі выдаваць». Як сьвяткавалі Новы год у Доме састарэлых


Дом састарэлых у вёсцы Бывалькі Лоеўскага раёну
Дом састарэлых у вёсцы Бывалькі Лоеўскага раёну

Тут не зьбіраюцца гуртам за сталом з прысмакамі, ня п’юць шампанскае, ня загадваюць жаданьні, ня мараць. Цукеркі і мандарыны жыхарам Дому састарэлых прывозяць дабрачынныя арганізацыі. Народныя калектывы «прывозяць канцэрты».

«Для нас ужо нічога ня трэба. Моладзі мы жадаем здароўя і шчасьця», — кажуць пацыенты Шпіталю сястрынскага дагляду — так афіцыйна называецца Дом састарэлых у вёсцы Бывалькі Лоеўскага раёну.

У навагодні вечар карэспандэнты наведалі пацыентаў Дому састарэлых і даведаліся пра жаданьні і мары тых, хто дажывае свой век у казённых сьценах.

У Шпіталі сястрынскага дагляду — добрыя матэрыяльныя ўмовы для жыцьця, прыязны і спагадлівы пэрсанал. Толькі якім бачаць жыцьцё пацыенты шпіталю?

«Нічога цікавага ў маім жыцьці не было»

82-гадовая Марыя Паўлаўна:

«Жыла раней у Страдубцы, бугальтарам у саўгасе працавала. Сваіх дзяцей не было. Пайшла замуж на дзяцей (пабралася шлюбам з мужчынам, у якога было трое дзяцей — РЭД.). Муж памёр, дзеці няродныя, глядзець няма каму. Раней сьвяткавалі Новы год, дома. Салата „Гарошак“ — мая любімая страва была. Што цяпер хацець? Як ёсьць так ёсьць. Нічога не чакаю. Цёпла тут, кормяць добра...

Нічога цікавага ў маім жыцьці не было. Працавалі, працавалі — і ўсё. Для чаго тады жыцьцё было? Я думаю, што мне і ня трэба было жыць. Было б лепш, каб ня жыць. Я і цяпер хачу памерці. Зьмяніць нешта? Раней бы магла? Не ў маіх сілах нешта зьмяніць, таму я пра гэта і ня думаю. Пасьля сьмерці няма іншага жыцьця. Закапалі і ўсё. Ніхто адтуль ня вылезе.

Добра, што труны цяпер пачалі даваць. Раней людзі самі рабілі, абы-якія. Цяпер з Лоева рытуальную службу выклікаюць і даюць добрыя труны. Моладзі я жадаю, каб быў мір. Мір у Беларусі і ва ўсім сьвеце. Астатняе прыкладзецца».

«Сьмерць ходзіць за сьпінай, ад яе не адкупісься»

84-гадовая Ніна Прымак у Доме састарэлых толькі месяц. Кажа, што сама прыйшла сюды зь вёскі Каўпень, дзе раней жыла.

«Ужо нічога добрага ня будзе — бо так Бог дасьць. Сям’ю я сваю не нажыла, адна засталася дык і трапіла сюды. Мне было дваццаць гадоў, як сасьніла такі сон: Сівы дзед спусьціўся з неба і распавёў мне ўсё чыста, што будзе ў жыцьці.

„Уменьшится век и угаснет надежда, в сердцах охладеет любовь. И многие люди тогда соблазнятся, прольют неповинную кровь“.

Так што павінна быць вайна. Калі гэта будзе — чакайце ды і ўсё. Не за гарамі, а за плячамі сьмерць усьлед ходзіць. Мне тут лепш, чым дома. І ёсьць з кім пагаварыць — столькі тут народу. Нас тут глядзяць. Падарункі прыносяць. Нам чакаць няма чаго, і жадаць.

Маладым магу пажадаць, што як яны сабе заслужаць — такое жыцьцё ім і будзе.

Я ні пра што не шкадую. У маладосьці малілася Богу і казала так:

„Я буду рабіць тое, што і людзі, а ты мне дай тое, што і людзям“.

Ад сьмерці ніхто не адкупіцца. А жыць хачу! Каб паглядзець — што яно яшчэ будзе. Цяпер такі час... Беларусь? А што думаць пра Беларусь, калі цяпер усе людзі роўныя ва ўсім сьвеце, бо кожны сам за сябе? Першая Беларусь згіне. Чаму? Ідзіце ўжо! Дзякуй Лукашэнку, што зрабіў такія Дамы, дзе такіх, як мы, зьбіраюць».

«Ня бачыла я жыцьця»

91 год Ніне Маркаўне зь вёскі Глушэц.

«У маладосьці арала, касіла з мужчынамі, вайна была, хадзілі мы потым па сьвеце голыя, босыя, галодныя, у зямлянках жылі. Сёньня і ўчора нам тут давалі падарункі — хвала Богу, ня кідаюць нас. Хачу пажадаць людзям, каб былі здаровыя — каб ня так, як мы, на мыліцах і вазках...

Чаго я чакаю? Можа, каб памерці. Цяжка з такім здароўем, цяжка, што сам ня ходзіш.

Маладым жадаю, каб былі шчасьлівыя. У мяне не было маладосьці, я ніколі не была шчасьлівай ды і жыцьця ня бачыла. Бацьку забралі ў вайну, брата забралі... Дачка мая рана памерла. Сын і другая дачка жывуць добра, не забываюць мяне, прыяжджаюць, падарункі прывозяць, грошы...»

«Меў я мару. Хацеў быць дальнабойшчыкам»

Мікалай Мікалаевіч — невідушчы. Раней жыў у Лоеве. Ён слухае тэлевізар, чакае навагодні зварот прэзыдэнта.

«Чакаю, каб ён нам пажадаў здароўя, шчасьця, каб вайны не было. Я раней у Лоеве жыў, мне суседзі дапамагалі, але мне трэба есьці зварыць, чайку папіць. Сюды пасялілі мяне.

Ад новага году чакаю здароўя для сябе. Людзям жадаю шчасьця. Шчасьце — гэта калі ты задумаў нейкае жаданьне — і яно збылося. У мяне няма мары. Раней марыў — быць дальнабойшчыкам. Ды не атрымалася. Трактарыстам быў, кіроўцам. А дальнабойшчыкам хацеў быць, каб сьвет убачыць. Цяпер усё».

«Хачу прыгожую сукенку»

Зоя — інвалід зь дзяцінства. Яна ахвотна глядзіць тэлевізар, дапамагае мэдыцынскаму пэрсаналу з даглядам за састарэлымі.

«Я люблю прыгожа апранацца. Хачу прыгожую сукенку. Вось як пазногці нафарбавала. Люблю тэлевізар глядзець і сьпяваць люблю. Чакаю ад Новага году, каб усё было добра. А што такое добра — я ня ведаю».

«Здарылася ў жыцьці асечка»

Аляксей нарадзіўся ў Кармянскім раёне, жыў у вёсцы Казярогі Лоеўскага раёну. Да гэтага — у Расеі, Анапе, Краснадарскім краі. Кажа, што працаваў раней міліцыянтам. Наколкі кажуць пра судзімасьці.

«Здарылася ў жыцьці асечка. Я ў прынцыпе ні пра што не шкадую. Тут я толькі перазімаваць. Тут добры пэрсанал, кормяць добра, глядзяць. Мне бы да сакавіка дабыць — і я пайду дахаты, у Казярогі, пайду на вольныя хлябы. Там у мяне хата ня надта, але яшчэ ёсьць у лесе ў мяне хатка — я там магу летам пажыць. Гарод садзіць я ня буду. Лепш буду дапамагаць іншым людзям, калі папросяць. На сёньняшні дзень я можа і шчасьлівы. Каб яшчэ можа якую жанчыну знайсьці сабе. Каб толькі не піла. Я аматар выпіць, але калі яшчэ і яна будзе піць — гэта жыцьця ня будзе».

Побач з Аляксеем — Жэня. Ён выслухаў нашы пытаньні, моўчкі заплакаў і сышоў.

Публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG