Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гальшанах заліваюць бэтонам унікальнае пахаваньне XIV стагодзьдзя 


Старыя пахаваньні заліваюць бэтонам
Старыя пахаваньні заліваюць бэтонам

Падчас рэстаўрацыйных працаў у Гальшанскім замку на Ашмяншчыне зьнішчаецца грунтовы могільнік XIV cтагодзьдзя.

Як расказаў Свабодзе археоляг Яўген Ўласавец, які амаль 10 гадоў дасьледуе тамтэйшае навакольле, у працэсе добраўпарадкаваньня на большай частцы прылеглай да замку тэрыторыі зьняты грунт на глыбіню ад паўмэтра і больш. У выніку сур’ёзна пашкоджаны, а месцамі і цалкам зьнішчаны грунтовы могільнік, які згадваецца ў дасьледаваньнях ХІХ стагодзьдзя.

Чэрап з пахаваньня невядомага жыхара Гальшанаў
Чэрап з пахаваньня невядомага жыхара Гальшанаў

Адмысловец разам калегамі з Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук выявіў чатыры жаночыя пахаваньні пэрыяду сярэднявечча. Іншымі словамі, яно тут існавала задоўга да пабудовы замку. Адно зь іх цалкам зруйнаванае, два іншыя моцна пашкоджаныя гусенічнай тэхнікай. Ацалела толькі апошняе. Пры гэтым амаль уся плошча могільніка або засыпаная пяском, ці залітая бэтонам. Літаральна з-пад каўша пасьпеў выцягнуць косткі ды бясцэнныя ўпрыгожаньні 700-гадовай даўнасьці, кажа адмысловец.

Упрыгожаньні, знойдзеныя археолягамі на месцы могільніка
Упрыгожаньні, знойдзеныя археолягамі на месцы могільніка

«Беларускія рэаліі ашаламляльна адрозьніваюцца, напрыклад, ад літоўскіх, — адзначае археоляг, які мае даўні досьвед супрацы з калегамі з суседняй краіны. — На жаль, у нас большасьць працаў на аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны праходзяць без якога-небудзь удзелу археолягаў. Сытуацыя з Гальшанскім замкам і могільнікам наглядна паказвае, да чаго прыводзіць дзейнасьць, якая арганізуецца з грубейшымі парушэньнямі дзейнага заканадаўства».

Уратаваныя бясцэнныя рарытэты XIV стагодзьдзя
Уратаваныя бясцэнныя рарытэты XIV стагодзьдзя

Як кажа суразмоўца, руйнаваньне гістарычных аб’ектаў без абавязковага археалягічнага нагляду на Ашмяншчыне мае «даўнія традыцыі». У 2017 годзе гэткім жа чынам «рэстаўравалі» касьцёл Пятра і Паўла ў Жупранах, летась у «ахвяру» быў прынесены касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі ў раённым цэнтры. Сёлета аналягічная доля спасьцігла Гальшанскі замак — адзін з самых важных помнікаў на тэрыторыі раёну ды і ўсёй Беларусі.

Косьці пад каўшом экскаватара
Косьці пад каўшом экскаватара

Пры гэтым гарадзкі аддзел культуры ніяк не рэагуе на барбарскія працы і нават не выяўляе спробаў іх спыніць.

«Грошы выдзеленыя, іх трэба асвоіць — такі аргумэнт чыноўнікаў на нашыя патрабаваньні спыніць зьнішчэньне сярэднявечнага могільніка, — расказвае археоляг Свабодзе. — Іх лёгіка невытлумачальная, даходзіць да абсурду: маўляў, няма надмагільльяў, значыць, гэта ніякія не пахаваньні. І яшчэ засумняваліся, што гэта чалавечыя парэшткі, можа наогул якой жывёлы, бо побач быў кароўнік. А як тады быць са знойдзенымі побач упрыгожаньнямі? Карацей, суцэльны жах. Бо адна справа, калі невядомыя пахаваньні дзесьці ў лесе ці ў полі, але ж гэта ахоўная зона!».

Замкавая вежа
Замкавая вежа

У сувязі з надзвычайнай сытуацыяй археоляг Яўген Ўласавец зьвяртаецца да ўсіх, каму неабыякавая будучыня ўнікальнай матэрыяльнай спадчыны. Па яго словах, лёс безыменных парэшткаў сярэднявечных жыхароў Гальшанаў цалкам маглі падзяліць і магілы паўстанцаў 1863 году на чале з Кастусём Каліноўскім, каб воляй лёсу яны апынуліся не на тэрыторыі Літвы, а ў Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG