Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьезд украінскіх беларусаў: па-беларуску — двое дэлегатаў у залі і Макей на адлегласьці


Зьезд беларусаў праходзіў у Гандлёва-прамысловай палаце Ўкраіны. Яе кіраўнік Генадзь Чыжыкаў — ганаровы старшыня Ўсеўкраінскага саюзу беларусаў

Усеўкраінскі саюз беларусаў сёньня на зьезьдзе ў Кіеве ўхваліў зварот да парлямэнтаў Беларусі і Ўкраіны аб стварэньні міжпарлямэнцкай супольнай камісіі аб супрацы ў сфэры культуры, адукацыі, спорту, турызму і міжнацыянальных зносінаў.

«Калі пачне па-сапраўднаму працаваць такая камісія, адкрыюцца велічэзныя рэзэрвы для пэрспэктывы беларуска-украінскіх дачыненьняў. Нам трэба пераадолець той культурна-інфармацыйны вакуум, які існуе», — заявіў старшыня Ўсеўкраінскага саюзу беларусаў Пётар Лайшаў. Сёньня дэлегаты зьезду зноў абралі яго кіраўніком арганізацыі на бліжэйшыя тры гады.

Фінансавая дзірка

Пётар Лайшаў дадаў, што арганізацыя фінансава не падтрымліваецца ні з боку Ўкраіны, ні з боку Беларусі: «Уся дзейнасьць трымаецца на энтузіязме актыўных і неабыякавых чальцоў нашай арганізацыі. Рэгіянальныя арганізацыі ачольваюць пераважна сталыя людзі, а моладзь ня мае асаблівага жаданьня ўступаць у грамадзкую арганізацыю».

Дэлегаты зьезду
Дэлегаты зьезду

У сваю чаргу беларускі амбасадар ва Ўкраіне Ігар Сокал паведаміў, што ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны ўжо арганізавалася група дэпутатаў, пераважна з праўладнай фракцыі «Слуга народу», якія выявілі жаданьне працаваць у такой міжпарлямэнцкай камісіі.

Што да фінансаваньня, Беларусь дапамагае канкрэтным праектам: празь беларускія дыяспары ва ўкраінскія рэгіёны перадаецца беларуская мэтадычная літаратура, нацыянальныя касьцюмы для творчых дзіцячых калектываў.

«Цяпер мы вядзем працу па арганізацыі трансьляцыі ў Беларусі тэлеканалаў, каб гэта былі гуманітарныя і культурныя праграмы, а ня толькі інфармацыйныя», — адзначыў Ігар Сокал.

Ігар Сокал зачытвае прывітаньне Ўладзіміра Макея
Ігар Сокал зачытвае прывітаньне Ўладзіміра Макея

Беларускі амбсадар на беларускай мове агучыў прывітаньне зьезду беларусаў ад міністра замежных спраў Беларусі Ўладзіміра Макея.

Пытаньне мовы — не галоўнае

На зьезьдзе толькі два прадстаўнікі беларускай дыяспары размаўлялі на беларускай мове. «Мова, культура і гісторыя — вось на чым грунтуецца нацыя. Я не падтрымліваю такую моўную палітыку, якая існуе ў Беларусі. Вось тут зьезд беларусаў ці расейцаў? А на якой мове размова?», — сказаў Свабодзе народны артыст Украіны Мікола Коваль — ён ураджэнец Столінскага раёну Берасьцейскай вобласьці. Пасьля вучобы ў Маскоўскай кансэрваторыі ён працаваў салістам у Нацыянальнай опэры Ўкраіны, цяпер выкладае вакал у Нацыянальнай акадэміі музыкі і Кіеўскім інстытуце музыкі імя Рэйнальда Гліера.

Мікола Коваль пачынаў свой выступ на зьезьдзе па-беларуску, але потым перайшоў на ўкраінскую — кажа, што цяжка размаўляць на беларускай мове, калі яе ня чуеш і не знаходзісься ў моўным асяродзьдзі.

Народны артыст Украіны, беларус Мікола Коваль
Народны артыст Украіны, беларус Мікола Коваль

Старшыня саюзу беларусаў Пётар Лайшаў, на пытаньне Свабоды, чаму на зьезьдзе беларусаў так мала гучыць беларускай мовы, адказаў:

«Я не хачу ператвараць усё ў палітычны кантэкст. Чалавек размаўляе на той мове, на якой яму зручна гаварыць. Украінскую мову я ведаю, але беларуская для мяне больш складаная, бо я школу скончыў (у Беларусі — РС) і паехаў. А далей — усё на расейскай мове. Арганізацыі саюзу падтрымліваюць беларускую мову, праводзяць шмат мерапрыемстваў. У душы ўсё мае быць, і да беларусаў заўсёды добра ставяцца. Таму я і кажу — трэба ствараць міжпарлямэнцкую камісію, пытаньні культуры, духоўнасьці, адукацыі. А там ужо ня толькі мова, а і гісторыя — галоўнае яе ведаць, а ня толькі вуліцы пераймяноўваць і помнікі зносіць».

Як ствараўся Ўсеўкраінскі саюз беларусаў

Ва Ўкраіне жыве больш за 275 тысяч беларусаў. Але фармальна беларуская дыяспара арганізавалася ў краіне ў 2000 годзе, калі быў створаны Ўсеўкраінскі саюз беларусаў. Сёньня адбыўся яго чарговы зьезд, на які беларусы зьбіраюцца кожныя тры гады, каб падвесьці вынікі сваёй дзейнасьці.

Саюз аб’ядноўвае рэгіянальныя ўтварэньні беларусаў з 14 абласьцей Украіны. Ён ствараўся першым паслом Беларусі ва Ўкраіне Віталём Курашыкам, які пакінуў гэтую пасаду ў 2001 годзе, калі ўкраінскае грамадзянства этнічнага беларуса стала публічным фактам. Разам зь ім у стварэньні браў удзел яшчэ адзін этнічны беларус Валеры Варона — дырэктар Інстытуту сацыялёгіі Нацыянальнай акадэміі навук Украіны.

Арганізацыя ад пачатку сваёй дзейнасьці пазыцыянавала сябе па-за палітыкай. Гэтая адметнасьць засталася і па сёньняшні дзень, нягледзячы на пэўныя зьмены як геапалітычнай, гэтак і ўнутранай сытуацыі ў Беларусі і Ўкраіне.

Пра перапахаваньне парэшткаў Кастуся Каліноўскага і яго паплечнікаў, якое адбывалася ў гэты ж дзень у Вільні, ніхто з апытаных дэлегатаў зьезду ня ведаў.

Старшыня Ўсеўкраінскага саюза беларусаў Пётар Лайшаў
Старшыня Ўсеўкраінскага саюза беларусаў Пётар Лайшаў

Хто такі Пётар Лайшаў

Пётар Лайшаў ачольвае саюз беларусаў апошнія шэсьць гадоў. Ён выхадзец з Рагачоўскага раёну Гомельскай вобласьці, генэрал-маёр, які ў сярэдзіне 80-х быў намесьнікам начальніка 9-га аддзела КДБ СССР у Крыме. У ягоную зону адказнасьці ўваходзілі 13 дзяржаўных дач на паўвостраве. Ён адказваў за бясьпеку вышэйшага кіраўніцтва Савецкага Саюзу на адпачынку і пасьпеў папрацаваць пры трох генэральных сакратарах кампартыі.

Ад 2004 да 2008 году Пётар Лайшаў кіраваў Гандлёва-эканамічнаю місіяй Украіны ў Беларусі і ганарыцца, што менавіта ў той час быў рэкордны для двухбаковых стасункаў аб’ём узаемнага таваразвароту — больш як 5 мільярдаў даляраў. Ён прызнае, што зараз беларускія суполкі не папаўняюцца моладзьдзю, але на ягоную думку, гэта выклікана аб’ектыўнымі прычынамі, найперш — скарачэньнем міграцыйных працэсаў, якія былі вельмі інтэнсіўнымі за савецкім часам.

Якія яшчэ беларускія арганізацыі ёсьць ва Ўкраіне

Сёлета Міністэрства юстыцыі Ўкраіны зарэгістравала яшчэ дзьве беларускія арганізацыі — Рух Салідарнасьці «Разам» і Беларускі цэнтар «Сябры». Яны не ўваходзяць ва Ўсеўкраінскі саюз беларусаў і найчасьцей удзельнічаюць у грамадзка-палітычных акцыях, выкарыстоўваючы нацыянальную сымболіку і бел-чырвона-белыя сьцягі.

Гэтыя дзьве арганізацыі летась зладзілі ў Кіеве шэраг мерапрыемстваў, прымеркаваных да 100-годзьдзя стварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі, а таксама штогод арганізоўваюць акцыі да Дня волі і акцыі салідарнасьці з абаронцамі Курапатаў. Прадстаўнікі гэтых арганізацыяў даглядаюць месца гібелі Міхася Жызьнеўскага ў часе Рэвалюцыі годнасьці ў Кіеве і праводзяць шэсьці па ўшанаваньні ягонай памяці.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG