Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Італьянскі галкіпер прызнаўся, што выйшаў з дэпрэсіі дзякуючы Шагалу 


Італьянскі галкіпер Джанлюіджы Буфон

Адзін з найлепшых футбольных галкіпераў сучаснасьці Джанлюіджы Буфон прызнаўся, што ў маладосьці перажыў страшную дэпрэсію, выкараскацца зь якой дапамагла карціна Марка Шагала з пэйзажам Віцебску.

Пра гэта італьянец згадаў у лісьце сабе 17-гадоваму, які ён напісаў для The Players ’Tribune.

«Ты павінен зайсьці ў музэй, менавіта ў гэты дзень, — інструктуе Буфон сябе зь мінулага. — Калі ня зойдзеш, то застанесься футбалістам, які ўтойвае пачуцьці. Твая душа завяне. Зайдзі і ўбачыш сотні карцін Шагала. Большасьць цябе не зачэпяць. А потым убачыш карціну, і гэта будзе ўдар маланкі. Яна называецца „Прагулка“».

Калі і ад чаго пачалася дэпрэсія, галкіпер ня памятае. У такім стане ён выходзіў на матчы і аднойчы ледзь ня здаўся. 15 лютага 2004 году ягоны «Ювэнтус» прымаў «Рэджыну». На разагрэве Буфона атакавала паніка: сэрца выскоквала, пачалася дыхавіца, а песьні фанатаў зліліся ў адзін незразумелы гук.

«Я ня выйду», — Буфон паставіў трэнэрскі штаб перад фактам. Але супакоіўся і сказаў сабе: «Калі зараз паддамся, на кожнай разьмінцы будзе тое ж самае. Не здавайся».

Тады ён перамог ня толькі «Рэджыну», але і сябе. Стала вяртацца упэўненасьць, а канчаткова з душэўнай прорвы выцягнуў мастак віцебскай школы Марк Шагал.

«Прагулка», Марк Шагал
«Прагулка», Марк Шагал

Пра свае праблемы футбаліст саромеўся казаць нават родным. Пакуль аднойчы, шпацыруючы вуліцамі Турыну сам-насам са сваімі страхамі, ня трапіў на выставу славутага мастака зь Беларусі. Хоць большую частку жыцьця той пражыў за мяжой, ніколі не забываўся пра родны горад: сюжэты ягоных карцін нярэдка разгортваюцца ў Віцебску.

Менавіта «Прагулка» асабліва ўразіла Буфона: Марк і ягоная жонка Бэла лунаюць над Віцебскам.

«Яе быццам намалявала дзіця. Мужчына і жанчына ў парку на пікніку, але гэта чароўная гісторыя. Жанчына ляціць угору, як анёл. Мужчына стаіць на зямлі, трымае яе за руку, усьміхаецца. Як у сьне. Гэтая карціна перадае нешта зь іншага свету. Яна нагадае табе, як гэта — быць дзіцем. Як проста быць шчасьлівым», — падсумаваў Джанлюіджы Буфон у «лісьце часу» да сябе ў мінулым.

***

Джанлюіджы Буфон — 41-гадовы брамнік, найбольш вядомы выступамі за італьянскі клюб «Ювэнтус» у 2001–2018 гадах і за зборную Італіі ў 1997–2018 гадах. Пачынаў дарослую кар’еру ў клюбе «Парма», у 2018–19 гадах гуляў за францускі «Пары Сэн-Жэрмэн», але нядаўна вярнуўся ў склад «Ювэнтусу». За 1077 зарэгістраваных матчаў прапусьціў толькі 898 галоў, у 2015–2016 гадах не прапусьціў у італьянскай Сэрыі А ніводнага мяча цягам рэкордных 974 хвілінаў у 11 матчах запар.

Станавіўся са зборнай Італіі чэмпіёнам сьвету (2006) і Эўропы (2012), зь «Ювэнтусам» — дзевяць разоў чэмпіёнам Італіі, з PSG — чэмпіёнам Францыі. Шмат разоў атрымліваў узнагароды як найлепшы брамнік Італіі (12 узнагарод Oscar del calcio) і розных міжнародных спаборніцтвах. Рэкардсмэн у колькасьці матчаў за зборную Італіі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG