Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэмаграфічны партрэт габрэя Беларусі


Адкрыцьцё новага будынка сынагогі ў Віцебску, 2017 год, ілюстрацыйнае фота
Адкрыцьцё новага будынка сынагогі ў Віцебску, 2017 год, ілюстрацыйнае фота

Габрэі былі пятай паводле колькасьці этнічнай групай Беларусі падчас апошняга перапісу 2009 году, яны складалі 0.14% насельніцтва краіны — 12926 чалавек. Папярэдняя паводле колькасьці этнічная група — украінцы — пераўзыходзіла габрэяў больш чым у 10 разоў.

Аднак падчас перапісу ў Расейскай імпэрыі ў 1897 годзе габрэі, якія жылі на тэрыторыі сучаснай Беларусі, складалі на ёй другую паводле колькасьці этнічную групу пасьля беларусаў.

У 1920-30-х гадах у БССР габрэйская мова ідыш была адной з афіцыйных, нароўні з беларускай, расейскай і польскай.

Наступны графік паказвае, як мянялася доля габрэйскага насельніцтва на беларускіх землях паводле перапісаў Расейскай імпэрыі, БССР і Рэспублікі Беларусь.

Дадзеныя перапісу 1897 году пададзеныя на графіку па паветах Менскай, Магілёўскай, Віцебскай, Віленскай, Горадзенскай губэрній Расейскай імпэрыі, які ўваходзяць у склад сучаснай Рэспублікі Беларусь.

Падчас таго перапісу не задавалася пытаньне пра этнічную прыналежнасьць, толькі пра родную мову. Перапіс 1939 году быў праведзены да далучэньня Заходняй Беларусі да БССР.

Графік паказвае, што за 112 гадоў доля габрэйскага насельніцтва зьменшылася ў 100 разоў. Рэзкае падзеньне адсотку габрэяў паміж перапісамі 1939 і 1959 году — вынік Галакосту, масавага зьнішчэньня габрэяў падчас нацысцкай акупацыі Беларусі.

Для ацэнкі маштабаў скарачэньня габрэйскага насельніцтва ў выніку Галакосту варта ўлічыць вынікі польскага перапісу 1931 году. Аналіз гэтых вынікаў паказвае, што ў паветах, якія цяпер уваходзяць у склад Беларусі, на тэрыторыях Беластоцкага, Віленскага, Наваградзскага і Палескага ваяводзтваў Другой Рэчы Паспалітай, пражывала прыблізна 280 тысячаў габрэяў, у БССР у 1939 годзе ў межах да далучэньня Заходняй Беларусі – 375 тысячаў габрэяў.

Такім чынам, перад вайной, пасьля далучэньня Заходняй Беларусі, на тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Беларусь жылі прыкладна 650 тысячаў габрэяў. Паводле перапісу 1959 году на той жа тэрыторыі габрэяў засталося ў чатыры разы менш.

Зь першага пасьляваеннага перапісу ў БССР да апошняга ўжо ў незалежнай Беларусі доля габрэяў сярод насельніцтва манатонна і няўхільна зьмяншалася. Асабліва рэзкім было зьмяншэньне ў 4 разы, зафіксаванае першым перапісам у незалежнай Беларусі ў 1999 годзе параўнальна з 1989 годам. Паміж перапісамі 1999 і 2009 гадоў адбылося двукратнае зьмяншэньне долі габрэяў.

Выглядае, што асноўнай прычынай зьмяншэньня долі габрэяў пасьля 1989 году была эміграцыя. Хаця, гледзячы па ўсім, фактарамі, якія ўплывалі на гэты працэс было і тое, што габрэі ў сярэднім мелі больш сталы век, чым насельніцтва ў цэлым, і «перапісавая асыміляцыя», калі людзі, якія раней пазначалі сябе як габрэі, падчас чарговага перапісу называлі сябе беларусамі.

Які ж дэмаграфічны партрэт габрэяў паказаў перапіс 2009 году?

Габрэі былі расьселеныя па краіне даволі раўнамерна, як расейцы і ўкраінцы, доля габрэяў была крыху вышэйшай за сярэднюю ў сталіцы і дзьвюх усходніх вобласьцях — Віцебскай і Гомельскай, і крыху ніжэйшая за сярэднюю ў Менскай і дзьвюх заходніх вобласьцях.

У нашым аналізе дэмаграфічных партрэтаў палякаў, расейцаў і ўкраінцаў Беларусі мы адзначалі, што ва ўсіх гэтых этнічных групах узроставая структура была ссунутая ў бок старэйшых узростаў у параўнаньні зь сярэднімі паказьнікамі па краіне.

У габрэяў гэты дысбалянс быў выражаны ў найбольшай ступені. Доля асобаў, старэйшых за працаздольны ўзрост, сярод габрэяў удвая перавышала гэты паказьнік сярод усяго насельніцтва. Больш чым кожны другі прадстаўнік габрэйскай грамады ў 2009 годзе меў пэнсійны ўзрост.

Пры гэтым доля дзяцей і падлеткаў у гэтай этнічнай групе была такой жа, як ва ўкраінцаў, і істотна ніжэйшая ня толькі ў параўнаньні з сярэдняй па краіне, але і ніжэйшая, чым сярод расейцаў і палякаў Беларусі.

Сярод габрэяў з усіх найвялікшых этнічных групаў была самая высокая доля гараджанаў. Прыкладна столькі ж, хаця і крыху менш (85%), было гараджанаў сярод расейцаў.

Таксама сярод габрэяў была рэкордна высокая доля асобаў з вышэйшай адукацыяй, яе меў амаль кожны другі прадстаўнік гэтай этнічнай групы.

Падчас перапісу 1897 году на беларускіх землях роднай назвалі габрэйскую мову 1,202,129 чалавек, падчас перапісу 2009 году ў Рэспубліцы Беларусь з 12,926 перапісаных, якія назвалі сябе габрэямі, габрэйскую мову пазначылі роднай 245 чалавек.

Пераважная частка беларускіх габрэяў назвалі ў 2009 годзе роднай мовай расейскую, амаль у 10 разоў менш — беларускую.

Мовай хатняга ўжытку пераважная доля габрэяў назвалі расейскую, сярод іх суадносіны тых, хто назваў мовамі хатняга ўжытку беларускую і расейскую, дакладна такія ж, як і сярод расейцаў Беларусі.

Графікі і табліца, якія прыводзяцца вышэй, зробленыя на падставе рэглямэнтных табліцаў Белстату па выніках перапісу 2009 году (глядзі тут і тут), а таксама статыстычнага зборніку, выдадзенага Белстатам.

***

Падводзячы вынікі — доля габрэяў сярод насельніцтва Беларусі за 112 гадоў зьменшылася ў 100 разоў. Паводле перапісу 2009 году габрэі былі раўнамерна расселеныя па Беларусі, сярод іх было значна больш гараджанаў, чым у сярэднім сярод насельніцтва, сярод іх была рэкордна высокая доля асобаў сталага веку.

Яны значнай доляй назвалі роднай мовай расейскую, толькі 2% назвалі роднай ідыш альбо іўрыт. У побыце габрэі размаўлялі пераважна расейскай. Ангажаванасьць габрэяў Беларусі ў беларускую мову была адносна невысокая: 9% паводле роднай мовы і 2% паводле мовы хатняга ўжытку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG