Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Перакрываем толькі аварыйную частку». Навошта касьцёл у Вілейцы мяняе аўтэнтычную дахоўку на мэталёвую


Замена дахоўкі на касьцёле Узьвіжаньня Сьвятога Крыжа ў Вілейцы. Фота суполкі «Навіны Вілейкі і Вілейшчыны»

На адным з самых пазнавальных каталіцкіх храмаў Беларусі мяняюць стогадовую гліняную дахоўку на новы мэталёвы профіль, паведамляе сацыяльная супольнасьць «Навіны Вілейкі і Вілейшчыны».

Касьцёл Узьвіжаньня Сьвятога Крыжа ў Вілейцы пабудаваны ў самым пачатку ХХ стагодзьдзя. Ягоная архітэктура спалучае кампазыцыйныя прынцыпы і дэкаратыўныя формы раманскага і гатычнага стыляў.

У Першую сусьветную вайну будынак пацярпеў ад артылерыйскіх абстрэлаў, але ў пачатку 1920-х быў адрэстаўраваны. Пасьля прыходу на заходнебеларускія землі бальшавікоў храм быў закрыты і ператвораны ў склад. Толькі ў 1990-м яго зноў вярнулі вернікам.

Рамонт на складкі прыхаджанаў

Ад капітальнага рамонту амаль стогадовай даўнасьці ў храме вяліся толькі касмэтычныя работы, і нарэшце насьпела неабходнасьць замены часткі даху — ад катаклізмаў надвор’я паўстала пагроза ўнутранаму напаўненьню храма. Аднак, наракаюць вернікі, увесь бюджэт на ўтрыманьне касьцёла фармуецца выключна з унёскаў прыхаджанаў, таму клапаціцца аб захаваньні аўтэнтычнасьці матэрыялаў не выпадае.

Так выглядае новая дахоўка
Так выглядае новая дахоўка

На апублікаваным фатаздымку відаць, што замест старой дахоўкі ў ход ідзе сучасны мэталёвы профіль: адрамантаваная палова рэзка кантрастуе са старой керамікай на другім баку.

«Не дзеля прыгажосьці робіцца: яшчэ большае барбарства было б, каб дажджы і цьвіль зьнішчылі ўсё, што ўсярэдзіне, — парыруе адна зь верніц. — Але які яшчэ дах можна зрабіць, калі дзяржава ніяк не дапамагае? Усё за грошы саміх людзей. Складваемся кожны месяц — хто колькі можа».

Вілейскі касьцёл уваходзіць у сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Беларусі, а значыць, дзяржава мусіць удзельнічаць у яго захаваньні. Аднак, як кажа колішні начальнік упраўленьня аховы гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі, ва ўмовах мізэрнага бюджэтнага фінансаваньня часьцяком пытаньні аднаўленьня архітэктурных помнікаў кідаюць на самацёк.

Ігар Чарняўскі
Ігар Чарняўскі

«Мэталёвая дахоўка, як і сайдынг, зьяўляюцца матэрыялам бедных, — тлумачыць суразмоўца. — Вось парафіяне наракаюць: скідваемся па рублю, таму, маўляў, і робім, як можам. І для Беларусі гэта вялізная праблема. Ня толькі дзяржава не дапамагае (хоць нідзе няма, каб дзяржава дапамагала абсалютна ўсім), а і адсутнічаюць прыдатныя для рэстаўрацыі матэрыялы — яскравы прыклад з бастыёнам у Нясьвіскім замку».

Безграшоўе — вораг аўтэнтычнасьці

Касьцёл Узьвіжаньня Сьвятога Крыжа ў Вілейцы (зьлева)
Касьцёл Узьвіжаньня Сьвятога Крыжа ў Вілейцы (зьлева)

На думку Ігара Чарняўскага, ва ўмовах безграшоўя касьцельным уладам варта было б не сьпяшацца і пашукаць некалькі варыянтаў прынамсі вонкавай псэўдааўтэнтычнасьці. Напрыклад, можна было б:

  • пакрыць дах нэўтральным вонкава матэрыялам, які б адпавядаў гістарычнаму характару. Такой магла б быць, напрыклад, фальцавая мэталічная бляха з палімэрным пакрыцьцём, блізкім да ацынкоўкі, карычневага ці шэрага колераў. Яна паўсюдна выкарыстоўвалася ў ХІХ і ў пачатку ХХ стагодзьдзяў;
  • скарыстаць нямецкую мэталёвую дахоўку, якую вырабляюць у рэстаўрацыйных мэтах. Яна пакрытая адмысловым напыленьнем і перадае характар керамічнай дахоўкі. Яскравы прыклад — царква ў Заслаўі;
  • перакласьці існую дахоўку, якая нават візуальна выглядае ня цалкам пашкоджанай, замяніўшы паламаныя і разьбітыя фрагмэнты новымі.

Пробашч касьцёла Аляксандар Барыла ў гутарцы з карэспандэнтам Свабоды запэўніў, што стаіць задача не «зьмяніць храм да непазнавальнасьці», а толькі спыніць незваротныя працэсы.

«Частка даху пацярпела ў выніку ўрагану, пачала падцякаць вада, — тлумачыць сьвятар. — Будаўнікі перакрываюць толькі праблемны кавалак, нам трэба спакойна перазімаваць. Калі гэта своечасова не зрабіць, наступствы будуць шмат горшыя. Не кажу, што мэталяпрофіль застанецца назаўсёды, проста іншых варыянтаў пакуль няма. Я разумею, што хутка знойдуцца крытыкі — час такі, інфармацыя распаўсюджваецца імгненна. Але, паўтаруся, гэта вымушаны захад, спадзяюся, часовага характару».

Часовае — сынонім пастаяннага

Як паказвае практыка, нічога не бывае такім пастаянным, як «часовае». Таму, кажа Ігар Чарняўскі, важна на этапе перабудовы пазьбегнуць дылетанцкай самадзейнасьці.

«Неабходна, каб ва ўсіх выпадках, і ня толькі прапанаваных вышэй, кіраўніцтва работамі ажыцьцяўляў архітэктар, які мае досьвед і практыку, — працягвае ён. — У вызначаным парадку атрымаў пасьведчаньне на распрацоўку навукова-праектнай дакумэнтацыі і выкананьне рамонтна-рэстаўрацыйных работ на аб’ектах спадчыны. Іншымі словамі, павінен падрыхтаваць абгрунтаваную прапанову (ці некалькі варыянтаў) наконт рамонту даху касьцёлу. Пра ўсё гэта сказана ў Кодэксе аб культуры».

Спэцыяліст таксама адзначае, што зьмяніць сытуацыю да лепшага маглі б дапаўненьні ў заканадаўства, якія б стымулявалі выкананьне работ на абʼектах нацыянальнай спадчыны — падатковыя льготы, спонсарская дапамога і г.д.

Гэта, на яго перакананьне, спрыяла б таму, што будаўнічыя арганізацыі самі былі б зацікаўленыя ў больш абачлівым падыходзе да спосабаў «рамонту» помнікаў зь Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў. Бо ў выпадку парушэньня тэхналягічнага працэсу мусіць быць прадугледжана пакараньне. Цяпер на гэта збольшага закрываюць вочы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG