Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У часе «расейскай вясны» на Данбасе захопам будынку міліцыі ў Лісічанску кіраваў этнічны беларус. Што пра яго вядома


Ва Ўкраіне ідуць працэсы аб прыцягненьні да адказнасьці грамадзян, якія на пачатку 2014 году актыўна ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы і правядзеньні ва ўсходніх рэгіёнах краіны незаконных рэфэрэндумаў аб абвяшчэньні незалежнасьці так званых «Данецкай і Луганскай народных рэспублік».

Дзякуючы такім судовым працэсам цяпер можна аднавіць некаторыя падзеі, падрабязнасьці пра якія адсутнічалі ў інфармацыйнай прасторы пяць гадоў таму.

У тым ліку і пра падзеі таго часу ў Лісічанску — адным з найбольшых прамысловых цэнтраў Луганскай вобласьці. Горад быў вызвалены ад незаконных узброеных фармаваньняў у ліпені 2014 году пасьля жорсткіх баёў і нават авіяўдараў. Цяпер стала вядома, што «расейскай вясне» там дапамагаў этнічны беларус Барыс Праневіч.

Як усё было

Вясной 2014 году, калі ў двух абласных цэнтрах Украіны — Данецку і Луганску — пачалі захопліваць адміністрацыйныя будынкі мясцовых органаў улады, а ў рэгіёне пачалі масава зьяўляцца «гастралёры» з «георгіеўскімі» стужкамі і зброяй, Лісічанская гарадзкая рада з пэўнымі асаблівасьцямі выступіла супраць сэпаратызму. Мясцовыя дэпутаты заклікалі незаконныя фармаваньні скласьці зброю, выступілі за амністыю ўсіх удзельнікаў акцыяў пратэсту супраць новых кіеўскіх уладаў і галоўнае — асудзілі захоп мясцовых органаў улады.

Аднак празь месяц, у красавіку 2014-га, асобныя дэпутаты рады дапамаглі арганізаваць і правесьці ў Лісічанску «рэфэрэндум аб дзяржаўнай незалежнасьці ЛНР». Сёлета ў студзені некалькіх яго арганізатараў асудзілі завочна да пазбаўленьня волі. Выканаўцам, якія засталіся ў горадзе, удалося пазьбегнуць увязьненьня — ім прызначылі выпрабавальныя тэрміны.

Тады ў Лісічанску, як і ў большасьці населеных пунктаў рэгіёну на той час, праваахоўныя органы самаўхіліліся ад выкананьня службовых функцый. У сваёй большасьці і мясцовыя жыхары таксама не зусім разумелі, што адбываецца, і ішлі да адміністрацыйных будынкаў мясцовай улады і міліцыі, каля якіх ужо стаяў натоўп «дзіўных людзей зь георгіеўскімі стужкамі». Цягам месяца ў горадзе ўлада нібыта была і дзейнічала — тут нават пачалі рыхтавацца да правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў, якія пасьля ўцёкаў Віктара Януковіча прызначылі на 25 траўня.

Але за некалькі дзён да выбараў сытуацыя выбухнула — у горад увайшоў батальён так званай Арміі паўднёвага сходу «Призрак» Аляксея Мазгавога (ён загінуў у сакавіку 2015 году у выніку падрыву ягонага аўтамабіля. — РС). А 22 траўня пачаліся жорсткія сутыкненьні паміж незаконнымі ўзброенымі фармаваньнямі і падразьдзяленьнямі Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны. Адзінае, што заставалася рабіць мясцовым уладам, — заклікаць грамадзян не панікаваць і па магчымасьці заставацца дома. На той момант невядомыя ўжо падарвалі мост між Лісічанскам і Севераданецкам і абстрэльвалі гарадзкі транспарт зь мірнымі жыхарамі.

Незаконныя ўзброеныя фармаваньні пачалі захопліваць шахты, а 25 траўня яны атрымалі дадатковую зброю. Пад кіраўніцтвам старшага сьледчага мясцовага аддзелу міліцыі Барыса Праневіча, які абвясьціў сябе начальнікам Лісічанскай міліцыі МУС «ЛНР», быў захоплены адміністрацыйны будынак Лісічанскага РАУС, а ўся зброя, боепрыпасы і спэцыяльныя сродкі былі перададзеныя незаконным фармаваньням, якія на той час ужо дзейнічалі ў горадзе.

«Расеец духам»

Барыс Праневіч нарадзіўся ў 1973 годзе ў Менску, але вельмі хутка пасьля ягонага нараджэньня бацькі пераехалі ў Лісічанск. Пасьля заканчэньня школы і мясцовага горнага тэхнікуму ён паступіў на службу ў Лісічанскі гарадзкі аддзел Ўпраўленьня Міністэрства ўнутраных спраў Украіны ў Луганскай вобласьці. Працаваў сьледчым, хоць і ня меў спэцыяльнай адукацыі — яе ён атрымаў пазьней, ужо ў часе службы.

Калегі Праневіча неахвотна распавядаюць пра свайго былога саслужыўца — Лісічанск быў вызвалены ў ліпені 2014-га, але дагэтуль застаецца ў прыфрантавой зоне. «Праз наш горад адбываюцца ратацыі, перавозяць танкі, зброю. Нам чуваць абстрэлы Крымскага і Папаснага», — кажа адна з былых супрацоўніц аддзелу кадраў Лісічанскага РАУС.

Паводле яе, Праневіч заўсёды канфліктаваў з кіраўніцтвам, але падтрымліваў добрыя стасункі з асабістым складам. «Ён някепска выконваў свае службовыя функцыі, і мы самі зьдзівіліся, калі ён так зрабіў. Яшчэ да ўсіх гэтых падзей ён часта да нас падыходзіў з пытаньнем, як хутчэй можна выйсьці на датэрміновую пэнсію. Пасьля вызваленьня Лісічанску ён пайшоў са сваімі „аднадумцамі“ ў бок Луганску. Ня ведаю, жывы ён ці не».

У новай паліцыі Лісічанску зь мінулага міліцэйскага складу нікога не засталося. Хтосьці выйшаў на пэнсію, хтосьці зьехаў, а іншыя зьмянілі пагоны на адвакацкую дзейнасьць.

«Ён амбіцыйны чалавек. Чыста рускі чалавек з рускім духам, хоць нацыянальнасьцю і беларус. Ён не прыняў дзяржаўнага перавароту, які адбыўся ў Кіеве. І пайшоў адпаведна сваім перакананьням. Але хто вам сказаў, што ён перайшоў на бок „ЛНР“? Ён быў сам па сабе», — сказаў Свабодзе Аляксей К., які зараз працуе ў Лісічанску адвакатам.

«Сьпяваў беларускія песьні пад настрой»

Былая кіраўніца аддзела кадраў Натальля Пятрэнка наагул адмовілася размаўляць аб Праневічу: «Я не хачу гаварыць пра гэтага чалавека. Ня ведаю ягонага паходжаньня, але памятаю, што ён любіў сьпяваць беларускія песьні, калі ў яго быў сьвяточны настрой».

Перад падзеямі 2014 году выканаўцам абавязкаў начальніка Лісічанскага гарадзкога аддзелу міліцыі быў прызначаны муж Натальлі, Віталь Пятрэнка. Да гэтага прызначэньня ён кіраваў сьледчым аддзелам, а Барыс Праневіч быў ягоным падначаленым. На пачатку ліпеня 2014 году, у пік дзейнасьці незаконных узброеных фармаваньняў, ён зьнік па дарозе да працы.

Як кажуць мясцовыя, Праневіч, нягледзячы на тое, што ўжо быў у «апалчэньні», дапамагаў шукаць свайго начальніка. Але цела Віталя Пятрэнкі знайшлі толькі ў верасьні — ён быў застрэлены ў патыліцу. Натальля перакананая, што яе мужа забілі ад таго, што ён не хацеў кантактаваць з сэпаратыстамі. Але Барыс Праневіч зьняпраўджваў сваю датычнасьць да ягонага зьнікненьня і забойства.

Чатыры месяцы іншага жыцьця

За чатыры месяцы акупацыі Лісічанск ператварыўся на галоўны пункт падтрымкі прарасейскіх узброеных фармаваньняў. Захопленыя шахты, усе дзяржаўныя структуры, заблякаваная трансьляцыя ўкраінскіх тэлеканалаў, буйныя прадпрыемствы парэзаныя на мэталалом, будынкі разбураныя ад абстрэлаў. У мясцовых жыхароў адбіралі аўтатранспарт, а нязгодных кідалі на «падвалы». У ліпені 2014 году горад быў вызвалены ў выніку штурму. Цяпер лінія фронту — за трыццаць кілямэтраў ад яго.

Пасьля аднаўленьня кантролю ў горадзе праваахоўныя органы Ўкраіны адкрылі крымінальную справу супраць Барыса Праневіча — яму інкрымінавалі самавольнае прысваеньне ўлады ў спалучэньні з сацыяльна небясьпечнымі дзеяньнямі (караецца штрафам, арыштам на тэрмін да 6 месяцаў або абмежаваньнем волі на тэрмін да 3 гадоў), а таксама стварэньне незаконных узброеных фармаваньняў і ўдзел у іх (караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 3 да 8 гадоў зь ці без канфіскацыі маёмасьці).

У студзені 2015 году яму выставілі падазрэньні, але ўзяць пад варту не пасьпелі — ён уцёк. Суд двойчы працягваў дзеяньне свайго рашэньня аб затрыманьні, але ў сувязі з тым, што яно ня выканана і страціла законную моц, цяпер адмовіў сьледчым у завочным арышце Праневіча.

Але справа не закрытая. Ягоная імя застаецца і ў сьпісах крымінальнага вышуку. Абвінавачаньня ў датычнасьці да забойства Віталя Пятрэнкі беларусу не выстаўлялі. Што праўда, усе судовыя рашэньні ў ягонай справе засакрэчаныя — «у мэтах нацыянальнай бясьпекі».

Зьнік бясьсьледна?

Імя Барыса Праневіча таксама ўключана ў базу цэнтру «Миротворець». Яго шукаюць як асобу, якая хаваецца ад органаў дасудовага расьсьледаваньня. Гэта адзіны інтэрнэт-рэсурс, на якім разьмешчаны фатаздымак беларуса. Ён не актыўны ў сацыяльных сетках (прынамсі пад сваім сапраўдным прозьвішчам), ягонае імя таксама адсутнічае ў інфармацыйнай прасторы так званай «Луганскай народнай рэспублікі».

Дэклярацыя аб даходах былой жонкі Праневіча
Дэклярацыя аб даходах былой жонкі Праневіча

Некаторыя ягоныя калегі не выключаюць, што Праневіч мог зьехаць у Беларусь, дзе ў яго жывуць сваякі. Ягоная былая жонка Іна разам з сынам жыве ў Севераданецку — яны разыйшліся задоўга да драматычных лісічанскіх падзей. Некаторы час яна працавала начальніцай гарадзкога ўпраўленьня юстыцыі, але звольнілася пасьля рэарганізацыі органаў юстыцыі ва Ўкраіне. Згодна з дэклярацыяй аб даходах, у 2014 годзе яна атрымала 2,4 тысячы грыўняў (цяпер гэта 100 даляраў у эквіваленце) у якасьці алімэнтаў ад былога мужа.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG