Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Савецкі Саюз — гэта фашысцкі засьценак». У Менску выдалі афіцыйны зборнік дакумэнтаў пра НКВД у Заходняй Беларусі


Зборнік дакумэнтаў «НКВД в Западной Беларуси. 1939: сентябрь — декабрь»

На 26 лістапада 1939 году ў Заходняй Беларусі арыштавалі 5845 чалавек, 89 чэкістаў уганаравалі ордэнамі за «вызваленчы паход», даклаў наркам унутраных спраў Беларусі Цанава свайму маскоўскаму начальніку Бэрыю. А прафэсар БДУ Ўладзімер Пічэта называе Савецкі Саюз «фашысцкім засьценкам, а не сацыялізмам».

Зборнік дакумэнтаў «НКВД в Западной Беларуси. 1939: сентябрь—декабрь» выдалі Дэпартамэнт архіваў і справаводзтва Міністэрства юстыцыі, Нацыянальны архіў Беларусі, Цэнтральны архіў КДБ і Фонд «Гістарычная памяць». У кнізе каля 400 старонак, 90 дакумэнтаў — бальшыня з Нацыянальнага архіву Беларусі. Аднак ёсьць і з архіваў Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі, Нацыянальнага архіву Польшчы, Службы бясьпекі Ўкраіны.

Архівы КДБ Беларусі дагэтуль засакрэчаныя, а ў суседніх Расеі і Ўкраіне адкрытыя

Зборнік дакумэнтаў «НКУС у Заходняй Беларусі» выйшаў без купюр, але толькі дзякуючы суседзям, якія пасьпелі зрабіць копіі дакумэнтаў у архівах КДБ Беларусі ў «адлігу», сьцьвярджае кіраўнік праекту, вядучы супрацоўнік аддзела публікацый Нацыянальнага архіва Беларусі Вячаслаў Селяменеў.

Вячаслаў Селяменеў
Вячаслаў Селяменеў

«На жаль, нашы калегі з цэнтральнага архіва КДБ засакрэцілі свае дакумэнты і да іх няма доступу. Але ў 1995 годзе архівы, якія тычыліся ўзьяднаньня Заходняй Беларусі, былі адкрытыя, і архіў КДБ заключыў дамову аб супрацоўніцтве з Цэнтральным архівам Польшчы. Палякі тады прыехалі і ўсе дакумэнты аб Заходняй Беларусі (і ня толькі) скапіявалі.

Нашы „чэкісты“ таксама паехалі ў Польшчу, але што браць, ня ведалі — яны ж не займаюцца дасьледчай працай. Прывезьлі нам россып дакумэнтаў, якія палічылі важнымі — польскай мовы ня ведаючы. Праўда, былі цікавыя справы чальцоў Кампартыі Заходняй Беларусі», — распавёў Вячаслаў Селяменеў.

Паводле яго, КДБ нават для гэтага зборніка даў дакумэнты з купюрамі. Добра, што палякі прадаставілі 8 дакумэнтаў, ужо апублікаваныя на польскай мове, і ўдалося аднавіць прапушчанае.

Гісторык успамінае, што калі ён быў дырэктарам Нацыянальнага архіва, то меў права рассакрэчваць дакумэнты, ні з кім не ўзгадняючы. І ў свой час Селяменеў рассакрэціў увесь партыйны архіў.

«А цяпер, каб рассакрэціць дакумэнты для гэтага зборніка, трэба было зьвяртацца ў адмысловую рэспубліканскую камісію. У Беларусі стварылі праблему на роўным месцы», — кажа архівіст.

ФСБ Расеі: у Заходняй Беларусі арыштавана і пад сьледзтвам 5845 чалавек

У зборніку апублікавана тэлеграма наркама ўнутраных спраў Цанавы наркому ўнутраных спраў СССР Бэрыю пра колькасьць арыштаваных у Заходняй Беларусі. Гэты дакумэнт прадаставіла Фэдэральная служба бясьпекі Расейскай Фэдэрацыі.

Тэлеграма Цанавы пра колькасьць рэпрэсаваных у Заходняй Беларуcі
Тэлеграма Цанавы пра колькасьць рэпрэсаваных у Заходняй Беларуcі

Па стане на 27 лістапада 1939 году ўсяго арыштаваных у Заходняй Беларусі і тых, хто знаходзіцца пад сьледзтвам, — 5845, дакладаў Цанава.

Шпіёнаў і падазраваных у шпіянажы — 1139;
агентаў паліцыі — 1009;
правакатараў — 177;
тэрырыстаў — 30,
дывэрсантаў — 36;
здраднікаў радзімы — 58.

Былі і «антысавецкія элемэнты» — 900 чалавек; а таксама 178 бандытаў; 337 паліцэйскіх і жандараў; 911 афіцэраў былой белай арміі; 36 буйных чыноўнікаў.

У Беластоку 3 чалавекам прысудзілі расстрэл, 4 — у Вялейскай вобласьці. Сотні людзей атрымалі вялікія тэрміны зьняволеньня і лягераў — ад 5 да 10 гадоў. «Тройка» на чале з Панамарэнкам за паўтара месяца падпісала 5 тысяч прысудаў.

Мапа, дзе пазначаная дэмаркацыйная лінія паміж нямецкім і савецкім войскамі
Мапа, дзе пазначаная дэмаркацыйная лінія паміж нямецкім і савецкім войскамі

Вячаслаў Селяменеў сказаў, што ўжо падрыхтаваны і неўзабаве выйдзе новы зборнік дакумэнтаў: «Захад вялікага тэрору ў Беларусі». Калі ў сярэдзіне 1938 году першым сакратаром ЦК КПБ Масква прызначыла ўкраінца Панцеляймона Панамарэнку, пачаўся спад рэпрэсій; яны яшчэ былі, але не ў такой ступені, як у 1937-м.

«Мы знайшлі дакумэнт у Расеі аб унёску Панамарэнкі ў рэпрэсіўную палітыку. Ён прыехаў у Беларусь у ліпені 1938 году, а ўжо ў верасьні была створана спэцыяльная камісія: назьбіралася шмат спраў, зьвязаных са шпіянажам і „антысавеччынай“, трэба было тэрмінова разабрацца. І „тройка“ — першы сакратар ЦК КПБ Панамарэнка, наркам НКУС Наседкін і пракурор Новік — за паўтара месяца падпісала каля 5 тысяч прысудаў. Наседкіна арыштавалі, і Панамарэнка пачаў усё рабіць, каб прыбраць сьведку Новіка», — распавёў Вячаслаў Селяменеў.

89 супрацоўнікаў НКУС узнагародзілі ордэнамі Леніна, Чырвонай Зоркі, «Знак Пашаны»

У фондах ЦК КПБ знойдзены дакумэнт аб прадстаўленьні да ўзнагарод супрацоўнікаў НКУС. Там пазначаны прозьвішчы 89 чэкістаў, якіх узнагародзілі за ўдзел у вызваленчым паходзе, прычым падрабязна апісаны ўнёсак кожнага.

Экспанаты выставы
Экспанаты выставы

Пад нумарам першым — Іван Багданаў, начальнік памежных войскаў НКУС Беларускай вайсковай акругі, ураджэнец Тамбоўскай вобласьці, зь сялянаў, — ён прадстаўлены да ордэна Леніна. Паказаў сябе «ідэалягічна ўстойлівым, маральна вытрыманым, адданым партыі Леніна — Сталіна бальшавіком-камандзірам».

Опэрсупрацоўнік Віленскай групы Піліп Прадко «дзякуючы энтузіязму і адданасьці здолеў у выключна цяжкіх умовах стварыць у кароткі тэрмін рабочую гвардыю зь сямі батальёнаў колькасьцю ў 2500 чалавек. У выніку арганізаванай ім працы ў горадзе быў хутка наведзены парадак». Прадко атрымаў за гэта ордэн Чырвонай Зоркі.

Звычайная машыністка УНКУС Беластоцкай вобласьці Рэвека Казакевіч прадстаўлена да ордэна «Знак Пашаны» — «дысцыплінаваная, працалюбівая, сумленная работніца; працуе, ня лічачыся з часам і здароўем».

«Рэпрэсіямі мы давялі Чырвоную армію да ручкі»

У зборніку шмат аналітычных матэрыялаў, у якіх адлюстроўвалася стаўленьне да ўводу Чырвонай арміі на тэрыторыю Заходняй Беларусі і настроі насельніцтва. Тэрыторыя гэта была шматнацыянальнай: беларусы, палякі, габрэі, літоўцы.

Ліст, напісаны на насоўцы зьняволеным Беластоцкай турмы
Ліст, напісаны на насоўцы зьняволеным Беластоцкай турмы

«Калі беларусы ўрачыста і радасна сустрэлі „вызвольную армію“, то большасьць палякаў заняла антысавецкія пазыцыі, пачаўся супраціў. Было шмат эмігрантаў, якія некалі ўцяклі з Расеі ў Польшчу, і яны таксама былі па-антасавецку настроеныя. Раней шматнацыянальны склад нідзе ў публікацыях не фігураваў», — зазначае Вячаслаў Селяменеў.

Шмат дакумэнтаў — пра стан вайсковых частак, якія ўдзельнічалі ў вызваленчым паходзе, пра маральны стан вайскоўцаў. Публікуюцца дакладныя запіскі асобага аддзелу НКУС Беларускага фронту.

«Карціна вельмі непрыглядная. Пра гэта ніколі не казалі. Палову арміі набралі з запасу, карціна была страшная. Дзякуй Богу, што не было сур’ёзных ваенных дзеяньняў, былі толькі асобныя сутычкі з польскай арміяй. І праз паўтара года, у чэрвені 1941-га, усе памылкі і заганы 1939 году не былі выпраўленыя. Пра гэта раней не казалі, але пытаньне гэтае неабходна вывучаць менавіта ў межах прычын паразы і вялікіх людзкіх страт у 1941 годзе.

Экспанаты выставы
Экспанаты выставы

А вось масавыя рэпрэсіі 1937 году вельмі сумна адбіліся на стане арміі. Рэпрэсіямі мы давялі да ручкі армію. Так што, спадзяюся, нашы публікацыі дапамогуць навукоўцам, гісторыкам», — перакананы архівіст Вячаслаў Селяменеў.

Акадэмік Уладзімер Пічэта: «Я з палітыкай савецкай улады ня згодны. Паўсюль хамы»

Апублікавана дакладная запіска Лаўрэнція Цанавы першаму сакратару ЦК КП(б)Б П. К. Панамарэнку аб поглядах прафэсара Белдзяржунівэрсытэту Ўладзімера Пічэты ў пытаньні вызваленьня Заходняй Беларусі.

Гісторык Уладзімер Пічэта быў першым рэктарам Белдзяржунівэрсытэту, адным з арганізатараў Інбелкульту, заснавальнікам беларускай гістарычнай навукі. У 1930 годзе быў арыштаваны і высланы ў Вятку, пазбаўлены званьня акадэміка. У 1935-м ягоная справа была перагледжана, Пічэту датэрмінова вызвалілі. Працаваў у Інстытуце гісторыі Беларусі і Маскоўскім дзяржаўным унівэрсытэце. У 1939 годзе быў выбраны членам-карэспандэнтам Акадэміі навук Беларусі.

Экспанаты выставы
Экспанаты выставы

Наркам Цанава піша, што на Ўладзімера Пічэту паступілі «кампрамэтуючыя матэрыялы, што сьведчаць аб непрымальных, варожых адносінах да існуючага ладу».

Нібыта 14 лістапада 1939 году прафэсар Пічэта вяртаўся з Масквы і сярод сваіх знаёмых распаўсюджваў «правакацыйныя чуткі, што празь няўменьне Чырвонай Арміі пры заняцьці Заходняй Беларусі было зроблена шмат памылак».

Экспанаты выставы
Экспанаты выставы

Цанава таксама падкрэсьлівае, што Пічэта некалькі разоў паўтарыў фразу: «Не, Польшча ня зьнішчаная, невядома, што будзе».

Далей Пічэта нібыта выказваў «вельмі азлобленыя антысавецкія настроі»: «Я з палітыкай савецкай улады ня згодны і ніколі не пагаджуся і трываць яе (уладу) не магу. Паўсюль хамы і больш нічога. Савецкі Саюз — гэта фашысцкі засьценак, а не сацыялізм. Усё, што пішуць у газэтах — самахвальства і ідыятызм», — піша Цанава.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG