Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нячысьцікі на Каменнай Горцы, Міндоўг і нацысты. 13 беларускіх кніжных навінак гэтай восені


Чатыры беларускія выдавецтвы — «Галіяфы», «Коска», «Логвінаў» і «Янушкевіч» — падзяліліся са Свабодай плянамі на восень 2019 году. Усе гэтыя кнігі павінны зьявіцца ў кнігарнях да канца лістапада.

Мастацкая літаратура

«Кэмэл-Трэвэл». Вольга Гапеева. «Галіяфы»

Наватарскі раман Вольгі Гапеевай «Кэмэл-Трэвэл» апісвае сусьвет, дзе суіснавалі некалькі рэчаіснасьцяў, гімнаў, сталіцаў, ідэнтычнасьцяў. На гэтым фоне разгортваюцца першыя жыцьцёвыя прыгоды галоўнай гераіні, далёкай ад ідэалізацыі былых часоў, ад настальгіі.

Гэты раман — гісторыя чалавечай крохкасьці і даверу ў эпоху жуды і дэфіцыту ня толькі прадуктаў, але і пачуцьцяў.

«Рысы. Нарысы пра творцаў». Адам Глёбус. «Логвінаў»

Арлен Кашкурэвіч, Людміла Русава, Уладзімер Караткевіч, Тацяна Сапач, Міхал Анемпадыстаў... У новай кнізе Адама Глобуса «Рысы» сабраныя партрэты майстроў літаратуры і мастацтва. Іх добра ведае аўтар, таму чытач убачыць шмат асабістага і кранальнага.

Суб’ектывізм Глёбуса можа падацца катэгарычным, але яго кампэнсуе шчырасьць і праўдзівая любасьць да апісаных творцаў.

«Арнамэнты». Аліна Длатоўская. «Янушкевіч»

Другая кніга пісьменьніцы, якая гучна заявіла пра сябе два гады таму, напісана ў жанры «гарадзкога фэнтэзі».

Вёскі паступова выміраюць. І ня толькі людзі перабіраюцца ў гарады. У Менску зьяўляюцца нячысьцікі: у Купалаўскім сквэры Лясун вымушае блукаць тых, хто не даносіць да сьметніцы недакуркі, на гарадзкім возеры Вадзянік цягне ў глыбіню тых, хто купаецца пасьля Перуновага дня, а на Каменнай Горцы менчукоў прымушае вар’яцець каціны кароль Варгін...

Аднак зьявіцца той, хто аб’яднае нячысьцікаў агульнай мэтай: паказаць людзям, хто мусіць валадарыць на гэтай зямлі.

«Альбом для цёткі Марылі». Марыя Вайцяшонак. «Логвінаў»

Марыя Вайцяшонак — пісьменьніца і паэтка, аўтарка дзесяці кніг публіцыстыкі, казак, мастацкай прозы і паэзіі.

У кнізе выбраных твораў сабраныя ўзоры яе арыгінальнай прозы і паэзіі. Чытач знойдзе тут сардэчны прытул і спагаду, а таксама злагаду і людскую гасьціннасьць — крэўную памяць бацькаўшчыны.

«Калядны стол». Зараслава Камінская. «Галіяфы»

Калі гэта не кулінарная кніга, дык якая? Гэта кніга пра вас і пра тое, што вы ўзгадаеце, пакуль будзеце яе чытаць. Любімыя стравы, забытыя мясьціны і людзі, зь якімі вы дзялілі ежу і сваё жыцьцё. Што вы любілі есьці, калі былі маленькімі? Хто для вас гатаваў калісьці і для каго вы гатуеце цяпер? Што вы елі апошнім разам, калі пачуваліся шчасьлівым?

Калі вы ня можаце ўзгадаць ніводнай гісторыі, пачніце чытаць, і ўспаміны зьявяцца над гэтымі старонкамі, нібыта пара над гарачым рондлем.

Пераклады

«Пячора». Жазэ Сарамагу. «Янушкевіч»

Раман знакамітага партугальскага пісьменьніка, ляўрэата Нобэлеўскай прэміі 1998 году Жузэ (часам трансьлітаруюць як Жазэ) Сарамагу (1922–2010). У творы ён зьвярнуўся да міту аб пячоры Плятона.

Сям’я вясковых ганчароў прадае свой посуд у аграмадным Цэнтры, дзе людзі жывуць, працуюць, ходзяць у крамы. Але іхныя вырабы не патрэбныя ў горадзе — посуд перасталі купляць. Хутка і ганчары становяцца жыхарамі Цэнтра. Пераезд памяняе жыцьцё цэлай сям’і.

Сарамагу зарэкамэндаваў сябе як творчы ды іранічны апавядальнік. Пэсымістычны і сур’ёзны, ясны і элегантны — так, паводле брытанскай газэты The Independent, можна ахарактарызаваць стыль партугальскага пісьменьніка.

На беларускую мову кнігу пераклала Галіна Мітраховіч.

«Крэўныя браты». Пэтэр Мілчак. «Логвінаў»

Зборнік вершаў у прозе славацкага паэта Пэтэра Мілчака. Дасьціпныя тэксты-прыпавесьці пра Караля і Віктара маюць некалькі сэмантычных пластоў і поўняцца чароўнымі пераўтварэньнямі й мэтафарамі.

Кніга дапамагае зірнуць на сьвет скрозь люстра дзіцячай непасрэднасьці і прыкмеціць тое, што звычайна не заўважаецца. Мастацкую завершанасьць выданьню надаюць ілюстрацыі Якуба Мілчака.

Са славацкай пераклала Сьвятлана Богуш.

«Вядзьмар. Апошняе жаданьне». Анджэй Сапкоўскі. «Янушкевіч»

«Апошняе жаданьне» — першая кніга цыклю «Вядзьмар» славутага польскага пісьменьніка Анджэя Сапкоўскага, якая складаецца з сямі навэляў. Чытач пазнаёміцца з майстрам меча Геральтам з Рывіі, які вядзе бесьперапынную вайну з жахлівымі монстрамі і нячысьцікамі. У гэтым наканаваньне ведзьмара — ахоўваць спакой чароўных краін ад злых сілаў. Вы ў сьвеце, населеным эльфамі і гномамі, ваўкалакамі і цмокамі і, зразумела, звычайнымі людзьмі — з усімі іхнымі жарсьцямі, заганамі і цнотамі.

Сага Анджэя Сапкоўскага пра ведзьмара Геральта — адзін з найлепшых узораў літаратуры ў жанры фэнтэзі. Яго героі даўно сталі культавымі пэрсанажамі сярод чытачоў ува ўсім сьвеце.

Для дзяцей

«Маё шчасьлівае жыцьцё», Роўз Лягеркранц і Эва Эрыксан. Выдавецтва «Коска»

Першая кніга з сэрыі пра дзяўчынку Дзюнэ і яе сяброў. Дзюнэ — самая шчасьлівая дзяўчынка ў сьвеце. Асабліва калі ідзе ў школу.

Як цудоўна ўсё пачынаецца! У Дзюнэ зьяўляецца сяброўка. Але здараецца штосьці, чаго Дзюнэ не чакае. А пасьля яшчэ і яшчэ...

Пераклад са швэдзкай Надзі Кандрусевіч

«Зьвяры, якіх ніхто ня бачыў, апроч нас», Ульф Старк і Лінда Бундэстам, «Коска».

Кніга вясёлых філязофскіх вершаў швэдзкага дзіцячага пісьменьніка Ульфа Старка праілюстраваная вядомай фінскай мастачкай Ліндай Бундэстам.

«Зьвяры зачароўваюць, бо пазнаеш у іх сябе і іншых. Гэта нашыя ўнутраныя зьвяры — існасьці, нашыя адчуваньні, настроі, характары. Аўтар нікога зь іх не асуджае, але вучыць нас заўважаць усю гэтую разнастайнасьць, вучыць эмпатыі і спагадзе», — гаворыць перакладніца кнігі са швэдзкай Алеся Башарымава.

Таямнiца гары Мiндоўга. Міхась Зізюк. «Галіяфы»

Ігнат, Стась, Мікіта і Юля — неразлучныя сябры. Разам з настаўнікам яны выпраўляюцца ў цікавае падарожжа, спазнаюць знакамітыя мясьціны наваградзкай зямлі, спрабуюць разгадаць сакрэт гары Міндоўга.

Куды прывядуць верных сяброў пошукі, пра што яны даведаюцца, дзе змогуць пабываць — аб усім гэтым і ня толькі. Для сярэдняга школьнага ўзросту.

Прыгоды Пінокіё. Карлё Калёдзі. «Галіяфы»

Гэта адна з самых вядомых у сьвеце гісторыяў для дзяцей, яе пераклалі на дзясяткі моваў і чытаюць на розных кантынэнтах. Майстар Джэпэта выразаў марыянэтку — драўляную ляльку і даў ёй імя Пінокіё. Той мог рухацца і размаўляць, ад пачатку нарабіў клопату ўсім навокал.

Гарэзьлівы, непаслухмяны і ўпарты, ён трапляе ў непрыемныя сытуацыі, якія звычайна заканчваюцца кепска для яго. Маленькі чалавечак праходзіць доўгі і складаны шлях сталеньня і ўрэшце зьмяняецца, робіцца станоўчым героем.

Гісторыя

«Аграрная палітыка нацыстаў у Заходняй Беларусі. Плянаваньне. Забесьпячэньне. Ажыцьцяўленьне (1941-1944 гг.)». Сьвятлана Казлова. «Янушкевіч»

У 1939 г. тэрыторыя Заходняй Беларусі ўвайшла ў склад СССР. Частка яе насельніцтва спачатку станоўча сустрэла савецкую аграрную рэформу і ліквідацыю польскага асадніцтва, бо ў выніку сялянам Заходняй Беларусі было перададзена 430 тыс. га зямлі былых польскіх маёнткаў. Але неўзабаве савецкая ўлада пачала прымусовую калектывізацыю сельскай гаспадаркі. Як сьведчаць матэрыялы НКВД, настроі сялянства Заходняй Беларусі былі яўна не на карысьць савецкай калгаснай сыстэмы. Гэтыя чыньнікі былі ўлічаныя пазьней нацыстамі і зрабілі моцны ўплыў на іхныя эканамічныя захады ў сельскай гаспадарцы Заходняй Беларусі.

У манаграфіі на падставе багатага корпусу архіўных крыніцаў, якія ўпершыню ўводзяцца ў навуковае абарачэньне, усебакова прааналізаваная аграрная палітыка нацыстаў на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў 1941–1944 гг.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG