Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Жыцьцё і сьмерць — і больш нічога». Філязофія Леаніда Дайнекі


Леанід Дайнека

«Рым заснаваны ў 753 годзе да н. э. А ў беларускай вёсцы Зьмітраўка-2 знайшлі абломкі керамікі, якой людзі карысталіся яшчэ 4 тысячы гадоў назад, — калі Рыму не было і ў паміне. У свой час гэты факт так уразіў маленькага зьмітраўчаніна Лявона, што цяпер мы маем цудоўнага пісьменьніка Леаніда Дайнеку».

Гэта пачатак тэксту «Клятва на беразе возера Сьвіцязь», надрукавагага ў 2013 годзе ў часопісе «Верасень». Тады я першы і адзіны раз сустрэлася з Леанідам Дайнекам, каб даведацца пра ягоныя «ўлазіны» ў літаратуру. Ён быў вясёлы, калі згадваў службу на Ўрале, тусоўкі ў «Чырвонай зьмене» (газэта, якая стала трамплінам для шасьцідзясятнікаў; цяпер яе як культпляцоўку можна параўнаць з кнігарняй «Ў»). І ўсхадзіўся без цэнзуры, калі размова зайшла пра сучасны стан літаратуры.

Пісьменьнік ператварыўся ў істоту трэцяга гатунку

«Канешне, ні ў якое параўнаньне не ідзе сёньняшні мізэрны, жабрацкі, зьневажальны ганарар з тым, што было раней. Пісьменьнік ператварыўся ў істоту нават не другога, а трэцяга гатунку. Улады не падтрымліваюць творчых людзей, хаця павінны б былі, бо менавіта мы дбаем пра беларускую дзяржаўнасьць, народ, культуру. Мы ж не аднекуль з Марса — мы з гэтых палёў і сьцежак. Калі я надрукаваў першую частку раману „Меч князя Вячкі“ ў часопісе „Маладосьць“, празь месяц атрымаў ганарар, на палову якога купіў будаўнічых матэрыялаў на цэлы дом… А ў 2010 годзе ў сэрыі „Школьная бібліятэка“ быў перавыдадзены мой раман „Жалезныя жалуды“ накладам 21 тысяча экзэмпляраў. Заплацілі два мільёны сто тысяч рублёў. Проста зьдзек. Які там дом! На гэты ганарар маёй таксе корму ня купіш».

І ў 29 гадоў ён найбольш цаніў рэальнае жыцьцё

Магчыма, гэты фрагмэнт ня самы ўзьнёслы для тэксту, напісанага пасьля разьвітаньня са спадаром Леанідам. Але ў тым і справа, што аўтар культавых гістарычных раманаў «Меч князя Вячкі», «Жалезныя жалуды», «Сьлед ваўкалака» ня быў эфэмэрнай творчай адзінкай. Калі вы разгорнеце самую першую кнігу Леаніда Дайнекі, паэтычны зборнік «Галасы» 1969 году, убачыце, што і ў 29 гадоў ён найбольш цаніў рэальнае жыцьцё: матэрыяльнае, грубае, дзейнае, у якім ёсьць месца ўсяму — цёпламу дотыку рукі, ляскату мэталю, цалкам адчувальным, а не паэтычна-вобразным, холаду, сьпёцы, смазе. У яго няма «кніжных» вершаў. Ён занатоўваў рэчыўнае, цялеснае, прыроднае. Гучаць тыя, юначыя творы, з запалам, які можна параўнаць хіба з настроем маладнякоўцаў 20-х гадоў. З гадамі погляд на сьвет не зьмяніўся. Інтанацыі сталі іншымі: дадалося суму, часам — лірычнасьці, але найбольш — публіцыстычнага гневу.

Усё гэта зьмяшчаецца ў два радкі:

Не філязофствуй багата.
Жыцьцё грубей і прасьцей.

Маеш думку — кажы максымальна проста

Як пісьменьнік ён трымаўся таго ж прынцыпу: маеш думку — кажы максымальна проста. Бываў ён і грубы. І як паэт, і як празаік. Ён паклаў літаратурнае жыцьцё на тое, каб пісаць пра беларусаў, вывесьці іх з ганебнай «тутэйшасьці», давесьці каштоўнасьць волі. У нататках Леанід Дайнека шмат пісаў якраз пра гэта — пра волю, і быў засмучаны, што так яе й не дасягнуў. Абсалютна дарма, як мне падаецца. У выказваньнях, у думцы Леанід Дайнека быў вольны, як мала хто можа сабе дазволіць. Не было ў яго гэтых прыкрых аглядак на суседа, «а што людзі скажуць», не баяўся пакрыўдзіць (але й наўмысна гэтага не рабіў). Усё ляжыць на паверхні ў «герадоцінках», у аўтабіяграфічнай аповесьці «Сын ільва, дачка Зэўса — Леанід і Зінаіда» (2017), але найболей — у рамане «Ілоты» (2015). Пра гэтыя тэксты як быццам мала хто ведае. Для пераважнай большасьці Леанід Дайнека застаўся аўтарам гістарычных раманаў. Але яны, тэксты апошніх гадоў, найбольш выразна паказваюць пазыцыю пісьменьніка датычна сучаснасьці, распавядаюць пра яго самога.

Праграмны верш з 1960-х застаўся актуальным да канца:

Не вучы нас, жыцьцё,
Ваяваць з ветракамі,
Ваяваць з ветракамі
Мы умеем і самі.
Навучы нас, жыцьцё,
Без ніякай падказкі
Бачыць ворага твар
Праз усякія маскі.

У тэкстах Леаніда Дайнекі заўжды ёсьць «вораг»: тэўтоны, савецкая ўлада, забыцьцё, хібы чалавечай натуры… Яму абавязкова трэба некаму процістаяць. Нават любоў яму патрэбная, каб з ёй ісьці ў бой «у суровы грозны час».

Леанід Дайнека з жонкай Зінаідай
Леанід Дайнека з жонкай Зінаідай
Дайнека ведаў, пра што пісаў

Адзін папулярны аўтар новай генэрацыі жаліўся, што белліту не хапае яркага маскуліннага героя. Як у Джэка Лондана. Але герой гэты даўно ёсьць. Нават болей: ён быў галоўным ад літаратуры часоў вайны і да 1990-х, да спаду адраджэнскай хвалі. У знакамітых раманах Леаніда Дайнекі — таксама. І Дайнека ведаў, пра што пісаў: ён, вядома, з тэўтонамі не ваяваў, але служыў за Ўралам, прастойваў ночы на каравульных вышках зімой пасярод тайгі, працаваў на будоўлях і — мой улюбёны факт — працаваў на мэталюргічным камбінаце ў Ніжнім Тагіле. Уласна таму ў яго рамантычна-дужыя героі і выходзілі пераканаўчымі, і ягоная бескампраміснасьць выглядала натуральнай, сымпатычнай. (У папулярнага аўтара новай генэрацыі «маскулінны герой» выйшаў кволым тугадумам.)

Нацыі патрэбныя міты

Леанід Дайнека захапляўся Старажытнай Грэцыяй. Калі не сказаць — быў у яе закаханы. Яна гэтак жа сьпявала гімн плоцеваму, яна любіла ежу, віно, прыгажосьць і сілу цела. Старажытны грэк (ідэальны, канечне) — вольналюбівы, сьмелы, рашучы, верны сабе, і нават багоў ён стварыў «у адваротным парадку» — па сваім узоры. Такога чалавека любіў Леанід Дайнека. І мне думаецца, зварот пісьменьніка да гістарычнага раману ў 1980-я гады тлумачыцца ня толькі ўсьведамленьнем, што нацыі патрэбныя міты; яму самому быў патрэбны герой.

Займаць і прыносіць радасьць

У час той самай размовы ў 2013 годзе спадар Леанід сказаў, што пераломным момантам для яго стала знаёмства з кнігамі Янкі Маўра. Прачытаў, зусім малы, «У краіне райскай птушкі», і «зьявілася жаданьне таксама прыдумваць займальныя гісторыі, каб прыносіць людзям радасьць». Гэта найлепшае азначэньне творчасьці Леаніда Дайнекі: займаць і прыносіць радасьць. Не павучаць, не пераробліваць на свой капыл, не даводзіць адзіную правільную ідэалёгію. І менавіта за гэта, а не за «зварот у беларушчыну», яго так любілі. І цяпер любяць, што бачна па камэнтарыях да жалобнай навіны.

Раман «Сьлед ваўкалака» (1988)
Раман «Сьлед ваўкалака» (1988)

Людзі — далёкія ад сучбелліту, рускамоўныя — згадвалі, як чыталі «Меч князя Вячкі» (найчасьцей) і іншыя гістарычныя раманы Леаніда Дайнекі. Чыталі яшчэ ў дзяцінстве ці ў студэнцкія гады, згадвалі — зь вялікай цеплынёй. Не таму што пра сваё, нацыянальнае. Проста таму што кніжкі — клясныя.

Леанід Дайнека стаў пасьлядоўнікам Караткевіча

Леанід Дайнека ніколі асабліва не дбаў пра тое, як бы некаму дагадзіць, апрача чытача. Чытач заўжды варты добрай гісторыі, безумоўна. Але пры гэтым — і тут я стаўлю клічнікі — не займаўся халтурай. Ён выдаваў кнігі больш удалыя, менш удалыя, але над кожнай працаваў сумленна, не карыстаючыся легкавернасьцю масавага чытача. І менавіта таму яго любіць і масавы чытач, і, скажам так, нацыянальна арыентаваны. Першы — за цудоўную гісторыю, за падораную фантазію, за час, калі ты сам рабіўся героем. Другі — за тое, што «прывёў да беларушчыны». Леанід Дайнека стаў пасьлядоўнікам Караткевіча ня толькі як аўтар гістарычных раманаў, але як пісьменьнік, які рабіў з «тутэйшых» — беларусаў.

Пытаньне мовы для самога Леаніда Дайнекі вырашылася ў 1968 годзе, падчас нарады маладых пісьменьнікаў на возеры Сьвіцязь. Менавіта там малады паэт даў сабе клятву перайсьці выключна на беларускую мову. На той час у выдавецтве «Беларусь» ужо была падрыхтаваная першая кніга «Голоса»; пасьля Сьвіцязі Леанід Дайнека літаральна за месяц напісаў новую кнігу, па-беларуску.

Рэдка каму ўдавалася літаральна ўжыцца ў жаночую сьвядомасьць

Проза пачалася для яго ў 36 гадоў. У самым першым зборніку апавяданьняў «Бацькава крыніца» Леанід Дайнека балянсаваў паміж вясковай традыцыяй белліту і экзыстэнцыялізмам. Адны апавяданьні — тыповае «сена на асфальце», іншыя — даволі жорсткая прэпарацыя чалавечай душы. Аднак вось што ўразіла найбольш: як тонка, як дакладна ён разумее жанчыну. Многія аўтары-мужчыны пісалі пра жанчыну з павагай, і пашанай, і любоўю, і г.д. Але рэдка каму ўдавалася літаральна ўжыцца ў жаночую сьвядомасьць. У гістарычных раманах гэты талент Леаніда Дайнекі мала заўважны, пакладзены ў ахвяру гераічнаму патасу. А вось у апавяданьнях, нават самых раньніх, у лірыцы, у згаданым ужо рамане «Ілоты» ён піша ад імя жанчыны і пра жанчыну так трапна, што, бывае, пачуваесься засьпетай зьнянацку. Такое ж адчуваньне ў мяне выклікаў толькі адзін аўтар — Вячаслаў Адамчык.

У раманах Леаніда Дайнекі чытаецца ня толькі гісторыя

…У самым вядомым і любімым чытачамі рамане Леаніда Дайнекі «Меч князя Вячкі» ёсьць адзін герой, якога можна лічыць у пэўнай ступені аўтапартрэтам пісьменьніка. Гэта летапісец Клімята, колішні дружыньнік. Леанід Дайнека таксама перш як сесьці за пісьмовы стол паспытаў жыцьця. А потым, як летапісец, сьведчыў пра Беларусь. Але ня толькі легендарную. Міжволі ён занатаваў больш. Паміж радкоў прамаўляе час, калі раман пісаўся. Калі пачыналася новае беларускае Адраджэньне, калі на Дзядах чытаў вершы Анатоль Сыс, калі «Тутэйшыя» выбудоўвалі сваё Вялікае Княства Паэзіі. У раманах Леаніда Дайнекі чытаецца ня толькі гісторыя князёў Усяслава, Міндоўга, Ізяслава — чытаецца неабходнасьць беларусаў у самавызначэньні, чытаецца прага ведаць, адкуль мы, хто мы, а галоўнае — куды ідзем. Мы ўсё яшчэ ідзем, і «Паязджане» Купалы не губляюць актуальнасьці (нават ня ведаю, у чым тут справа — у прарочым зроку Купалы ці ў нашай нягегласьці). Не губляе актуальнасьці і гістарычны раман як зьява, як надзённая патрэба.

Урэшце рэшт, Леанід Дайнека занатаваў самога сябе. І якраз тут гістарычны раман саступае: галоўнай робіцца лірыка. Паўвеку таму ён распавёў пра сябе як пра вандроўніка, які мусіць вярнуцца на Радзіму, не можа не вярнуцца. Гэта была паэма «Ключ».

Там жа ён сказаў наступнае:

Усім прыходзіць час мудрэць
І разумець душою строгай,
Што ёсьць у нас жыцьцё і сьмерць —
І больш нічога, больш нічога.

Наста Грышчук

«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Меркаваньні перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG