Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Парушыцца права вучыцца па-расейску», — чыноўнікі пра прапановы па беларусізацыі адукацыі


Білборд ТБМ у Гомлі

Восем жыхароў 535-тысячнага Гомля адгукнуліся на рэкляму беларускамоўнай адукацыі, якую Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны ўлетку разьмясьціла рэкляму ў гарадзкіх​ тралейбусах і на білбордзе Гомля.

Яўген Якавенка
Яўген Якавенка

«Вынікі дастаткова сьціплыя — зрэагавалі восем чалавек, зацікаўленых беларускамоўным навучаньнем. Яны выйшлі з намі на сувязь, запоўнілі анкету, пазначылі, што зацікаўленыя вучыць сваіх дзяцей па-беларуску», — кажа старшыня мясцовай філіі ТБМ Яўген Якавенка.

Раней ТБМ дамаглося стварэньня пры аддзеле адукацыі асобнай чаргі для бацькоў, якія хочуць, каб іх дзяцей вучылі і выхоўвалі па-беларуску. Меркавалася, што падчас запісу на навучаньне чыноўнікі будуць падкрэсьліваць, што ёсьць магчымасьць запісацца ў беларускамоўную групу. У выніку, паводле зьвестак аддзелу адукацыі, летась запісаліся ўсяго два чалавекі.

Сёлета актывісты ТБМ вырашылі паспрабаваць самі выйсьці на людзей, якія акурат рэгіструюць дзяцей для запісу ў школу ці дзіцячы садок, каб заахвоціць іх ісьці ў беларускамоўныя школы і клясы.

З улікам вельмі сьціплага бюджэту было некалькі захадаў: рэкляма ў сацыяльных сетках, таксама замовілі рэкляму ў тралейбусах і білборд у цэнтры гораду з заклікам запісвацца ў беларускамоўныя клясы і кантактнымі тэлефонамі ТБМ. Ён правісеў крыху больш за месяц.


Каб арганізаваць беларускамоўную групу у садку, у чарзе мусяць стаяць запар мінімум 20 сем’яў

Школьнікі, якія вучацца па-беларуску ў Гомельскай вобласьці. Інфаграфіка
Школьнікі, якія вучацца па-беларуску ў Гомельскай вобласьці. Інфаграфіка

Паводле Яўгена Якавенкі, у гомельскіх садках і школах па-ранейшаму практычна няма групаў і клясаў з адукацыяй па-беларуску: толькі ў адным садку набіраюць беларускамоўную групу раз на чатыры гады і ў гімназіі № 36 — адну першую клясу.

«Чыноўнікі, тлумачачы, чаму яны ня могуць арганізаваць беларускамоўную групу ці клясу, казалі, што ёсьць чарга, і калі яны арганізуюць беларускамоўную групу для 1-3 дзетак, то астатнія ў чарзе будуць вымушаныя запісацца ў гэтую групу — адпаведна парушыцца іх права атрымліваць адукацыю на расейскай мове», — пераказвае актывіст ТБМ Яўген Якавенка.

У аддзеле адукацыі актывістам кажуць, што каб арганізаваць беларускамоўную групу, трэба, каб у чарзе ў адзін садок стаялі запар мінімум 20 сем’яў. На думку Якавенкі, гэта некарэктная лічба, бо 20 — гэта максымум паводле санітарных нормаў для групы, а ня мінімум, як сьцьвярджаюць чыноўнікі. Да таго ж, «каб дваццаць сем’яў сталі запар у чаргу — гэта абсалютна неверагодна», дадае актывіст.

Якавенка перакананы, што калі б чыноўнікі і дзяржава былі зацікаўленыя ў беларускамоўнай адукацыі, «можна было б лёгка сабраць прынамсі па адной беларускамоўнай клясе ў кожным раёне». ТБМ накіравала ў Міністэрства адукацыі прапановы, якія спрыялі б зьменам да лепшага ў беларускамоўнай адукацыі ў Гомлі. Адказу актывісты пакуль не атрымалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG