Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская альпіністка загінула ў гарах на мяжы Італіі і Швайцарыі


Гара Матэргорн, архіўнае фота
Гара Матэргорн, архіўнае фота

На гары Матэргорн, што на мяжы Швайцарыі і Італіі, 20 жніўня загінула грамадзянка Беларусі, 33-гадовая Кацярына Кліманская, піша італьянскае выданьне Il Мessaggero.

Загінулая была добра трэніраваная і падрыхтаваная, ішла з дасьведчаным сябрам-альпіністам з Украіны, які не пацярпеў. Выданьне агучвае вэрсію, што жанчына магла памерці ад хваробы.

Уздымацца на гару яны пачалі ўдзень, каля 5 гадзінаў вечара прыйшлі на падножжа праходу.

«Я падняўся наверх, але яна засталася ўнізе, яна стамілася, — расказаў ейны напарнік. — Спачатку я паслаў уніз канец вяроўкі. Яна не змагла падняцца, таму я падымаў яе. Яна была выматаная, сказала, што зьнясілілася. Упала на зямлю і не рэагавала».

Мужчына сьцьвярджае, што пайшоў шукаць дапамогі, але не знайшоў нікога і не атрымаў адказу па рацыі, а калі вярнуўся, жанчына ўжо была нежывая. Толькі бліжэй да ночы яму ўдалося зьвязацца з ратавальнікамі, і тыя прыбылі раніцай.

Цела жанчыны даставілі на верталёце ў італьянскі горад Чэрвінію, цяпер справай займаецца паліцыя. Судовыя мэдычныя экспэрты правяраюць цела жанчыны, каб пацьвердзіць або абвергнуць дапушчэньне наконт хваробы.

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG