Лінкі ўнівэрсальнага доступу

100 злачынстваў, 20 забойстваў. Распавядаем пра банду Марозава, самых жорсткіх крымінальнікаў Беларусі


копія вядомага пісталета Макарава, якую канфіскавалі пры затрыманьні ў аднаго з былых ўдзельнікаў банды «марозаўцаў» Аляксандра Хохава
копія вядомага пісталета Макарава, якую канфіскавалі пры затрыманьні ў аднаго з былых ўдзельнікаў банды «марозаўцаў» Аляксандра Хохава

На іх больш за 100 злачынстваў, у тым ліку 20 забойстваў і 4 замахі на забойства, рэкецірства, захопы закладнікаў, падпалы кіёскаў і дамоў прадпрымальнікаў, якія адмаўляліся плаціць даніну, згвалтаваньні. Арганізаваная групоўка, якая трымала ў страху бізнэсоўцаў Гомля зь сярэдзіны 1990-х да сярэдзіны нулявых гадоў, атрымала назву «банда Марозава» — ад прозьвішча яе верхавода Сяргея Марозава.

Гісторыя банды, якая зарабляла мільён даляраў за месяц

Банда Марозава ўзьнікла ў раёне заводу «Гомсельмаш» на пачатку 1990-х і хутка падпарадкавала сабе ўсе іншыя злачынныя групы Гомля, у тым ліку «пажарнікаў». У банду рэкеціраў уваходзілі каля 50 чалавек. Кіраваў ёю Сяргей Марозаў, які, паводле сьледзтва, адзначыўся асаблівай жорсткасьцю. Асноўнай крыніцай прыбыткаў «марозаўцаў» стала рэкецірства. Па розных ацэнках, у месяц зараблялі да мільёна даляраў. Адметнасьцю сталі трывалыя сувязі з праваахоўнікамі, у тым ліку высокапастаўленымі, якія за грошы пакрывалі злачынцаў. З прычыны гэтай дапамогі дзейнасьць банды спынілі толькі ў сярэдзіне 2000-х гадоў.

Спачатку над марозаўцамі прайшлі два суды, у 2006 і 2007 гадах, а ўсяго з таго часу набралася ўжо 5 працэсаў над чальцамі групоўкі, ня лічачы судоў над памочнікамі-міліцыянтамі. Калі затрыманага на пачатку ліпеня ва Ўладзівастоку Сяргея Дзербянёва ўсё ж аддадуць пад суд у Беларусі, гэты працэс будзе шосты.

Літровая пляшка гарэлкі «Зьвер» і пісталет

Уладзімер Ганчароў маладосьць і здароўе аддаў прадпрыемству «Гомсельмаш». Пачынаў з рабочага. Скончыў Вышэйшую партыйную школу. Займаў пасады ў парткаме заводу, быў памочнікам генэральнага дырэктара. Жонка, дзеці, уладкаваны быт.

Малодшая дачка Аксана ў 1994 годзе выйшла замуж за міліцыянта Сяргея Сільчанкова. Увесну 1995-га маладая сям’я чакала дзіця. Таты дзяўчынка так і ня ўбачыла. Яго забілі марозаўцы 29 красавіка 1995 году. У дакумэнтах крымінальнай справы пазначана: «Забойства ў сувязі з выкананьнем Сяргеем Сільчанковым службовых абавязкаў у ахове грамадзкага парадку».

Уладзімер Ганчароў
Уладзімер Ганчароў

«У тую ноч я быў на лецішчы. Ранкам мяне выклікалі ў міліцыю. Там даведаўся, што Сяргея забілі. Ён быў у сябра, рамантавалі аўтамабіль дапазна. Сяргей спахапіўся, што няма грошай на таксі, каб ехаць дахаты. Сябар, зь ягоных слоў, пайшоў у кватэру па грошы. У гэты момант і здарылася забойства. Суседзі чулі, як пад’яжджаў аўтамабіль. Адна жанчына чула крык: «Мачы мянта!» — расказвае Ўладзімер Ганчароў.

Літаральна назаўтра міліцыя дала справаздачу, што забойства раскрытае. На стадыёне знайшлі мёртвым раней судзімага Алега Гурына. Каля яго — парожнюю літровую бутэльку ад гарэлкі «Зьвер». Каля цела ляжаў той самы пісталет, зь якога забілі Сяргея.

«Гурын на той час толькі выйшаў з турмы. Ён надта стараўся прымкнуць да банды Марозава. Так выйшла, што хаваць нашага Сяргея і яго выпадала ў адзін дзень, на адных могілках. Мы дамовіліся, каб хоць у розныя дні пахаваць — каб не было канфліктаў», — дадае Ўладзімер.

Толькі ў 2005 годзе ён атрымаў паперы з пракуратуры, што забойства насамрэч учыніў «асабіста Марозаў». На няшчаснага Гурына проста сьпісалі забойства — напаілі яго да сьмерці і падкінулі пісталет. У сілавых структур, відавочна, не ўзьнікала ніякіх пытаньняў наконт матываў і прычын забойства, наконт таго, адкуль у судзімага п’яніцы добры пісталет.

«Ці ён перайшоў дзе дарогу бандытам, ці быў нейкі канфлікт — мы ня ведаем. Позва на суд прыйшла на імя дачкі — яе прызналі пацярпелай. Але на той час, 2005 год, яна жыла стала ў Італіі. Ня будзе ж яна ехаць дзеля суду сюды», — кажа пэнсіянэр.

Ён з жалем дадае, што пасьля забойства зяця ўсё жыцьцё сям’і «пайшло пад адхон». Нарадзілася ўнучка, якая ніколі ня бачыла свайго таты. Было беспрацоўе — і дачка мусіла ехаць на заробкі ў Італію, яе паклікала туды сяброўка. Праз шэсьць месяцаў пасьля гібелі зяця Ўладзімер страціў жонку.

Уладзімер Ганчароў
Уладзімер Ганчароў

«Гэта жудасна. Сяргей быў адзіны сын у бацькоў. Уявіце, як было ім гэта ўсё перажыць. У маці хворае сэрца», — кажа Ўладзімер.

Калі прыйшла позва на суд над марозаўцамі, ён прапанаваў паехаць замест дачкі. Яму адмовілі — ён не пацярпелы. «У выніку мы не былі на судзе. Адпаведна, не маглі падаць пазоў. Ведаю, што ў марозаўцаў канфіскавалі шмат грошай, маёмасьці, аўтамабіляў. Але хоць што ці трапіла пацярпелым? Я ня ведаю. Маёй дачцэ — нічога дакладна. Вядома, унучцы прызначылі пэнсію за страту карміцеля. Але ж гэта былі капейкі», — кажа пэнсіянэр.

Ён успамінае, што па горадзе хадзілі размовы пра банду Марозава. Але «ціхія размовы». Калі Марозаў пачаў у адкрытую расстрэльваць людзей на вуліцах гораду, размовы сталі яшчэ цішэйшымі. «Усе казалі, што ён дзьверы ў ГУБАЗІК нагамі адчыняе. Усе баяліся. У яго быў „дах“ — міліцыянты, пракурорскія. Ён тварыў сваволю, бо ведаў пра сваю беспакаранасьць», — кажа Ўладзімер.

«Жах. Жудасьць. Гэта трагедыя на ўсё жыцьцё для нашай сям’і. Усё жыцьцё пайшло пад адхон. І ня толькі для нашай сям’і. Колькі ён забіў чалавек? Дваццаць, трыццаць? Палічыце, колькі ў іх сваякоў. Я лічу, што сьмяротнае пакараньне для такіх забойцаў павінна быць. Гэта будзе негуманна — пакідаць забойцаў у жывых. Гэта негуманна — у дачыненьні да людзей, якія страцілі сваіх блізкіх», — кажа пэнсіянэр.

Чалавек з жалезным тварам

Ужо больш як 10 гадоў няма ў жывых Сяргея Марозава, а гэтае імя не сыходзіць з палосаў газэт, з інтэрнэт-навінаў і з памяці.

Я асабіста бачыў гэтага чалавека ў сьнежні 2006 году на «Валадарцы», калі яму абвяшчалі сьмяротны прысуд пасьля першага закрытага працэсу. Шэры, быццам выліты з жалеза твар Марозава не здрыгануўся. На журналістаў Сяргей Марозаў не глядзеў, затое не адводзіў вачэй ад судзьдзяў.

Тут жа быў Ігар Данчанка, пра якога казалі, што ён мазгавы цэнтар банды і правая рука Марозава. Пакуль Данчанку зачытвалі ягоны сьмяротны прысуд, ён сьвідраваў мяне праз акуляры позіркам, у якім чыталася пытаньне: «За што?» Ён стаяў у жалезнай клетцы ў хатніх тапачках, ператоптваўся з нагі на нагу. Усе падсудныя былі ў такіх мяккіх тапачках, у тым ліку Марозаў.

Судзілі Марозава з саўдзельнікамі ў Вярхоўным судзе, але працэс праходзіў у Менскім сьледчым ізалятары і быў закрыты. Гэта тлумачылі цяжкасьцямі з канваяваньнем вялікай колькасьці падсудных, а закрытасьць — інтарэсамі пацярпелых і абаронай сьведак. Новы працэс у кастрычніку 2007 году таксама быў закрыты. Таму пра пэўныя эпізоды са злачыннай дзейнасьці банды вядома няшмат.

За судзеяньне бандзе высокапастаўлены міліцыянт атрымаў 18 гадоў турмы

«У Сажы пад Веткай вылавілі цела маладой жанчыны. Яе патапілі, прывязаўшы да танкавага траку. Казалі ў горадзе, што дзяўчыну забілі, бо адмовіла некаму зь верхаводаў банды ў любоўных паслугах. Але ці так гэта, дакладна ня ведаю. Да мяне як журналіста ніхто са сваякоў пацярпелых не зьвяртаўся, што ня надта і дзіўна. Банда была зьвязаная зь мясцовымі сілавікамі і чыноўнікамі», — гэтак згадаў пра справу банды Марозава гомельскі журналіст Анатоль Гатоўчыц.

Анатоль Гатоўчыц, архіўнае фота
Анатоль Гатоўчыц, архіўнае фота

«Марозаўцы» сапраўды жорстка забілі 21-гадовую Натальлю. Яна спадабалася верхаводу банды. Адмоў ад жанчын Марозаў не цярпеў. Пасьля забойства злачынцы адсеклі галаву і рукі і закапалі ў розных месцах — хавалі сьляды.

Прыяцель Натальлі казаў, што ведае забойцаў Натальлі. Бандыты забілі і яго, і двух літоўцаў, зь якімі ён прыехаў у Гомель. Целы скінулі ў раку Сож.

Гатоўчыц пералічыў прозьвішчы сілавікоў, якіх судзілі за сувязі з бандай Марозава ці дагэтуль шукаюць. Асудзілі 5 міліцыянтаў. Адзін зь іх, былы начальнік крымінальнага вышуку Гомельскай міліцыі Лосеў, атрымаў за судзеяньне бандзе 18 гадоў турмы.

Але прыцягнулі да суду ня ўсіх. «Адзін былы супрацоўнік пракуратуры, які таксама дапамагаў марозаўцам, яшчэ на ўцёках», — сьцьвярджае Анатоль Гатоўчыц. Таксама ён называе двух высокапастаўленых сілавікоў, якіх перавялі ў Менск на падвышэньне, але хутка адправілі на пэнсію, калі прагрымела справа Марозава. «Маглі таксама дапамагаць», — мяркуе журналіст.

Віктар Федаровіч
Віктар Федаровіч

Менскі журналіст Віктар Федаровіч, які расьсьледаваў гісторыю банды, удакладняе наконт таго супрацоўніка пракуратуры, што на ўцёках. «Пракурорскі, пра якога вы кажаце, сапраўды быў у вышуку, нават фігураваў у базе Інтэрполу. Але нядаўна я даведаўся ў ГУБАЗіКу, што наша міліцыя яго ўжо не шукае — маўляў, скончыўся тэрмін даўнасьці. Нібыта ён асеў ва Ўкраіне і яго больш не турбуюць».

Прасілі Лукашэнку аб памілаваньні

У 2010 годзе ў Тульскай вобласьці Расеі быў затрыманы з фальшывым пашпартам чалец банды Марозава Ігар Калеўскі па мянушцы Харок. Як лічылі беларускія сьледчыя, ён быў датычны ажно да 8 забойстваў. Яго доўга не маглі перадаць у Беларусь, ён судзіўся з расейскім урадам у Эўрапейскім судзе ў правах чалавека, і хоць прайграў працэс, але час выйграў. Калі ў 2012 годзе Ігара Калеўскага нарэшце этапавалі на радзіму і давезьлі да Смаленску, там працэс спынілі і адпусьцілі. Расейскі суд вырашыў, што тэрмін утрыманьня Харка пад вартай скончыўся. Дзе ён цяпер, невядома.

Віктар Федаровіч згадаў, як марозаўцы забілі двух расейцаў, якія схаваліся ў Беларусі ад расейскага крыміналу. «На іх была замова, але толькі каб патрэсьлі, прымусілі вярнуць доўг. Але Марозаў перастараўся — іх забілі. Пра яго ўвогуле казалі, што быў „адмарожаны“», — згадаў журналіст.

Марозаў і Данчанка асабіста забілі прадпрымальніка Сомава, «штатныя кілеры» групоўкі расправіліся зь мясцовымі крымінальнымі аўтарытэтамі Пугачовым, Мстыгай і Млодзікам, з братамі Савічамі. Гэта толькі некаторыя злачынствы «марозаўцаў». Усяго ў судзе былі даказаныя 15 забойстваў, але на падазрэньні ў сьледчых яшчэ шмат сьмерцяў. Магчыма, нешта высьветліцца праз затрыманага ў Расеі Сяргея Дзербянёва, якога сьледчыя лічаць «брыгадзірам» кілераў.

У лютым 2008 году Сяргея Марозава, Валерыя Гарбатага і Ігара Данчанку расстралялі пасьля прысуду Вярхоўнага суду. Праваабаронцы кажуць, што ўсе трое прасілі Аляксандра Лукашэнку іх памілаваць, але марна. Зь іншых 43 чальцоў банды, каго прыцягнулі да адказнасьці ў 2006 і 2007 гадах, некаторыя атрымалі вялікія тэрміны, да 20 гадоў. А некаторыя ўжо выйшлі на волю.

Летась у Гомлі завялі справу на былога чальца банды Марозава, які ўзяўся за старое — на замову выбіваў доўг з жыхара Пінску, пагражаў яму пісталетам. Пісталет аказаўся газавым, але тэрмін экс-марозаўцу далі рэальны — 9 гадоў.

«Нічога ня буду гаварыць. Гэтая сетка дзейнічае і цяпер»

У студзені 2008 году на разгляд у Вярхоўны суд паступіла чарговая справа ў дачыненьні да марозаўцаў.

У 2003 годзе марозаўцы жорстка зьбілі егера Юрыя Горлава — ён перашкаджаў ім паляваць. У перапынках паміж паляваньнем на людзей марозаўцы любілі пастраляць дзікіх жывёлаў. Егер выжыў цудам. Яго білі мэталічнымі трубамі. Горлаў атрымаў шматлікія пераломы, разрывы лёгкіх. Біць яго загадаў Марозаў.

Ён жа стаў адным з абвінавачаных. На момант суду яго ўжо пасьпелі расстраляць. Адна з вэрсій такога хуткага выкананьня сьмяротнага прысуду — Марозаў пачаў «здаваць» высокіх чыноўнікаў.

Выканаўцы загаду адправіліся на «зону». «Навічок» банды атрымаў за зьбіцьцё егера пяць гадоў. Астатнім двум дадалі да ранейшых тэрмінаў. З улікам першага прысуду яны канчаткова атрымалі 14 і 15 гадоў пазбаўленьня волі.

Егер спрабаваў скардзіцца начальству на свавольства браканьераў. Але яму намякнулі, што дадзеная лясная тэрыторыя фактычна належыць Сяргею Марозаву.

За скаргу кіраўніцтву егер і атрымаў ад бандытаў «пакараньне», якое ледзь не каштавала яму жыцьця. Праз год пасьля жорсткай расправы невядомыя стралялі ў вакно ягонай хаты.

Карэспандэнт «Свабоды» знайшоў егера. Але той катэгарычна адмовіўся размаўляць.

«Мне ўжо хапіла. Пасьля суду над марозаўцамі мне пагражалі за тое, што я даваў на іх паказаньні. Цяпер многія марозаўцы ўжо адбылі тэрмін і выйшлі на волю. Іншыя хутка выйдуць. Тыя, хто пакрываў іх — ня толькі не пакінулі мяккія крэслы, але і пайшлі на павышэньне. Гэтая сетка дзейнічае і цяпер. Нікуды яны ня дзеліся», — сьцьвярджае ён.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG