Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр актор-купалавец Аўгуст Мілаванаў


Аўгуст Мілаванаў, фота з афіцыйнага сайту Купалаўскага тэатру

На 82-м годзе жыцьця памёр народны артыст Беларусі, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі, выдатны актор Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы Аўгуст Мілаванаў.

Аўгуст Мілаванаў нарадзіўся 16 чэрвеня 1937 году ў Валгаградзе, паведамляецца на сайце купалаўскага тэатру. Пасьля заканчэньня школы паступаў у Расейскі інстытут тэатральнага мастацтва. Пасьпяхова здаў іспыты, але з пачуцьця салідарнасьці зь сябрам, якому не пашчасьціла, вярнуўся дадому і год адпрацаваў памочнікам рэжысэра ў Валгаградзкім драматычным тэатры імя Максіма Горкага.

Калі туды прыехалі акторы зь Берасьця і расказалі, што будзе набор у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, у 1957 годзе Аўгуст пераехаў у Менск і паступіў на курс народнага артыста БССР Дзьмітрыя Арлова.

Аўгуст Мілаванаў
Аўгуст Мілаванаў

У 1961 годзе Аўгуст Лазаравіч атрымаў дыплём і накіраваўся на працу ў віцебскі тэатар імя Якуба Коласа. Праз год зноў вярнуўся ў Менск і распачаў творчую дзейнасьць у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. Тут ён знайшоў і сваё каханьне — будучую народную артыстку Беларусі Галіну Талкачову.

За паўстагодзьдзя працы на купалаўскай сцэне Аўгуст Мілаванаў сыграў шмат незабыўных роляў, але сам адзначае, што першая значная роля, зь якой ён увайшоў у тэатральнае жыцьцё, — двоечнік і гарэза Зурыко ў спэктаклі «Я, бабуля, Іліко і Іларыён» 1965 году.

Многім гледачам помніцца і ягоны зьменены вайной грузчык Гэлі Гэй («Што той салдат, што гэты»), нахабны і цынічны Герастрат («Забыць Герастрата»), ваяўнічы і прынцыповы Тата («Зацюканы апостал»), удачлівы намэнклятурны работнік Міхай Груй(«Сьвятая сьвятых»), разважлівы міністар узгадненьня Вяршыла («Мудрамер»), за ролю якога артыст у 1988 годзе атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі ды іншыя.

Развітаньне з Аўгустам Мілаванавым адбудзецца 20 ліпеня ад 11.00 да 13.00 у Купалаўскім тэатры. Пахаваюць артыста на Ўсходніх могілках Менска.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG