Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародны алімпійскі камітэт пачаў расьсьледаваньне аб хабарах за падтрымку Алімпіяды ў Рыё


Сяргей Бубка
Сяргей Бубка

Экс-губэрнатар Рыё-дэ-Жанэйра Сэржыё Кабраль, які ўдзельнічае ў працэсе аб карупцыі ў Бразыліі, заявіў 4 ліпеня ў ходзе судовага разбору, што расейскі плывец Аляксандар Папоў і савецкі ўкраінскі лёгкаатлет Сяргей Бубка атрымалі хабар за тое, што прагаласавалі за Рыё-дэ -Жанэйро падчас выбараў месца правядзеньня летняй Алімпіяды 2016 году.

Раніцай 5 ліпеня стала вядома, што Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) пачаў расьсьледаваньне ў дачыненьні да Папова і Бубкі: гэта прадстаўнікі прэс-службы МАК пацьвердзілі ТАСС.

Бубка і Папоў на момант галасаваньня ўжо завяршылі кар’еру і былі сябрамі Міжнароднага алімпійскага камітэту. У фінале галасаваньня на выбарах сталіцы Алімпіяды-2016 Рыё перамог Мадрыд, набраўшы 66 галасоў супраць 32.

«Мяне запэўнілі, што Бубка атрымаў хабар. Таксама яны сказалі, што яе атрымаў Аляксандар Папоў», — цытуе словы Кабраля бразыльскі тэлеканал «Глоба».

Аляксандар Папоў
Аляксандар Папоў

Паводле чыноўніка, размова пра грошы ў яго адбылася ў 2009 годзе з Карласам Артурам Нузманам, кіраўніком Алімпійскага камітэту Бразыліі. Кабраль тады выказаў занепакоенасьць тым, як будуць галасаваць эўрапейскія краіны пры выбары гораду правядзеньня Алімпіяды-2016. На гэта Нузман яму нібыта адказаў:

«Сэрхіё, я хачу адкрыць вам вочы. Ламін Дыяк можа гарантаваць нам 5 ці 6 галасоў, але ён хоча наўзамен паўтара мільёна даляраў».

Ламін Дыяк у тыя гады быў кіраўніком Алімпійскага камітэту Сэнэгалу, а пазьней стаў прэзыдэнтам Міжнароднай Асацыяцыі лёгкаатлетычных фэдэрацыяў. У 2015 годзе яму былі выстаўленыя ў Францыі абвінавачваньні ў атрыманьні ў 2011 годзе хабараў ад Усерасейскай фэдэрацыі лёгкай атлетыкі. Як сьцьвярджаюць сьледчыя, Дыяк нібыта за грошы прапаноўваў адмову ад санкцый у дачыненьні да расейскіх спартоўцаў, абвінавачаных ва ўжываньні допінгу.

Ламін Дыяк з Уладзімерам Пуціным
Ламін Дыяк з Уладзімерам Пуціным

Далей Кабраль, як вынікае зь яго паказаньняў, спытаў у Нузмана, якія будуць гарантыі таго, што Бразылія сапраўды атрымае Алімпіяду, калі заплаціць грошы. На гэта кіраўнік Алімпійскага камітэту Бразыліі нібы сказаў яму, што будуць купленыя некалькі спартовых чыноўнікаў з краін Афрыкі, а таксама некалькі прадстаўнікоў лёгкай атлетыкі. Грошы, як сьцьвярджае Кабраль, у канцы верасьня 2009 году былі перададзеныя праз прадпрымальніка Артура Саарэша і сына Ламина Диака.

Нузман і Кабраль былі арыштаваныя ў Бразыліі ўвосень 2017 году паводле падазрэньня ў карупцыі.

Рэакцыя

Папоў, чатырохразовы алімпійскі чэмпіён, 5 ліпеня заявіў «РІА Новости», што пры выбары гораду для правядзеньня Алімпіяды 2016 году галасаваў не за Рыё-дэ-Жанэйра.

Бубка абвінавачваньні Кабраля пакуль не камэнтаваў. Аднак у 2018 годзе Антыкарупцыйны лёгкаатлетычны орган Athletics Integrity Unit (AIU) заявіў, што ня будзе рабіць захады ў адносінах да спартоўца ў сувязі з падазрэньнямі ў карупцыі на выбарах сталіцы Алімпійскіх гульняў-2016. Бубку абвінавачвалі ў плацяжах на адрас афшорнай кампаніі New Mills Investments, бэнэфіцыярам якой быў тагачасны скарбнік Міжнароднай асацыяцыі легкаатлетычных фэдэрацыяў Валянцін Балахнічаў, а таксама на адрас кампаніі Pamodzi Sports, якой валодаў сын Дыяка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG