Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі гісторык абверг Марзалюка: бярэзінскі шалом ня мог належаць князю Ізяславу


Шалом X стагодзьдзя

Міты — неадʼемны спадарожнік гісторыі, заявіў у інтэрвію Свабодзе ўкраінскі гісторык, выкладчык катэдры гісторыі Цэнтральнай ды Ўсходняй Эўропы Кіеўскага нацыянальнага ўнівэрсытэту імя Тараса Шаўчэнкі Арцём Папакін з нагоды заявы пра тое, што знойдзены ў Беларусі старажытны шалом нібыта належаў князю Ізяславу.

Ён расказаў, чаму нельга дакладна вызначыць прыналежнасьць гэтага воінскага шалома і пра што можа сьведчыць знаходка.

19 красавіка гісторык і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк заявіў, што пад Бабруйскам знойдзены шалом, які належаў полацкаму князю Ізяславу — сыну кіеўскага князя Ўладзіміра і полацкай княгіні Рагнеды. Цяпер сярэднявечны шалом знаходзіцца на рэстаўрацыі ў музэі Вялікай Айчыннай вайны ў Менску.

Сярэднявечныя воіны не падпісвалі сваю амуніцыю

Шалом мог належаць заможнай асобе, вялікаму вядомаму воіну, бо большасьць шаломаў гэтага тыпу («Чорная магіла») былі пазалочаныя, яны дастаткова складаныя для вырабу і, хутчэй за ўсё, вырабляліся за межамі Кіеўскай Русі — іх імпартавалі з тэрыторыі Хазарскага каганату. Чаму ён, на маю думку, ня мог належаць князю Ізяславу? Дакладна ідэнтыфікаваць знаходку з пэўнай гістарычнай асобай немагчыма. Гэта рымскія легіянэры падпісвалі сваю зброю ды іншыя рэчы, і тады можна было зразумець, каму яны належалі.

На сёньня ўжо знойдзена больш як 40 шаломаў тыпу «Чорная магіла» або яго дэталяў. Усе яны раскіданыя па Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропе і знаходзіліся ў тых месцах, дзе пазьней, паводле пісьмовых згадак, былі цэнтры княжай улады. Але пачыналася іхнае распаўсюджаньне з гандлю, вайсковых паходаў на Хазарскі каганат, і знаходзілі іх у тых месцах, дзе распаўсюджвалася арабскае срэбра пры пасярэдніцтве Хазарскага каганату і дзе, уласна, археолягі заўважылі ваенную і гандлёвую актыўнасьць «русі» — спачатку ўздоўж Волгі, а потым і Дняпра.

Бярэзінскі шалом — сьведчаньне гандлёвага шляху празь Беларусь

Бярэзінская знаходка добра ўкладаецца ў такое ўяўленьне пра раньнесярэднявечнай гісторыі Ўсходняй Эўропы, як гісторыі гандлёвых шляхоў, што пазьней панавалі ў Х стагодзьдзі, а купцы-воіны «русь», спачатку вядомыя як воіны-скандынавы, пачалі засноўваць уласныя дзяржаўныя цэнтры. Празь Бярэзіну таксама праходзіў адзін з гандлёвых шляхоў ад Дняпра да Балтыйскага мора.

Дагэтуль шаломы «Чорная магіла» знаходзілі на Паўночным Каўказе, Сярэднім Падняпроўі на тэрыторыі Ўкраіны, у Ноўгарадзе ў Расеі, а таксама ў Польшчы, Прусіі і Вугоршчыне. У Беларусі такі шалом знойдзены ўпершыню, але гэта стварае дадатковую магчымасьць для разуменьня гістарычных падзеяў, якія адбываліся ў Х-ХІІ стагодзьдзях. Хоць дыскусіі аб паходжаньні гэтай атрыбутыкі трываюць з 30-х гадоў ХХ стагодзьдзя і яшчэ не завершаныя.

Нагадаю пра яшчэ адну ранейшую бярэзінскую знаходку — Брылёўскі скарб арабскіх манэт, які таксама сьведчыць пра ваенна-гандлёвую дзейнасьці скандынаўскіх воінаў-купцоў, але не пра цэнтр улады князя. Знайшлі і шалом. Гэта не азначае, што ён належаў канкрэтнаму князю. Гэта сьведчыць пра тое, што на той тэрыторыі былі людзі, якія карысталіся такімі ўборамі, і адзін зь іх быў пахаваны на тым месцы. Ці быў ягоны ўладальнік князем, можна толькі здагадвацца, але канкрэтныя імёны наўрад ці магчыма вызначыць.

Чаму шалом называюць «Чорнай магілай»

Арцём Папакін, архіўнае фота
Арцём Папакін, архіўнае фота

Шалом атрымаў сваю назву, бо першы шалом такога тыпу яшчэ ў ХІХ стагодзьдзі знайшлі ў кургане Чорная магіла ў Чарнігаве. Падобныя шаломы знаходзілі і на кургане Гульбішча ў Чарнігаве, у раёне Кіева, у Мануэліўцы Днепрапятроўскай вобласьці, у сяле Мокрым на Валыні. Яшчэ частка паходзіць зь нелегальных раскопак так званых чорных археолягаў, і пра іх інфармацыі амаль няма, апроч фатаздымкаў, якія потым зьяўляюцца на аўкцыёнах.

Большасьць з гэтых шаломаў маглі трапіць на тэрыторыю Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы пасьля разгрому Хазарскага каганату, і магчыма, яны пазначаюць удзельнікаў тых падзеяў, якія ў якасьці трафэяў маглі іх вывезьці. Таму і на тэрыторыі Беларусі такі шалом мог зьявіцца дзякуючы таму воіну, які ўдзельнічаў у паходзе 960-х гадоў, калі быў разгромлены Хазарскі каганат.

Якімі могуць быць наступныя знаходкі

Большасьць такіх шаломаў ва Ўсходняй Эўропе былі знойдзеныя ў пахаваньнях пад курганамі. Мяркую, што і ў выпадку зь бярэзінскім шаломам гэта было хутчэй падкурганнае пахаваньне аднаго з носьбітаў ваеннай атрыбутыкі, прадстаўніка вайсковай эліты ў той час, купца-воіна, руса, якога там пахавалі разам з рэчамі, што выкарыстоўваў у жыцьці.

Мастак Юдаль Пэн, карціна «Курган»
Мастак Юдаль Пэн, карціна «Курган»

Там мог быць яшчэ і меч, сякера, нейкі паясны гарнітур, якія тады актыўна выкарыстоўваліся. Магчыма, яшчэ і кальчуга, як гэта было ў чарнігаўскіх курганах. Такія знаходкі важныя для аднаўленьня падзеяў тых часоў, бо на тэрыторыі Беларусі пра Х-ХІ стагодзьдзі, якімі можа датавацца гэты шалом, практычна нічога невядома, апроч пазьнейшай «Аповесьці мінулых часоў» ХІІ стагодзьдзя. Таму па гэтым пахаваньні і тых рэчах, якія там могуць быць яшчэ знойдзеныя, можна высьветліць, якімі былі эліты тагачаснай Беларусі — такімі ж, як і ў Сярэднім Падняпроўі ці на Поўначы Расеі, якія склалі ў канцы Х — пачатку ХІ стагодзьдзяў пласт княжай дружыны, князёў, і баяраў, ад якіх і пачалося сярэднявечнае стварэньне дзяржавы таго пэрыяду, які мы называем Кіеўскай Русьсю.

Міты — неадʼемны спадарожнік гісторыі

У нас ёсьць такая традыцыя — нейкія цікавыя рэчы прыпісваць гістарычным асобам. Так было са знакавай знаходкай магілы ў Вяргіні ў Грэцыі, дзе быў пахаваны нейкі прадстаўнік македонскай дынастыі — тады гэтую магілу прыпісалі Філіпу Македонскаму, бацьку Аляксандра, а пазьней высьветлілася, што гэта быў не Філіп, а ягоны другі сын Філіп ІІІ Арыдэй.

Ва Ўкраіне таксама былі такія выпадкі. Тры гады таму на расейска-эстонскай мяжы ў грамадзяніна Беларусі канфіскавалі меч, які вярнулі ва Ўкраіну (бо высьветлілася, што ён быў вывезены «чорнымі» археолягамі з тэрыторыі Ўкраіны), і яго адразу назвалі мячом Сьвятаслава. Такі ж лёс быў у мячоў, знойдзеных у часе будаўніцтва ДнепраГЭСу.

І ў Беларусі мы маем справу з такім жа мітам, хоць няма ніякіх падстаў, каб прыпісваць шалом Ізяславу — знакавай для гісторыі Беларусі асобе, якую пэўным чынам можа разглядаць як стваральніка сярэднявечнай беларускай дзяржавы, Полацкага Княства; хаця на той час не было гаворкі аб тым, што яно было цалкам самастойным на чале з уласнаю дынастыяю. Невядома, дзе пахаваны Ізяслаў, невядома нават дакладна, калі ён нарадзіўся і памёр... Пошукі канкрэтных асобаў, на якіх можна ўскласьці такую вялікую ролю, як пачатак дзяржавы, прымушаюць прыпісваць ім пэўныя рэчы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG