Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былая прэзыдэнтка Латвіі: «Было страшна, што і ў нас можа адбыцца нешта падобнае, як ва Ўкраіне»


Вайра Віке-Фрэйбэрга
Вайра Віке-Фрэйбэрга

Вайра Віке-Фрэйбэрга восем гадоў была прэзыдэнтам Латвіі — ад 1999 па 2007 год. Менавіта пры ёй краіна ўступіла ў NATO і Эўразьвяз (у 2004 годзе на рэфэрэндуме за далучэньне да ЭЗ прагаласавалі 67% жыхароў Латвіі). Таксама яна абарвала многія сувязі з Расеяй, але ўмацавала іх з заходнім сьветам.

У 1944 годзе сям’я будучага прэзыдэнта Латвіі уцякла ў Нямеччыну ад савецкіх войскаў, а калі Вайры споўнілася 16 гадоў, яе бацькі перасяліліся ў Канаду. Там Віке-Фрэйбэрга стала псыхолягам, выкладала ва ўнівэрсытэце, а ў 1997 годзе вярнулася на радзіму, каб заняцца палітыкай.

Тэлеканал «Настоящее Время» распытаў былога прэзыдэнта:

  • як далучэньне Латвіі да ЭЗ стала асабістым праектам усяго яе жыцьця,
  • што б адбылося з Латвіяй, калі б яна засталася часткай «русского мира»,
  • і ці зможа Ўкраіна аднойчы далучыцца да ЭЗ.

«Я разумела, што закон аб мове трэба адпраўляць назад у Сэйм і выпраўляць»

— Сёлета спаўняецца 15 гадоў з моманту ўступленьня Латвіі ў Эўразьвяз. Скажыце, што тады, падчас падрыхтоўкі гэтага працэсу, было для вас самым складаным?

— Для мяне самым складаным быў момант, калі я толькі стала прэзыдэнтам. Я тады атрымала паведамленьне, што Эўрапейскі зьвяз, хоць і зь вялікай асьцярогай, але пачынае вялікае пашырэньне. Але былі вылучаныя вельмі строгія патрабаваньні да тых, хто хоча ўступіць у ЭЗ.

Адно з патрабаваньняў было зьвязанае са становішчам нацыянальных меншасьцяў у краіне. У Латвіі толькі што адбыліся зьмены ў законе аб мове (закон увёў латыскую ў якасьці адзінай дзяржаўнай мовы і прыраўняў расейскую фактычна да замежнай, абавязаўшы чыноўнікаў, вайскоўцаў і работнікаў розных сфэр валодаць латыскай і выкарыстоўваць яе ў працы — НВ).

З Брусэлю паступіла крытыка гэтага закону. У той час у прэзыдэнта было сем дзён на тое, каб вярнуць закон назад у парлямэнт, калі прэзыдэнт быў не гатовы яго падпісаць. Для мяне гэта была вельмі напружаная сытуацыя. Я толькі-толькі ўступіла на пасаду, у мяне яшчэ не было сваёй каманды. Я разумела, што гэта вельмі важнае рашэньне, што гэты закон трэба адпраўляць назад у Сэйм, трэба выпраўляць. І я ў гэты момант магу стаць вельмі непапулярным прэзыдэнтам.

Да таго моманту прайшло восем месяцаў, як я рэпатрыявалася ў Латвію, і я, як дырэктар Латвійскага інстытуту, сачыла за ўсімі дэбатамі наконт гэтага закону. Юрысты мне дапамаглі ўсё правільна сфармуляваць. І гэта было маім першым заданьнем: рызыкуючы сваёй папулярнасьцю, улічыць патрабаваньні Эўразьвязу, якія нам усё роўна прыйшлося б выканаць, калі мы не хацелі застацца за бортам. Тады для мяне Эўразьвяз быў вельмі пасьпяховым праектам!

«Цяпер мы адстаём ад Літвы і Эстоніі, і гэтаму няма апраўданьня»

— Вы сказалі, Эўразьвяз быў пасьпяховым праектам. Цяпер ваша стаўленьне да ЭЗ зьмянілася?

— Эўразьвяз тады мы ўспрымалі як нешта абсалютна ідэальнае. Нічога падобнага ў сьвеце не было і няма. Ёсьць фэдэрацыі, канфэдэрацыі, альянсы і іншае, але такая ўнія як Эўразьвяз — гэта нешта новае і ўнікальнае.

Я бачыла Эўропу да і пасьля Эўразьвяза, і іх нельга было параўноўваць. Я бачыла, якой была Эўропа за жалезнай заслонай, у Латвіі. І якая яна на Захадзе. Гэтая была велізарная розьніца! Маім самым запаветным жаданьнем было, каб Латвія стала часткай гэтага праекту.

— Што, на ваш погляд, Латвія атрымала за гэтыя 15 гадоў ад ЭЗ?

— Латвія сабралася зь сіламі і правяла вельмі шмат балючых рэформаў, нават тады, калі ў народзе ў гэтых рэформаў не было вялікай падтрымкі. Былі сумневы, былі дэбаты, былі спрэчкі. Быў палітычны інтарэс нас спыніць, былі сілы, якія спрабавалі затармазіць наш рух у Эўропу.

Зараз мы можам параўнаць сытуацыю ва Ўкраіне і сытуацыю ў Латвіі. Мне ад самага пачатку было страшна, што нешта падобнае, што адбылося ва Ўкраіне, можа адбыцца і ў нас. Мяне вельмі палохала думка, што можа здарыцца з Латвіяй, калі яна не стане часткай эўрапейскага праекту. Бо гэты праект пачаўся адразу пасьля вайны з ідэяй аб тым, што хопіць праліваць кроў на гэтым маленькім кантынэнце за рэсурсы і тэрыторыі — бо можна ўсё абʼяднаць і разьвівацца ўсім разам. Гэта была галоўная думка.

Будзем сумленныя: пасьля 50 гадоў камунізму Латвія была настолькі адсталай! Уся Усходняя Эўропа моцна адстала ад Заходняй Эўропы. Я бачыла далучэньне да ЭЗ як магчымасьць аксэлерацыі, паскарэньня пасьля 50 гадоў стагнацыі, ізаляцыі, страху. Калі чалавек ня можа казаць тое, што думае. Зараз калі Брусэль нешта вырашыў, мы можам крычаць у адказ. Але, ведаеце, быў час, калі ў бок Масквы ніякія крыкі не дапускаліся.

Таму праект Эўразьвяза мне ідэалягічна здаваўся вельмі прывабным. І так я яго ўспрымаю да гэтага часу. Тады нам здавалася, што мы хутка нагонім упушчанае, але гэта было немагчыма. 50 гадоў — гэта 50 гадоў. Мы да гэтага часу адстаём ад першых шасьці краін ЭЗ. Але мяне больш турбуе тое, што мы адстаём і ад тых, з кім разам рухаліся наперад. Калісьці мы маглі спаборнічаць з эстонцамі і літоўцамі, але цяпер мы адстаём. І гэтаму няма апраўданьня!

«Украінцы часткова прадалі сваю душу за расейскі газ»

— Што вы думаеце аб далейшым пашырэньні ЭЗ? Ці могуць да зьвязу далучыцца Грузія, Украіна і іншыя краіны?

— Адны краіны хочуць гэтага, а іншыя ня вельмі. Напрыклад, Сэрбія, наколькі я разумею, адчувае духоўную сувязь з Расеяй. І калі б у яе была магчымасьць, яна б стала часткай Расеі.

А Украіна, на мой погляд, — гэта прыклад таго, як краіна не была гатовая прыкласьці намаганьні, сьціснуць зубы і ісьці ў бок Заходняй Эўропы.

У свой час на саміце ў Ялце ў мяне была размова з прэзыдэнтам Кучмам. Ён мне проста сказаў: мы знаходзімся пасярэдзіне, і мы настолькі цесна зьвязаныя з Масквой, што мы ня можам рэзка перарэзаць гэтую сувязь. Так, мы будзем павольна рухацца ў бок Захаду, разумеем, што гэта будучыня. Але ад сяброўства з Расеяй ёсьць свая карысьць — гандаль, нафта і газ. Яны прадаюць нам таньней, мы прадаём даражэй. Мы зарабляем. Хоць, вядома, там у асноўным украінскія алігархі зарабляюць. Па сутнасьці, іх падкупілі гэтай эканамічнай выгадай.

Хай прабачаць мяне мае сябры ўкраінцы, але мне здаецца, часткова яны прадалі сваю душу за гэты газ. У нас, у Латвіі, на шчасьце, не было такіх спакусаў. Мы проста сьціснулі зубы і веславалі наперад з усіх сіл. Дзякуй богу, што мы гэта зрабілі. Уяўляеце, дзе б мы былі цяпер, калі б усё здарылася па-іншаму? У мяне валасы ўстаюць дыбарам ад адной думкі пра гэта.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG