Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Срэбная воля», або Менскія адрасы зьняволенага паэта Ўладзімера Хадыкі


Вуліца Валадарскага ў сучасным Менску. Аўтазакі, 25 сакавіка 2019

Пляменьніца Янкі Купалы Ядзьвіга Юльлянаўна Раманоўская была жанчына руплівая і беражлівая. Яе фонд-калекцыя № 394, што ў Беларускім дзяржаўным архіве-музэі літаратуры і мастацтва, зьмяшчае багата цікавых дакумэнтаў. І ня толькі зьвязаных са славутым дзядзькам.

Адзін зь іх — «Весткі аб сябрах Менскай філіі „Маладняка“ на 15 верасьня 1928 г.». Табліца на вялікім аркушы паперы, разьлінееная на восем калёнак — стандартны набор асноўных пунктаў маладнякоўскіх анкет: парадкавы нумар, «З якога году ў «Маладн[яку]«», «Прозьвішча, імя», «Год нарадж[эньня]», «Соцыяльн[ае] паходж[аньне]», «Адукацыя», «Чым займаецца», «Адрас». Мяне як аматара гісторыі Менску і аўтара экскурсійных маршрутаў найбольш зацікавіла апошняя, восьмая калёнка.

Весткі аб сябрах Менскай філіі “Маладняка” на 15 верасьня 1928 г. З фондаў БДАМЛМ
Весткі аб сябрах Менскай філіі “Маладняка” на 15 верасьня 1928 г. З фондаў БДАМЛМ

Восьмая калёнка «Маладняка»

Чытаю назвы тых даваенных вуліц, нумары дамоў, успамінаю, што там цяпер, і спрабую ўявіць сабе, што было там раней. Даўно ўжо канулі ў нябыт вуліцы Людамонцкая, Белацаркоўная і Камуністычная (не сучасная, а тая, што да рэвалюцыі была Юр’еўскай), завулкі Нова-Маскоўскі, Вакзальны і 1-ы Безыменны. Ня ведаю, ці скажа хто-небудзь сёньня, якая вуліца ў 1920-я насіла імя Бухарына. Мала чаго засталося ад старой Слонімскай, Вакзальнай, Вяземскай (пазьней Нагіна). Зьмяніліся да непазнавальнасьці Шырокая (Куйбышава), Талстога, Вялікаморская, Розы Люксэмбург, Ульянаўская, дый нават галоўная вуліца гораду — тады Савецкая, а цяпер праспэкт Незалежнасьці. Крыху лепей захавалася вуліца Энгельса. Яшчэ больш пашчасьціла Інтэрнацыянальнай і Валадарскага. Менавіта на апошняй, у доме № 11, у кватэры № 9 жыў паэт Уладзімер Хадыка, якога сучасьнікі за ягонае майстэрства называлі Ўладзімерам ІІІ — пасьля Ўладзімера Дубоўкі ды Ўладзімера Жылкі.

Пературбацыі з нумарацыяй

Мы ведаем, што на няцотным баку вуліцы Валадарскага месьцяцца два знакамітыя будынкі: № 5 — Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатар імя М. Горкага (былая Харальная сынагога, а ў міжваенны час — Дзяржаўны габрэйскі тэатар, рабочы клюб, кінатэатар «Культура») і № 9 — былы даходны дом Маліна, у якім 25 сакавіка 1918 г. Рада Беларускай Народнай Рэспублікі прыняла Трэцюю ўстаўную грамату, абвясьціўшы незалежнасьць краіны (цяпер там Менаблспажыўсаюз і «Чабурэчная»). Побач зь ім, на рагу, ёсьць і дом № 11/13, але ён пабудаваны ўжо пасьля вайны, расьцягнуўся на цэлы квартал і належыць да праспэкта Незалежнасьці.

Дом па вуліцы Валадарскага ў Менску, дзе жыў Уладзімер Хадыка
Дом па вуліцы Валадарскага ў Менску, дзе жыў Уладзімер Хадыка

Гістарычныя дасьледаваньні й старыя даведнікі падказваюць, што ў 1928 годзе нумарацыя дамоў на вуліцы Валадарскага (былой Серпухаўскай) была крышку інакшая: цяперашні 5-ы дом быў 7-ым, а 9-ы — 13-ым. На сучаснай мапе паміж тэатрам і «Чабурэчнай» пазначаны толькі адзін дом — № 7. Аднак, ідучы па вуліцы, лёгка заўважыць, што насамрэч гэта не адзін, а два дамы, якія стаяць ушчыльную адзін да аднаго. Левы вядомы знаўцам менскай гісторыі як дом Рубіна (таксама паводле прозьвішча домаўладальніка), правы ў 1911 г. належаў спадчыньнікам Шарашэўскага. Вось менавіта гэты будынак і меў у 1920-х гг. нумар 11. Ня ведаю, наколькі там за 90 гадоў зьмянілася пляніроўка, але ў гэтай частцы дому (якая тады лічылася асобным будынкам) усяго адзін пад’езд, і, адпаведна, 9-я кватэра мусіла быць, хутчэй за ўсё, на трэцім паверсе — улічваючы, што першы часткова маглі займаць і ўстановы.

Арка, у якую неаднойчы заходзіў паэт Уладзімер Хадыка
Арка, у якую неаднойчы заходзіў паэт Уладзімер Хадыка

Як успаміналі сябры паэта, Уладзімер Хадыка, прыехаўшы з Рудзеншчыны ў Менск у 1928-м, доўга ня мог абсталявацца — зрэшты, як і шмат хто з тагачасных былых вяскоўцаў. Таму і часта мяняў адрасы. Спачатку ён меў намер паступіць у БДУ — вось і зьняў пакой бліжэй да вакзалу. Аднак яго, былога сакратара Дудзіцкага сельсавету, не дапусьцілі нават да ўступных іспытаў, бо яму неставала належнай падрыхтоўкі. Пасьпеў ён пажыць і на Шпітальнай (цяпер Фрунзэ) разам зь Міколам Хведаровічам, і на Кладбішчанскай (Могілкавай), 12 (цяпер Смалячкова). Апошні яго адрас быў па вул. Даўгабродзкай, д. 25, кв. 4. Адсюль яго 27 лістапада 1936 г. і зьвёз «чорны варанок», каб праз чатыры гады зьняволены паэт загінуў пад каменнай глыбай у вапняковым кар’еры на будоўлі чыгункі каля Ўлан-Удэ…

Вясковы пясьняр

Але вернемся ў 1928 год і паглядзім, пра што пісаў тады Ўладзімер Хадыка. Многія тагачасныя яго вершы, калі акрэсьліць коратка-ўмоўна, прысьвечаны вёсцы, сялянскай працы, ідылічнаму зацішшу некранутай прыроды, каханьню (але зноў жа — на фоне той самай прыроды) — напэўна, і ствараліся яны яшчэ да пераезду ў горад:

Наўпярэймы ночы выйду я
Выканаць падзел…
Вочы з робленаю крыўдаю
Плаваюць ў вадзе.

Дражніць сэрца гострым лоскатам
Канцавосьсе сноў…
Гляну ў зелень — наша вёска там
Выплыла ізноў.

І ўсё гэта прасякнута чыста хадыкаўскай інтымнасьцю, пачуцьцёвасьцю вобразаў, імажынісцкай мэтафарыстыкай:

Многа ў шопатах хворых бяссэнсавых дрвін.
Я стаяў паміж хвоек адзін…
Чорным вугалем мазала зорка брыво
І ківала вятрам галавой.

Зьвяртаўся паэт і да грамадзянскай лірыкі — абураўся рэпрэсіямі польскіх уладаў супраць заходнебеларускага нацыянальнага руху, захапляўся «мяцежніцкім сьпевам» і ўслаўляў загінулых партызанаў:

«Цывілізованым» бандытам
І дзікім не прыдумаць кар.
Я з галавою непакрытай
Стаю над зданямі ахвяр.
Я помнік з думак ім будую,
Жыць вечна будзе успамін
Аб іх, нам буру маладую
Сьпяваўшых полымем калін.

«Апошнюю песьню пяю пра сіне-туманныя травы»

Уладзімер Хадыка
Уладзімер Хадыка

І пры ўсім гэтым лірычны герой бачыць сябе беспрытульным вандроўнікам, вечным блукальнікам і, як ён сам сябе называе, «бяздомнікам»: «Мы нашу убачым / Такую вандроўную роль / І ў смутку сабачым / Загубім апошні пароль…»; «Ўласнага двара няма — / І ня крыўдна, што ня маю… / І пад плотам мне дарма… / Сонца дагарае». Напэўна, адсюль такі часты ў Хадыкі і матыў дарогі/шляху: «Я еду насустрач мяцежным краям… / Краі краявід сьцерагуць, / Здаецца, калёсы на месцы стаяць, / А далі бягуць і бягуць»; «Апошнюю песьню пяю / Пра сіне-туманныя травы. / Далёкую сьцежку маю / Схавалі чужыя дубравы»; «Драбіны коцяцца з гары, / Ўжо хутка будзем каля вёскі, / Мне хочацца дагаварыць / Пра недацьвіўшыя пялёсткі» і г. д.

І вось знаходзім верш, навеяны ўжо яўна горадам, прычым горадам вялікім, сталічным:

* * *

Пад вокнамі срэбная воля.
Гарыць электрычны ліхтар.
Напэўне ня зьдзейсьніць ніколі
Тугу палымеючых мар.

Лірычная песьня такая:
Па зорах шукае машын.
Ты прыдзеш поэта палаяць
За шчырасьць музычнай душы.

Сплывуць мураваныя сходкі,
Скляпеньні бэтонныя стром.
Ты станеш у словах салодкіх
Будзіць хваравіты надлом.

Ты скажаш аб таннай сваволі,
Пракудлівым зробіш свой твар…
Ружовай такой аўрэоляй
Гарыць электрычны ліхтар.

(«Маладняк», 1928, № 10)

Тут, вядома ж, таксама прысутнічае глыбока асабісты пачатак: вечаровы гарадзкі пэйзаж выступае фонам для інтымнай гутаркі лірычнага героя з таямнічай (гэта для нас таямнічай, а для паэта — наўрад ці) госьцяй. І, што цікава, перад намі — фактычна першы ўрбаністычны твор у спадчыне У. Хадыкі, хоць у Менску паэт бываў і раней: у 1922—1923 гг. вучыўся тут на агульнаадукацыйных курсах, а ў лістападзе 1925 г. езьдзіў дэлегатам на І зьезд «Маладняка» з мандатам № 46 і «рашучым» голасам…

Начлежка зь пеўнем і парасятамі

Уладзімер Хадыка. Анкета дэлегата І-га Усебеларускага зьезду паэтаў і пісьменьнікаў “Маладняк”. 25 лістапада 1925 г.
Уладзімер Хадыка. Анкета дэлегата І-га Усебеларускага зьезду паэтаў і пісьменьнікаў “Маладняк”. 25 лістапада 1925 г.

Сузіраць пад (!) вокнамі «срэбную волю» — азораны ліхтарным сьвятлом прастор вуліц — можна з вышыні другога ці трэцяга паверху, але наўрад ці зь першага. І мураваныя сходкі, і бэтонныя скляпеньні болей пасуюць да гарадзкога цэнтру, чым да ўскраін, на якіх таксама ў свой менскі пэрыяд жыцьця пакватараваў Уладзімер Хадыка. Вось як выглядала, напрыклад, яго жытло каля Вайсковых могілак: «Куток у агульнай кватэры, які ён наймаў у прыватніка, быў няўтульны. Гэта было фактычна месца толькі для начлегу. Як гэта ні дзіўна, а ў той час на ўскраіне Менску жылі людзі, якія займаліся і прыватнай сельскай гаспадаркай. Яны трымалі зімою ў кватэры ўсялякую жыўнасьць. На кухні ў загародцы пішчалі парасяты, а падпечак быў повен курэй. У хаце, дзе жыў Хадыка, стаяў цяжкі дух. Разоў дзесяць на ноч гарлапаніў дзябёлы певень» (з успамінаў Міколы Хведаровіча). Якія ўжо там мураваныя сходкі! Таму — зусім ня выключана, што верш «Пад вокнамі срэбная воля…» паэт напісаў менавіта там, у пакойчыку кватэры № 9 дому № 11 па вуліцы Валадарскага.

Мураваныя сьведкі менскага літаратурнага жыцьця

Уладзімер Хадыка. Сяброўскі шарж Цфаніі Кіпніса. 1932 г.
Уладзімер Хадыка. Сяброўскі шарж Цфаніі Кіпніса. 1932 г.

Колькі часу пражыў Уладзімер Хадыка ў гэтым доме? Можа, некалькі месяцаў, а можа, і некалькі тыдняў. Але калі нават і некалькі дзён, гэта ўсё адно не зьмяншае яго ўнікальнасьці для менсказнаўства і літаратурнага краязнаўства. Бо ці шмат у нас засталося такіх вось мураваных сьведкаў літаратурнага жыцьця міжваеннага часу — ужо ня кажучы пра часы ранейшыя? Узяць хоць бы сьпіс адрасоў з той самай восьмай калёнкі, зь якога, падобна, да сёньняшняга дня толькі дом Хадыкі і дастаяў — шмат у чым дзякуючы свайму статусу помніка архітэктуры. Але мэмарыяльная дошка, прысьвечаная паэту, калі й зьявіцца, дык ня хутка. Як няма шыльдаў на дамах, дзе жылі Платон Галавач і Васіль Шашалевіч. Затое ў скляпеньнях таго дому па Валадарскага ёсьць кавярня «Beer Show» («Валерыя»), у якой захоўваецца мэмарыяльная шыльда ў гонар абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі, зробленая ў 1993 г. Алесем Шатэрнікам (усталяваць новую шыльду на суседнім будынку, дзе ўсё і адбылося, пакуль не дазваляюць улады), а нядаўна тут прайшла выстава творчай суполкі «Пагоня», прымеркаваная да 101-х угодкаў стварэньня БНР. Ёсьць тут і шырокія падваконьні, на якіх знайшлі прытулак старыя друкарскія і швальныя машынкі. А яшчэ — кнігі. Багдановіч, Гартны, Быкаў, Мележ, Караткевіч, Навуменка… Калі раптам натраплю ў букіністычнай краме на лішні асобнічак Хадыкавай кнігі — набуду і таксама пастаўлю яго туды.

«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Меркаваньні перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG