Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусы ў эмоцыях дасягнулі ўзроўню ангельскай арыстакратыі»


Няміга, Дзень Менска

Беларусы — адзін з самых неэмацыйных народаў сьвету. У сьпісе 143 краінаў Беларусь на перадапошнім месцы пасьля Емэну. Горш толькі ў Аўганістане.

Чаму так адбываецца і што гэта значыць? Гэта наша бяда, якая тармозіць разьвіцьцё і дазваляе маніпуляваць цэлай нацыяй або можа наш імунітэт, які стагодзьдзямі дапамагаў выжыць у вельмі неспрыяльных умовах?

Гэтыя тэмы ў сёньняшняй Зоне Свабоды абмяркоўваюць Ганна Соўсь, Сяргей Навумчык і Віталь Цыганкоў. Вядзе дыскусію Дзьмітры Гурневіч.

Гурневіч: Дасьледаваньне амэрыканскай сацыялягічнай арганізацыі Gallup было праведзенае ў 2018 годзе ў 143 краінах і выявіла, што меней станоўчых эмоцый за беларусаў адчуваюць толькі людзі ў Аўганістане.

Ганна, як гэта магчыма, што краіна ў цэнтры Эўропы, дзе вайны не было ўжо больш за 70 год, стаіць побач з Аўганістанам, які дзесяцігодзьдзямі знаходзіцца ў стане пастаяннай вайны, дзе сярэдняя працягласьць жыцьця складае 50 год. У Беларусі гэта 72 гады. Гэта два розныя сусьветы.

Соўсь: Амэрыканскі інстытут Gallup — адна з самых паважаных дасьледчых інстытуцый сьвету, які шмат гадоў вывучае грамадзкае меркаваньне ў ЗША і сьвеце.

У 2015 годзе Беларусь таксама была адной з самых неэмацыйных краінаў сьвету. Менш эмацыйнымі, чым беларусы, былі тады азэрбайджанцы, грузіны і манголы.

Ганна Соўсь
Ганна Соўсь

Я паглядзела гэты рэйтынг за розныя гады, і Беларусь заўсёды мела болей нэгатыўных эмоцыяў, чым пазытыўных. Суседзямі Беларусі па нэгатыўным эмацыйным настроі былі і Літва, і Грузія, і Украіна.

Даводзіцца чуць скепсіс, што ад вымярэньня эмоцый нічога не залежыць і што гэтыя дадзеныя ні пра што ня сьведчаць. Што, напрыклад, большае значэньне можа мець рэйтынг, заснаваны на ВУП, ці беспрацоўі. Спэцыялісты Gallup перакананыя, што празьмерная залежнасьць ад жорсткіх дадзеных можа стаць прычынай таго, што глябальныя лідэры, эканамісты і палітолягі прапускаюць сацыяльныя ўзрушэньні.

Менавіта таму і дасьледуюць эмоцыі ў 140 краінах сьвету. Замест пытаньня «Ці ёсьць у вас праца?», можна запытацца, як праходзіць вашае жыцьцё? І такія эмацыйныя ацэнкі свайго жыцьця могуць дапамагчы палітычным лідэрам зразумець стан грамадзтва, які не складаецца толькі зь лічбаў ВУП. Ці колькасьці жанчын у парлямэнце, якія ў Беларусі ня значаць нічога. Ня ведаю, ці аналізуюць беларускія ўлады дадзеныя гэтага рэйтынгу і наколькі для іх важны эмацыйны стан грамадзтва. Але тое, што ў беларусаў пераважаюць нэгатыўныя эмоцыі, сьведчыць пра сытуацыю ў краіне магчыма больш, чым афіцыйныя дадзеныя па беспрацоўі.

Гурневіч: Сацыялягічная служба Gallup прасіла апытаных адказаць, ці адчувалі яны за папярэдні дзень пяць станоўчых і пяць адмоўных эмоцыяў. Пяць станоўчых — адчуваньне, што ты добра адпачыў/адпачыла, што да цябе ставяцца з павагай, радасьць, шмат усьмешак і сьмеху, а таксама адчуваньне, што ты вывучаеш ці робіш нешта цікавае. Пяць нэгатыўных перажываньняў — гнеў, стрэс, смутак, фізычны боль і трывога.

Сяргей, вы часта пісалі пра тое, што сацыялягічныя дасьледаваньні ў аўтарытарных краінах ня маюць сэнсу, бо людзі там проста не адказваюць шчыра. А можа беларусы проста падманулі дасьледнікаў і палічылі больш правільным павесьці сябе асьцярожна? Бо ці мала што. А насамрэч мы квітнеем эмоцыямі.

Навумчык: Я, калі гэта пісаў, то звычайна цытаваў Васіля Быкава, які казаў, што ў камуністычных краінах ці аўтарытарных, сацыялягічныя дасьледаваньні часта ня маюць ніякага сэнсу. Бо людзі або баяцца адказваць, або адказваюць няшчыра. А чым увогуле можна вымяраць эмацыйнасьць? Ці мы гаворым пра нейкую канкрэтную асобу? Тады прабачце, але ніхто мне не дакажа, што эстонцы або фіны больш эмацыйныя, чым беларусы.

Сяргей Навумчык
Сяргей Навумчык

Або, калі мы кажам пра эмацыйнасьць грамадзтва, тады мы ўвогуле мусім ісьці да Гумілёва і яго тэорыі этнагенэзу зямлі, да тэорыі пасіянарнасьці. Паводле гэтай лёгікі, грузіны — вельмі эмацыйныя, бо яны правялі столькі зьменаў. Але калі мы возьмем савецкі пэрыяд, яны таксама маўкліва сядзелі, як беларусы ці ўкраінцы, пад сталінскай дыктатурай. І ўсё ж збольшага, я лічу, што гэта слушныя высновы. І, магчыма, гэта сапраўды дапамагала беларусам выжываць. Нельга забывацца, што беларусы больш за 200 гадоў былі пад акупацыяй, і гэта прымушала беларусаў выжываць.

Гурневіч: Віталь, у 2017 годзе беларусы па індэксе станоўчых эмоцыяў былі на 13-м месцы. То бок за год Беларусь упала на больш як 10 пазыцыяў. Што такога сталася ў краіне, што людзі практычна перасталі перажываць станоўчыя эмоцыі і што ўвогуле ўплывае на тое, што беларусы такія неэмацыйныя?

Цыганкоў: Адказ відавочны — нічога ня сталася, таму беларусы і сталі яшчэ менш эмацыйнымі. Паколькі ўсё ў краіне застаецца ў значнай ступені замарожаным, няма ані добрых, ані кепскіх зьменаў, адкуль тады зьведваць нейкія эмоцыі? Ёсьць такі выраз: «Нашыя недахопы — гэта працяг нашых станоўчых якасьцяў». Так і тут. Я абсалютна ня згодны, каб успрымаць гэта адназначна нэгатыўна, як нешта пасіўнае.

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Тое, што беларусы ня зьведваюць нейкіх эмоцыяў з розных нагодаў — можа наадварот, гэтаму могуць пазайздросьціць будысцкія манахі. Можа беларусы дасягнулі такога дзэну, што яны не рэагуюць на нейкія дробязі жыцьця. Ці як ангельская арыстакратыя, прынцыпам якой было стрымліваньне сваіх эмоцыяў і кіравацца розумам. Ангельская літаратура XIX ст. спрабавала раскрыць людзей, каб яны выказвалі эмоцыі, а ня толькі халодны розум. Такой была ангельская арыстакратыя, а цяпер такія беларусы. Яны лічаць, што ў сёньняшнім сьвеце няма сэнсу праяўляць свае эмоцыі з прычыны нейкіх дробных рэчаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG