Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зянону Пазьняку — 75 гадоў: Нехта павінен казаць праўду, нават калі пацягнуць на крыж


Сваё 75-годзьдзе адзначае Зянон Пазьняк — адкрывальнік Курапатаў, адзін з ініцыятараў стварэньня Беларускага Народнага Фронту, старшыня дэпутацкай Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня, фотамастак, паэт, гісторык. Мы патэлефанавалі ў Нью-Ёрк.

— 75 гадоў — што гэта, па вашым досьведзе? На колькі, дарэчы, вы сябе адчуваеце?

— Адчуваю на 75 і можа трошкі болей. Па досьведзе ведаю, што самы харошы ўзрост — той, які перажываеш і ў якім знаходзісься. У 60 гадоў я яшчэ ня ведаў таго, што ведаю і разумею цяпер.

— Ваш 50-гадовы юбілей адзначалі ў сядзібе БНФ на Варвашэні. Быў Быкаў, быў Барадулін. Яшчэ была парлямэнцкая рэспубліка, не было прэзыдэнта, не было Лукашэнкі. Былі спадзяваньні. Цяпер, у 75 гадоў, пасьля 25-гадовага кіраваньня Лукашэнкі — у вашых тэкстах, зваротах, заявах чытаецца такая ж упэўненасьць і такая ж моцная вера, як і чвэрць стагодзьдьзя таму. Чаму? Нібыта ж няма прычынаў для аптымізму.

— Гэта зьвязана з тым, што само жыцьцё аптымістычнае. Пэсымізм — гэта хвароба духа. Я здаровы.

Упэўненасьць і вера — гэта складнік змаганьня за ідэалы. Тут амаль што тэхналёгія. Хто ня ўпэўнены — той не змагаецца. Хто ня верыць — той не дасягае.

— Што вы лічыце найважнейшай сваёй заслугай у жыцьці?

Найвышэйшай заслугай для мужчыны мусіць быць дабро Айчыны, — так я напісаў некалі ў «Вялікім Княстве». Гэта абавязак. Я ўсё жыцьцё стараўся яго трымацца. Пра свае заслугі гаварыць ня буду, бо заслугі вызначае гісторыя.

— Калі сёньня чытаеш камэнтары ў сацыяльных сетках, выступы дэмакратычна, нацыянальна арыентаваных журналістаў — ня можаш пазбавіцца ад адчуваньня, што ўсё гэта — і пра імпэрскія памкненьні Расеі, і пра небясьпеку паглынаньня беларускага бізнэсу — вы казалі яшчэ ў пачатку 90-х. Але тады гэтыя ідэі не ўспрымаліся нават значнай часткай дэмакратычна арыентаванага грамадзтва. Вам ня крыўдна, што публічна ніхто, акрамя вашых паплечнікаў, не прызнаўся, што вось Пазьняк меў рацыю, а мы ня мелі?

— Так выяўляецца прырода чалавека, імкненьне захаваць сваю тэрыторыю і асобу. Тут мэнтальная зьява, да якой мала дакраналася культура. Я спатыкаў дастаткова шмат людзей, якія, несправядліва пакрыўдзіўшы іншага чалавека, памруць, але не папросяць прабачэньня. Тое самае — не прызнаюць памылак. Тым часам, каб разьвівацца і ўдасканальваць розум, трэба ўсьведамляць памылкі. А яшчэ лепш добра думаць і памылак не рабіць. Тут шмат залежыць ад культуры асобы.

Але зацятасьць у непрызнаньні памылак — яшчэ паўбяды. Горш, калі тое памылковае казаньне зьвязанае з эгацэнтрызмам. У такім разе інтэлектуальна і дзейна пасьпяховы чалавек становіцца для эгацэнтрыста аб’ектам схаванай сіняй нянавісьці, на першы погляд неадэкватнай і незразумелай. Тут прыватны выпадак сальерызму. Чаму я пра гэта кажу — бо яно ёсьць.

— Часта гучыць такое меркаваньне, што БНФ і асабіста Пазьняку, магчыма, і ня варта было выказваць радыкальныя на свой час прапановы, каб не адштурхнуць ад сябе электарат. І вось тады гэты электарат і прагаласаваў бы за Пазьняка. Варта было пачакаць, калі грамадзтва сасьпее.

— Разьвіцьцё грамадзтва і разьвіцьцё ідэяў узаемазьвязана і заснавана на заканамернасьцях. Калі не казаць праўды, то само грамадзтва, ня чуючы праўды, ніколі не сасьпее. Нехта павінен пра яе казаць, нават калі яго пацягнуць на крыж, як Галілея. Але Зямля круціцца.

Тут ізноў жа тэхналёгія разьвіцьця грамадзтва. Ня будзем казаць — ня будуць ведаць. Нічога, што зразумелі праз дваццаць гадоў, калі смажаны певень дзюбнуў і ў вочы плюнулі. Каб не было сказана — падумалі б, што дождж ідзе.

Дачыненьні з электаратам у той час складаліся такім чынам, што калі не казаць праўду, то трэба было казаць хлусьню. Фронт адкінуў КПСС і здабыў Незалежнасьць краіны на ідэях праўды, служэньня народу і Айчыне.

Праціўнікі Фронту стаялі на ідэях СССР, КПСС, калгасаў і супраць незалежнасьці краіны.

Размовы аб тым, што тут, у гэтых абставінах, трэба было прыкінуцца іншым, нечага не казаць і да т.п., узьнікаюць сярод людзей з прымітыўным узроўнем думаньня, сьведчаць пра адсутнасьць палітычнага разьвіцьця. Я ніколі не камэнтаваў ахламонаў, бо гэта трата часу. Там чаго няма — таго няма.

— Тэма эміграцыі, а больш дакладна, вяртаньня Пазьняка абмяркоўваецца актыўна, вы ўжо шмат разоў выказваліся пра гэта. Але вось нядаўна Алег Трусаў напісаў у камэнтары ў фэйсбуку, цытую: «Лукашэнка вельмі хоча, каб Пазьняк прыехаў». Скажыце, ці сапраўды ў яго можа існаваць такое жаданьне і зь якімі мэтамі? І калі мы ўжо прыгадалі Лукашэнку — ці не заўважаеце вы нейкіх перамен у ім? Як ацэньваеце «незалежніцкую» рыторыку, якую ён выкарыстоўвае ў апошнія гады? Іншымі словамі — ці верыце вы яму?

— Ён не зьмяняецца. І ня зьменіцца ніколі.

У гэтага пэрсанажа, які толькі што па-гопніцку, бруднымі словамі абгадзіў Народны Мэмарыял Курапаты, які павыдзіраў крыжы, у гэтага пэрсанажа хітрасьць замяняе розум. Прыезд Пазьняка ў ягоны гэбісцкі калгас азначаў бы прызнаньне ляяльнасьці ягонай душагубкі і маральную капітуляцыю беларускага Адраджэньня. Здрада маральным прынцыпам двух Дэпутатаў Незалежнасьці, якія пайшлі на збор нечасьцівых і кажуць пра шчасьце, што сатрап, нішчыцель нацыі зьвярнуў на іх увагу, — усё гэта яшчэ не азначае паразу ідэі. Нават калі б усе паплечнікі, дэпутаты-адраджэнцы (як некалі дзеячы БНР) пайшлі б на паклон да беса (а ўсе ня пойдуць) — гэта не азначала б паразы ідэалаў свабоды і незалежнасьці Беларусі, пакуль вольным і нясхільным буду я.

Я разумею адказнасьць перад нацыяй і значэньне свайго імя, маіх справаў і слоў. Разумее гэта і ўся нечысьць.

Ніякія хітрасьці, ніякія пакуты і ніякая сьмерць не саб’юць мяне.

У будучыні Беларусь ня толькі стане вольнай і моцнай, але і адродзіць веліч Вялікага Княства. Слава Айчыне!

— У 1990 годзе вы вызначылі галоўную мэту як здабыцьцё Незалежнасьці. Я маю на ўвазе нават ня толькі мэту БНФ, а мэту ўсёй нацыі. Беларусь незалежная ўжо больш як 27 гадоў. Самая галоўная, на ваш погляд, мэта, якая цяпер стаіць перад нацыяй?

— Я б тут асобна сказаў пра задачу і пра мэту.

Задача — абараніць, захаваць, умацаваць сувэрэнітэт і незалежнасьць Беларусі.

І цяпер галоўная мэта, якая ў гэтых умовах стаіць перад нацыяй.

Некалі я напісаў верш, які тут працытую. Гэта рэмінісцэнцыя з Купалы.

«Вы хочаце лепей жыць,
Болей грошай,
дабрабыту,
спакою.
Ня будзеце мець нічога,
Ніколі,
Пакуль не захочаце
Звацца людзьмі».

Што такое «звацца людзьмі» сто гадоў таму магутна, громам прагрымеў Янка Купала.

Людзі — гэта тыя, што шануюць свой род, сваіх продкаў, мову свайго народу, культуру, зямлю і дзяржаву, гатовыя ўсё гэта паляпшаць, мацаваць і бараніць ад няшчасьцяў. Людзьмі быць добра. Добра ўсім.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG