Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сям’і з Горадзенскай вобласьці, дзе засілілася шматдзетная маці, беларусы падаравалі мэблю і тэхніку


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Сям’і зь вёскі Вайкунцы Воранаўскага раёну, дзе маці павесілася пасьля таго, як органы апекі забралі дзяцей, беларусы перадалі патрэбныя рэчы.

Тацяна памерла 7 лютага, увечары таго ж дня, калі зь сям’і ў прытулак забралі чацьвярых дзяцей. Дагэтуль сацыяльныя службы настойвалі, каб сям’я пераехала зь вясковай хаты ў новую кватэру ў Воранаве. Аднак у сужэнцаў не было грошай, каб набыць туды ўсю мэблю, таму пераезд адкладалі.

Пасьля трагедыі журналісты тэлеканалу «Белсат» Андрусь Козел і Вольга Чайчыц абвесьцілі ў «Фэйсбуку» збор патрэбных рэчаў для сям’і. За тры дні адгукнулася каля 50 чалавек, расказала Свабодзе пэдагог-псыхоляг Сьвятлана Бергер, якая брала ўдзел у дапамозе.

Усе ахвяраваныя рэчы завезьлі ў Воранава і перадалі мужу нябожчыцы Тацяны Андрэю 20 лютага. Людзі перадалі чатыры канапы, тахту, шафы, крэслы, пральную машыну, тэлевізары, кампутары, посуд, бялізну, ручнікі, адзеньне для дзяцей, цацкі.

Цягам дня з дапамогай знаёмых і сваякоў Андрэя здолелі разгрузіць рэчы і расставіць мэблю па кватэры. Калі сям’я пераедзе ў Воранава, гаспадарку (кароў, сьвіней) будзе даглядаць бацька Андрэя.

Сьвятлана Бергер разам з Андрэем заехала ў прытулак да ягоных дзяцей у Радуні, пагаварыла з дырэктаркай прытулку Данутай Савіцкай. Па ейных назіраньнях як дзіцячага псыхоляга, дзецям цяпер дастаткова добра ў прытулку. Кіраўніцтва дапамагае Андрэю і іншым бацькам, каб як мага хутчэй вярнуць іх у сям’ю. Неўзабаве ўсе чацьвёра паедуць у санаторый, каб паправіць здароўе. Адметна, што ўсе дзеці з Радунскага цэнтру пасьля вяртаюцца дахаты, а не пераходзяць у дзіцячы дом.

Паводле вынікаў пракурорскай праверкі, для адбіраньня дзяцей у 30-гадовай шматдзетнай маці з Воранаўскага раёну былі бясспрэчныя законныя падставы, паколькі дзеці «пражывалі ва ўмовах, якія ўяўлялі рэальную і непасрэдную пагрозу іх жыцьцю і здароўю, з прычыны чаго правы і законныя інтарэсы чацьвярых малалетніх груба парушаліся».

Пракуратура сьцьвярджае, што адсутнічаў належны догляд дзяцей, парушаліся сацыяльныя нормы і правілы, у тым ліку правілы гігіены, што пацягнула за сабой захворваньні дзяцей, а парады мэдыкаў ігнараваліся. Сьцьвярджаецца, што не задавальняліся патрэбы дзяцей у ежы, адзеньні, належных умовах пражываньня, адпачынку і адукацыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG