Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктарка Чэскага цэнтру ў Кіеве Луцыя Ржэгаржыкава: У Беларусі яшчэ ўсё наперадзе


Луцыя Ржэгаржыкава, дырэктарка Чэскага цэнтру ў Кіеве

Чэхія ў гісторыі беларускай культуры ад Скарынавых часоў займае важнае месца. Аднак у Менску дагэтуль няма Чэскага цэнтру — культурнай «амбасады» Чэхіі ў сьвеце. Мы гаворым з дырэктаркай Чэскага цэнтру ў Кіеве Луцыяй Ржэгаржыкавай, якая прыяжджае ў Менск для ўдзелу ў міжнароднай кніжнай выставе.

— Дзе і як вы так добра навучыліся гаварыць па-ўкраінску?

— Як ні дзіўна — у Брне, на ўкраіністыцы ва ўнівэрсытэце. Спадзяюся, што ваш камплімэнт — гэта не намёк на тое, што ў мяне брненскі акцэнт. Але практыку я, вядома ж, набывала ў Кіеве. Ва ўкраінскую мову я закахалася і падазраю, што гэта было каханьне зь першага позірку, або дакладней — почуту.

— Як даўно вы ў Кіеве?

— У Кіеве я ўжо пяты год. Гэта няпросты для жыцьця, вялікі горад з частымі заторамі і самымі рознымі ўскладненьнямі — ну гэта калі параўноўваць з жыцьцём у зацішнай Чэхіі. Але тут цудоўныя людзі, якія кампэнсуюць любы дыскамфорт.

Зь лідэрам крымскіх татараў Мустафом Джамілевым
Зь лідэрам крымскіх татараў Мустафом Джамілевым

— Колькі наогул у сьвеце Чэскіх цэнтраў? Чаму няма ў Беларусі?

— Усяго па ўсім сьвеце 24 аддзяленьні, але, на жаль, у Беларусі пакуль што няма. Магчыма, сытуацыя зьменіцца. Думаю, што цікавасьць чэскай замежнай палітыкі да Беларусі мае доўгатэрміновы характар. Я рада, што нам з Кіева ўдаецца падтрымліваць двухбаковыя культурныя праекты. І вядома ж — вывучэньне чэскай мовы, да якой у Беларусі адчуваецца вялікая цікавасьць. Аднак мець самастойны Чэскі цэнтар у Менску было б цудоўна.

— А па-беларуску вы разумееце? Як беларуская мова гучыць для чэскага вуха?

— Разумею, але не гавару. Я б сказала, што з трох мовай — расейскай, украінскай і беларускай — апошняя будзе найбліжэйшай чэскаму вуху. І таму вельмі шкада, што турысты, гэтак як і я, так мала чуюць яе на вуліцах Менску або іншых вялікіх гарадоў. Але беларуская мова часам служыць нечым накшталт апазнавальнага знаку — калі з вамі нехта загаворыць па-беларуску, гэта амаль заўсёды значыць, што зь ім ёсьць сэнс весьці размову, бо такая размова будзе натхняльнай.

Са Сьвятланай Алексіевіч
Са Сьвятланай Алексіевіч

— Што наогул для чэхаў значыць Беларусь? Дзе яны яе бачаць?

— Чэхаў хоць і не так шмат — але ўсё ж 10 мільёнаў, і я не магу адказаць за ўсіх. Я сама лічу Беларусь ня толькі эўрапейскай краінай, але і сярэднеэўрапейскай — яна належыць да культурнай тэрыторыі паміж Усходам і Захадам, хоць, як я спадзяюся, усё больш і больш кіруецца ў бок Захаду. Пакуль што чэска-беларускія кантакты, у тым ліку ў галіне культуры, вельмі слабыя і не адпавядаюць магчымасьцям і патэнцыялу. І мы стараемся тут нешта мяняць, ня ўсё ідзе так хутка, як хацелася б, але я веру, што і так гэта мае сэнс.

— Калі Вы ўпершыню пачулі пра Францішка Скарыну?

— Напэўна ва ўнівэрсытэце ў Брне, калі вывучала расейскую і ўкраінскую мовы. Беларуская ў нас была неафіцыйнай трэцяй мовай, а Беларусь — краінай, чыёй культурай мы таксама займаліся. Ну і пасьля, вядома, падчас падарожжаў у Беларусь, якіх было нямала і падчас навучаньня, а цяпер я туды ежджу рэгулярна.

— Падчас наведаньня Беларусі або і ва Ўкраіне — мабыць, вы заўважылі, што самы вядомы чэх у нашых краінах — гэта Ёзэф Швэйк. Што вы пра гэта думаеце?

— На Швэйка ў Чэхіі глядзяць па-рознаму. Нехта падазрае, што гэты пэрсанаж — гэта помнік чэскаму прыстасаванству, небаявітасьці, але я так ня думаю. Швэйк ідзе на страшную і невясёлую вайну, ня маючы з сабой іншай зброі апрача гумару, але тое, што ён не дазваляе пазбавіць сябе таго, што яму ўласьціва, — у гэтым ягоная перамога і параза вайны. Мець сваю годнасьць — вось што я прачытваю ў Швэйку між радкамі. Так што, як ні парадаксальна, для мяне Швэйк — сымбаль чэскага геройства і адвагі, бо часам найцяжэй бывае быць самім сабою.

— Якіх ведаў пра Чэхію ў нашых краінах недастае? Пра што людзі мусілі б ведаць?

— Я думаю, што мы наогул адны пра адных ведаем вельмі мала. З аднаго боку людзі ў Беларусі і Ўкраіне маюць да Чэхіі вялікую сымпатыю, што прыемна, але часам гэта аж завялікая ласка. Я б хацела, калі ўжо мы адны пра адных ведаем няшмат, каб мы мелі адны да адных павагу. І я думаю, што беларусы да Чэхіі такую павагу маюць, недахоп яе будзе хутчэй на нашым баку, тут яшчэ трэба будзе папрацаваць. Але я думаю, што і гэта з часам палепшыцца, перадусім з новым пакаленьнем, якое мае менш перадсудаў і не жыве стэрэатыпамі сваіх бацькоў.

— Як часта вы бываеце ў Беларусі? Што вам у ёй падабаецца?

— Прыблізна раз-два за паўгодзьдзе. Беларусь — прыгожая краіна з цудоўнымі людзьмі, у якой, мабыць, усё яшчэ наперадзе. Я веру, што ня пройдзе шмат часу, і Беларусь цалкам ступіць на эўрапейскую дарогу, бо проста там яе месца.

— Што вы ведаеце зь беларускай літаратуры?

— На жаль, занадта мала, каб выказаць пра яе нейкую думку. Але прызнаюся, што вельмі люблю беларускую паэзію і чытаю яе, калі маю на гэта нагоду і час, чаго вельмі бракуе. І мушу прызнацца, што вельмі хацела б пазнаёміцца зь беларускім тэатрам, але пакуль што не ўдаецца, абяцаю ў гэтым выправіцца.

— Ваша дзейнасьць практычна ахоплівае і Беларусь. Што вы там ужо зрабілі, робіце ці плянуеце зрабіць?

— На першым месцы — моўныя курсы, пасьля — разавыя культурныя акцыі, аўтарскія чытаньні, выставы, канцэрты. Але найважнейшым я лічу тое, каб мы надоўга занесьлі Беларусь на карту чэскіх культурных інтарэсаў. Гэта і тая мара пра Чэскі цэнтар у Менску, спадзяюся, што яна споўніцца. Я веру, што калі ўзьнікне такі мост, дык тых, хто захоча па ім прайсьці, будзе нямала.

— Гэта ўжо ня першы кніжны кірмаш з вашым удзелам. З чым вы прыехалі гэтым разам?

— Наш сёлетні стэнд будзе большы дзякуючы ласкавай падтрымцы Міністэрства культуры Чэскай рэспублікі. Мы напоўнім увесь кірмаш выданай па-беларуску газэтай, чыёй галоўнай тэмай будуць лёсавызначальныя «васьмёркі» чэскай гісторыі (1918, 1938, 1948, 1968). Апрача таго гэтае наша нерэгулярнае выданьне піша пра сучасную чэскую літаратуру і пра яе беларускія пераклады. Мы прадставім дзейнасьць Чэскага цэнтру ў Беларусі, у тым ліку нашы пляны на гэты год, пасьпяховыя курсы чэскай мовы і г. д. У праграме таксама — прэзэнтацыя праскага беларускага выдавецтва «Вясна», у плянах якога — выданьне ўзаемных перакладаў нашых літаратур. Адбудуцца таксама літаратурныя чытаньні новаперакладзенай кнігі Мілаша Урбана. Магчыма, удасца паказаць і фільм чэскага рэжысэра Радзіма Прохазкі пра беларускіх паэтаў — «Пуп неба».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG