Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігар Бабкоў: «Беларусь увайшла ў эпоху коміксу»


Ігар Бабкоў на цырымоніі ўручэньня прэміі Гедройця 2014
Ігар Бабкоў на цырымоніі ўручэньня прэміі Гедройця 2014

Напрыканцы мінулага году выйшла ў вугорскім перакладзе ў Будапэшце кніга эсэ Ігара Бабкова «Каралеўства Беларусь. Вытлумачэньне ру(і)наў» (2005). Паколькі ў 2008 годзе гэтая кніга выйшла ў маім перакладзе на польскую мову, я палічыў нядаўняе вугорскае выданьне неблагой зачэпкай для нашай размовы пра некаторыя ідэі і мэтафары з гэтага зборніка, якія, не пабаюся сказаць, трывала ўвайшлі ў беларускі культурны дыскурс.

«Сон, што сьніўся нікому», партызаны і мэнэджэры, «беларускі народ памёр», беларуская транскультурнасьць — гэтыя паняцьці і яскравыя этыкеткі знаёмыя кожнаму, хто хоць крыху глыбей цікавіцца найноўшай гісторыяй беларускай культуры і пытаньнямі беларускай ідэнтычнасьці. Запрашаю ўсіх паслухаць нашу гутарку зь Ігарам цалкам у аўдыё-файле, а тым, якія пакуль не «падселі» на падкасты, прапаную некалькі фрагмэнтаў у транскрыпцыі — каб пры нагодзе папіярыць свой цыкл падкастаў пад агульнай назвай «Гутаркі зь Янам», інаўгурацыяй якога зьяўляецца гутарка зь Ігарам Бабковым.

Што застаецца ад кнігі «Каралеўства Беларусь. Вытлумачэньне ру(і)наў»

«Каралеўства Беларусь. Вытлумачэньне ру(і)наў» (2005)
«Каралеўства Беларусь. Вытлумачэньне ру(і)наў» (2005)

«Ня ведаю, як з актуальнасьцю, але яна ўсё яшчэ дзіўная і абсалютна не фарматная. Я раз на два-тры гады перачытваю і пераглядаю гэтую кнігу, — звычайна пасьля таго, як сустракаю нейкі водгук на яе, — і знаходжу абсалютна новыя сэнсы і новыя кантэксты. Я б сказаў такім чынам. Па-першае, ясная мэтафара ў цэнтры, у назьве: руны, руіны, пошукі каралеўства. Гэта дакладна тое, што спакусіла нашае пакаленьне напрыканцы 1980-х. І гэта застаецца, безумоўна. (…) Тады Беларусь сапраўды спакусіла нас сваёй утоенай сакральнасьцю. З аднаго боку такая ўбогая калянізаваная рэальнасьць, а з другога боку вось гэты патэнцыял. Ідэя „Каралеўства Беларусь“ — гэта не ідэя палітычнага праекту, а ідэя радыкальнага пашырэньня рамкі нашага мысьленьня і нашага ўяўленьня. Гэта ня проста нацыянальны праект, але і пошукі суб’ектнасьці, і культурныя войны за сваё, а ў самых радыкальных вэрсіях — пошукі мэтафізычнай, а можа і трансцэндэнтнай рамкі для беларускага кантэксту. Я думаю, што гэта застаецца, прынамсі для майго пакаленьня».

«Тутэйшыя» як пакаленьне радыкальнага разрыву

Кніга эсэ Ігара Бабкова «Каралеўства Беларусь. Вытлумачэньне ру(і)наў» (2005), польскі пераклад (2008)
Кніга эсэ Ігара Бабкова «Каралеўства Беларусь. Вытлумачэньне ру(і)наў» (2005), польскі пераклад (2008)

«Літаратурная суполка „Тутэйшыя“ вельмі хутка фармалізавалася, скончылася, а пакаленьне засталося. Я маю ўражаньне, што гэта — пакаленьне радыкальнага разрыву зь беларускай савецкай літаратурай. Хтосьці мусіў прамовіць словы пра голага караля, таму што беларуская савецкая літаратура напрыканцы 1980-х (…) ужо не спакушала. Хтосьці мусіў гэта прамовіць і заявіць пра гэты разрыў. Калі зьявіўся маніфэст „Тутэйшых“ пра прыкарытную літаратуру, які напісаў Сяргей Дубавец (…), усе зразумелі, што мы не такія. У пошуках адказу на пытаньне, якія мы, я калісьці нават прыдумаў вызначэньне „пакаленьне антыкаляніяльнага мадэрну“. То бок пакаленьне „Тутэйшых“ — гэта першае пакаленьне беларускіх мадэрністаў, але такіх, якія не ўцякаюць як Джойс з Ірляндыі, а сядзяць у Дубліне і пішуць свае тэксты па-гэльску».

Калі зьявілася «праўдзівая літаратура» 1990-х?

«Тое, што мы можам назваць праўдзівай літаратурай 1990-х, літаратурай пакаленьня „Тутэйшых“, зьяўляецца храналягічна пазьней. (…) Яна пачынае выходзіць ад нулявых».

«Беларускі народ памёр»

«Я тады напісаў гэты сказ не ў наіўным разуменьні беларускага народу як людзей, як нейкай фізычнай ці антрапалягічнай зьявы. Я пісаў пра тое, што беларускі народ памёр як такая ідэя, якая апраўдвала ўсё. (…) Памерлі ўсе народніцкія комплексы ў беларускай літаратуры».

Пра веравызнаньне беларусаў

«Беларусы, хутчэй за ўсё, стыхійныя будысты».

Руіны і Бахарэвіч

Кніга эсэ Ігара Бабкова «Каралеўства Беларусь. Вытлумачэньне ру(і)наў» (2005), вугорскі пераклад (2018)
Кніга эсэ Ігара Бабкова «Каралеўства Беларусь. Вытлумачэньне ру(і)наў» (2005), вугорскі пераклад (2018)

«Каб крышачку больш патлумачыць ідэю [беларускіх культурных] руінаў, нечакана і дзіўна для самога сябе я апошнім часам зьвярнуўся да творчасьці Бахарэвіча, які ў гэтым кантэксьце мне цяпер падаецца надзвычай сымпатычнай і сымптаматычнай постацьцю. Я вельмі доўгі час не разумеў яго, адкуль у яго ўсе гэтыя змаганьні з Барадаўкінымі, вышываначнікамі, угляданьне ў беларускую правінцыйнасьць, дэпрэсію. Пасьля досьведу каралеўства, пасьля майго пакаленьня, пасьля такога радыкальнага пашырэньня і пошукаў sacrum, гэта выглядала крокам назад. І толькі ў апошні час я ўбачыў і зразумеў, што ён якраз рэалізуе гэтую праграму — ён углядаецца ў руіны і бачыць руіны там, дзе для ўсіх астатніх буяе слаўнае мінулае альбо велічная будучыня. Часам ён, канешне, стамляецца ад гэтай сваёй кармы і спрабуе захліснуцца прагрэсіўнымі ідэямі або фарматнай літаратурай, але вось ягоныя „Сабакі Эўропы“ — гэта надзвычай мужная спроба прайсьці беларускія руіны наскрозь і выйсьці зь іншага боку. У гэтым сэнсе кніга, канешне, эпахальная».

Транскультурны Марціновіч

«Мы прызвычаіліся саму беларускую тоеснасьць падзяляць на часткі, на ўнутраныя барыкады — беларуска-рускія, каляніяльна-аўтэнтычныя. А вось зьяўляецца Віктар Марціновіч і займае месца адразу з двух бакоў барыкады, гаворачы пра сябе як пра беларускага творцу. І гэта фантастычна прыгожая і пасьпяховая стратэгія і, аказваецца, вельмі важная для культуры».

«Не прачытаная» Морт

«Вальжына Морт абсалютна не прачытаная. У нас яе творчасьць і саму постаць Вальжыны Морт пераважна ўспрымаюць праз прызму тых fellowships, розных узнагародаў і стыпэндыяў, якія яна атрымала… (…) Насамрэч у яе адбываецца надзвычай цікавая ўнутраная работа, менавіта, унутры самой паэзіі, унутры верша, і беларускага, і амэрыканскага».

Як чытаю?

«Я не чытаю, каб адключыць сьвядомасьць, каб быць захопленым літаратурай. Мне дзеля гэтага хапае свайго жыцьця, мэдытацыі. Сучасная беларуская літаратура для мяне важная хутчэй як сымптом эпохі, як такі антрапалягічны дакумэнт, як сьведчаньне, што адбываецца з чалавекам і яго сьвядомасьцю».

Ян Максімюк і Ігар Бабкоў, Менск, верасень 2011
Ян Максімюк і Ігар Бабкоў, Менск, верасень 2011

* * *

Ігар Бабкоў — паэт, празаік, эсэіст, культуроляг і філёзаф. Апублікаваў кнігі паэзіі: «Solus Rex» (1992), «Герой вайны за празрыстасьць» (1998), «Засынаць, прачынацца, слухаць галасы рыб» (2009); кнігі прозы: «Адам Клакоцкі і ягоныя цені» (2001), «Хвілінка. Тры гісторыі» (2013), «Хвілінка. Другая кніга» (2017). За кнігу «Хвілінка. Тры гісторыі» атрымаў прэмію імя Ежы Гедройця ў 2014.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG