Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як выглядае Крэўскі замак пасьля чарговага этапу рэстаўрацыі. ФОТА


Рэканструкцыя Крэўскага замку

У мястэчку Крэве на Смаргоншчыне завершаныя работы па кансэрвацыі паўночна-заходняй сьцяны абарончага замку ХIV стагодзьдзя. Ужо зьнялі рыштаваньні, адвялі тэхніку.

Гэтая частка захавалася лепей за іншыя, якія моцна пацярпелі ад расейскіх абстрэлаў у часе Першай сусьветнай вайны.

На чарзе баявыя галерэі і контрафорс

​Да замка мы трапілі ў дзень, калі будаўнікі закідвалі ў кузаў грузавіка жалезныя канструкцыі, а бытоўкі і сховішчы вызвалялі ад рэштак матэрыялу. Абяцалі вярнуцца, як толькі адновіцца фінансаваньне рэстаўрацыі замка.

Як паведаміў Свабодзе кіраўнік аўтарскага нагляду, былы дырэктар прадпрыемства «Праектрэстаўрацыя» Ўладзімер Сіняўскі, цяпер рыхтуецца дакумэнтацыя на рэстаўрацыйныя работы на колішніх баявых галерэях і аднаўленьне яшчэ адной сьцяны.

«Правільней сказаць, што завершаныя работы па кансэрвацыі, а па рэстаўрацыі яшчэ не, — кажа адмысловец. — На частцы сьцяны, якая бліжэй да замкавай вежы, будуць аднаўляцца баявыя галерэі, таксама ў плянах зрабіць сёлета яшчэ адну сьцяну — паўночна-ўсходнюю, якраз там, дзе кантрафорс. Рыхтуецца дакумэнтацыя, трэба прайсьці экспэртызу. Будаваць у сёньняшніх умовах усё адно нельга, будзем чакаць вясны».

Адноўленыя муры маюць амаль 100 мэтраў даўжыні і на асобных участках сягаюць да 10 мэтраў увышыню. У іх вярнулі аўтэнтычныя камяні, дзіркі заклалі чырвонай цэглай. Як і ў выпадку з Княскай вежай, якая была закансэрваваная раней, сьцяну накрылі двухсхільным дахам.

Выдаткі сучасных тэхналёгій

Раней выказваліся заўвагі, што ў працэсе аднаўленьня будаўнікі выкарыстоўваюць камяні прыблізна аднаго памеру, а вялікія валуны пакідаюцца ў запас. Таму складаецца ўражаньне «акуратнага рамонту».

Верхняя частка муроў выводзіцца чырвонай цэглай. У старажытнасьці яе выраблялі зь мясцовай гліны, цяперашняя выглядае інакш. Элемэнты навадзелу асабліва відаць на Княскай вежы: сэрыйная прадукцыя моцна дысануе з аўтэнтычнымі парэшткамі.

У рошчыну будаўнікі інтэгруюць фрагмэнты-«разынкі». Калі старыя дойліды забівалі каменныя кліны, каб ушчыльніць канструкцыю, то цяпер кладка выглядае збольшага як дэкаратыўная.

«Зразумела, заўсёды хацелася б, каб было лепш, — пагаджаецца навуковы кіраўнік праекту аднаўленьня замку. — Але калі параўноўваць з тым, як было яшчэ зусім нядаўна, дык ці не ўпершыню зацеплілася вера на вяртаньне Крэву былой велічы. Прынамсі мы спадзяёмся, што пасьля гэтага муры прастаяць яшчэ доўга».

Камяні закладуць у каштарыс

У канцы 2018 году работы ледзь не спыніліся празь недахоп камянёў. Усё, што некалі вываліліся і валялася побач, будаўнікі паднялі і вярнулі на месца, і запасаў не засталося. З ініцыятывы грамадзкасьці быў абвешчаны збор валуноў: за кароткі час іх прывезьлі столькі, што на зіму кампанію зьбіраньня давялося нават згарнуць. Аднак неўзабаве дапамога можа спатрэбіцца зноў.

«Падчас мінулага этапу мы не закладалі ў каштарыс куплю камянёў, выкарыстоўвалі тое, што было пад рукой, — тлумачыць Ўладзімер Сіняўскі. — На фінішы крыху ня ўклаліся. Гэтым разам ужо будзе патрэбны рэгулярны падвоз матэрыялу: відавочна, што цяперашніх запасаў ня хопіць. Але гэтае пытаньне, думаю, вырашыцца ў апэратыўным парадку».

На просьбу ацаніць якасьць аднаўленчых работ Сіняўскі адказаў па-філязофску — «у дасканаласьці межаў няма».

За сваю доўгую гісторыю замак вытрымліваў напады і аблогі, а ў XIX стагодзьдзі страціў абарончае значэньне і быў закінуты. Вырашальнай для яго далейшага лёсу стала Першая сусьветная вайна: ад расейскіх абстрэлаў і нямецкай перабудовы пацярпеў увесь комплекс. Паколькі немцы атабарыліся ўсярэдзіне, расейская артылерыя біла менавіта туды. Да сёньня дайшлі ня сьцены, а толькі іхнае «нутро», фасад быў цалкам выбіты.

Самы стары абарончы замак ВКЛ

Крэва найбольш праславілася ў 1385 годзе, калі тут была падпісаная дынастычная унія паміж ВКЛ і Каронай Польскай. Тады пачынаўся новы геапалітычны этап для ўсяго рэгіёну. Што да часу зьяўленьня ў Крэве замку, дык дасьледчыкі дадаюць плюс-мінус сотню гадоў. Адны кажуць пра пачатак XIV стагодзьдзя, некаторыя дапускаюць, што можа быць нават сярэдзіна ХІІІ. Сходзяцца ў адным: як самы архаічны ва ўсім Вялікім Княстве Літоўскім ён стаіць ля вытокаў мураванага абарончага дойлідзтва.

Касьцёл Перамяненьня Пана ў Крэве
Касьцёл Перамяненьня Пана ў Крэве

Першыя спробы ўратаваць замак датаваныя пэрыядам, калі заходнебеларускія землі ўвайшлі ў склад Польшчы. У канцы 1920-х рэстаўратары на чале з гісторыкам Станіславам Лёрэнцам умацавалі парэшткі сьценаў мэталічнымі сьцяжкамі, паставілі контрафорс, але закончыць задуманае не пасьпелі.

З прыходам сюды ў 1939 годзе бальшавікоў пра кансэрвацыю гаворка ўжо не ішла. «Народная ўлада» першай справай узялася разьбіраць сьцены на ўласныя і індустрыяльныя патрэбы. Але нават аслабленыя муры не паддаліся. У такім стане руіны прастаялі да часоў незалежнасьці Беларусі. Княскую вежу накрылі рубэройдам, але ад дажджу і сьнегу гэтая канструкцыя не ратавала.

Толькі ў 2016 годзе Крэўскі замак трапіў у сьпіс з трох дзясяткаў памятак даўніны, якія патрабуюць неадкладнай дапамогі і выдаткі на захаваньне якіх ускладаюцца на дзяржаўны бюджэт. За апошнія гады ў кансэрвацыю і аднаўленьне муроў укладзена каля паўмільёна даляраў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG