Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта не дэкор, а хлам». Справу супраць гатэльнага ўласьніка Сямашкі закрылі


Станіслаў Сямашка, бізнэсовец і былы старшыня праўладнага Саюзу палякаў. Архіўнае фота, 2011 год

Крымінальную справу супраць горадзенскага ўласьніка гатэляў Станіслава Сямашкі і ягонай жонкі спынілі. Ім пагражала да 10 гадоў пазбаўленьня волі за нібыта зьнішчаны чужы дэкор для гатэля.

Абноўлена 1 лютага 2019. Сьледчы камітэт паведаміў, што віна Сямашкі была даказаная, шкоду ён кампэнсаваў і заплаціў штраф.

Як паведаміў юрыст Станіслава Сямашкі Ігар Абрамовіч, справу закрылі некалькі дзён таму.

«Гэта эканамічная спрэчка, якая мусіць вырашацца эканамічнымі шляхам, а не такімі сродкамі», — адзначыў Абрамовіч.

Што Сямашкам пагражае крымінальная адказнасьць, стала вядома летась увосень. Прадметам канфлікту стаў дэкор, замоўлены для новага апарт-гатэлю ў Горадні. Якасьць аздабленьня не задаволіла Сямашку, і ён праз суд вярнуў сабе выплачаныя раней грошы.

Майстар Георгі Прыходзька, які вырабляў дэкор, паспрабаваў празь міліцыю аднавіць справядлівасьць і вярнуць сабе або аплату, або дэкор, які ў выглядзе сьмецьця знайшлі на лецішчы ў Сямашак.

Сьледзтва не выявіла, што Сямашкі спрычыніліся да зьнішчэньня вырабаў.

Новы апарт-гатэль Сямашкі ў Горадні, для якога вырабляўся дэкор
Новы апарт-гатэль Сямашкі ў Горадні, для якога вырабляўся дэкор

Ці будзе бізнэсовец цяпер падаваць позву ў адказ на Прыходзьку або свайго былога генэральнага падрадчыка Вячаслава Радзюкевіча і «Гарадзкое будаўніцтва», ягоны юрыст не камэнтуе.

Дэкор, які стаў прадметам канфлікту, пакуль знаходзіцца пры матэрыялах справы. Што зь ім стане, невядома.

«Гэта не дэкор, а хлам, таму ня можа ўяўляць каштоўнасьці», — выказаў сваю думку Абрамовіч.

Станіслаў Сямашка вядомы ў Горадні як уласьнік гатэля, які месьціцца ля аўтавакзала і названы ягоным прозьвішчам. Акрамя гатэльнага бізнэсу, Сямашка мае праектную кампанію. Называе сябе першым беларускім прадпрымальнікам, бо атрымаў рэгістрацыю пад № 1 адразу пасьля пачатку «перабудовы». У 2009–2012 гадах ён узначальваў праўладны Саюз палякаў у Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG