Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вялікая місія маленькай Ядзьвігі», — бацькі ініцыявалі праект беларусізацыі дзіцячых садкоў


Ілюстрацыйнае фота. Дзіцячы садок у Горадні

У Менску бацькі менскіх дашкольнікаў ініцыявалі краўдфaндынгавую кампанію для падтрымкі беларускай мовы ў дзіцячых садках.

Ініцыятары называюць свой праект канкрэтным крокам дзеля рэфармаваньня дашкольнай адукацыі ў моўным аспэкце.

Галоўная ідэя праекту — ствараць і паступова павялічваць інтэграваныя групкі ў садках, дзе ня менш за 50% адукацыйнага працэсу і камунікацыі будзе адбывацца па-беларуску. Якія плянуюцца першыя крокі, Свабодзе расказаў ініцыятар кампаніі Яўген Бойка.

Яўген Бойка, архіўнае фота
Яўген Бойка, архіўнае фота

Досьвед Ядзьвігі можна пашырыць

Менскія актывісты, якія займаліся больш за 10 гадоў грамадзкай культурніцкай дзейнасьцю, займеўшы ўласных дзетак, сфакусаваліся на беларускамоўнай дашкольнай адукацыі. Аўтар праекту «Вялікая місія маленькай Ядзьвігі» Яўген Бойка гатовы падзяліцца з ахвотнымі практычнымі парадамі, як стварыць беларускую атмасфэру ў дзіцячым калектыве.

Моўную адаптацыя актывісты падаюць на канкрэтным прыкладзе досьведу 4-гадовай дзяўчынкі Ядзьвігі, дачкі Іны Мудрачэнкі, адной з удзельніц праекту. Яна была адзінай беларускамоўнай дзяўчынкай сярод двух дзясяткаў выхаванцаў групы ў 403-м садку Менску. Але сумеснымі высілкамі бацькоў і выхавальнікаў сытуацыя кардынальна зьмянілася: літаральна праз тры месяцы па-беларуску загаварылі амаль усе.

Праз інтэрактыўныя гульні і забавы бацькі дамагліся таго, што гэтая група рэальна стала беларускамоўнай.

Паводле Яўгена Бойкі, у той час, як у адных сфэрах ужываньне роднай мовы пашыраецца — бізнэс, культура, грамадзкая дзейнасьць — у іншых адбываецца рэгрэс, у тым ліку ў адукацыі. І калі не збалянсаваць ужываньне мовы, ёсьць рызыка атрымаць крытычна разьяднанае грамадзтва, ад чаго будзе складана дамаўляцца пра далейшыя шляхі разьвіцьця, — кажа Яўген.

«Бядотнае становішча мовы відавочнае, — перакананы Бойка. — У школе дзеці па-беларуску амаль не разумеюць, а нашае пакаленьне можа стаць апошняй генэрацыяй бабіных і дзедавых унукаў, якія гадаваліся на вёсцы. Новыя беларусы нават ня чулі і ня бачылі сапраўднай аўтэнтыкі. Сытуацыя, безь перабольшаньня, крытычная, таму трэба хутчэй дзейнічаць, каб краіна не падзялілася на два моўныя лягеры. Рэформа дашкольнай адукацыі, якую мы ініцыюем, — гэта ўступ да перагляду ўсёй сыстэмы, уключна са школай і ВНУ. Мы кажам найперш пра мову, але, папраўдзе, рэфармаваць трэба ўсё».

Моўная дыспрапорцыя ў адукацыі

Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

​Першым крокам да беларускамоўнага выхаваньня дзетак мае быць дасягненьне балянсу расейскай і беларускай моваў, лічыць Яўген Бойка. Пакуль што тут вялікая дыспрапорцыя — беларускія групы ў межах арытмэтычнай хібнасьці. Досьвед беларусізацыі менскага 403-га садка, на які абапіраецца праект «Вялікая місія маленькай Ядзьвігі», паказвае, што дасягнуць раўнавагі рэальна.

«Усё, што мы апісваем у праекце, у нашым садку адбылося — існуе балянс расейскай і беларускай мовы, — гаворыць Яўген Бойка. — Калі я больш уважліва паглядзеў на сытуацыю, то зразумеў, што гэта рэцэпт для ўсёй дашкольнай адукацыі Беларусі. Усе групкі ў садках павінны быць з моўным балянсам, ня можа расейская мова мець дамінантнае становішча. Такая рэформа мусіць быць разьлічаная на наступныя 15-20 гадоў, тады ёсьць спадзяваньне, што родную мову мы захаваем».

Летась менскія актывісты за правы беларускамоўных бацькоў атрымалі шэраг адмоўных адказаў з раённых адміністрацый на просьбу арганізаваць рознаўзроставыя групы ў дзіцячых садках.

Спасылаючыся на Асноўны закон Рэспублікі Беларусь, яны прасілі стварыць групы не паводле тэрытарыяльнага прыярытэту, а пры наяўнасьці цьвёрдага жаданьня выхоўваць дзіця па-беларуску — у любым месцы. Адмову ўлады абгрунтавалі тым, што існуе дастатковая колькасьць групаў зь беларускай мовай навучаньня. Аднак аўтары лістоў сьцьвярджаюць, што там беларуская мова практычна не гучыць. Яны самастойна праверылі больш як сотню менскіх садкоў, у абсалютнай бальшыні выпадкаў толькі частка дзяцей і выхавальнікаў гавораць па-беларуску.

Патрэбна толькі добрая воля чыноўнікаў

Ці ёсьць спадзяваньне, што ўдасца дамагчыся згоды чыноўнікаў, якія ўхіляюцца ад вырашэньня моўнага пытаньня? Яўген Бойка разьлічвае на гэта:

«Самае важнае, што нашай стратэгіяй ужо сёньня могуць скарыстацца абсалютна любыя бацькі — у літаральным сэнсе тут і цяпер, — падсумоўвае ён. — Дзьве-тры сям’і здольныя аб’яднацца і забясьпечыць неабходны моўны балянс. Што тычыцца адміністрацый, чыноўнікаў, па завяршэньні кампаніі ёсьць пляны скантактавацца, данесьці нашу пазыцыю. Гэта тычыцца і Міністэрства адукацыі, і Савету Міністраў. Зь іхнага боку гэта не вымагае ніякіх выдаткаў, дастаткова нарматыўнымі дакумэнтамі замацаваць стратэгію моўнага балянсу».

Праект «Вялікая місія маленькай Ядзьвігі» сабраў блізу 75% заяўленай сумы (звыш 2500 рублёў ад неабходных 3460). Збор сродкаў будзе працягвацца яшчэ два тыдні. Грошы плянуецца патраціць на набыцьцё кніжак, маляванак, настольных гульняў і абсталяваньня для беларускіх групак. Адразу пасьля завяршэньня кампаніі будзе арганізаваны стратэгічны форум пра мову ў дашкольнай адукацыі Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG