Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы прэм’ер, кіраўнік праваслаўнай царквы. Каго ўжо знайшлі ў рассакрэчаных архівах латвійскага КДБ


У Латвіі некалькі дзён таму была апублікаваная частка картатэкі мясцовага КДБ, у тым ліку асабістыя дадзеныя агентаў і людзей, якія тым ці іншым чынам супрацоўнічалі з савецкімі спэцслужбамі.

У картатэцы аказалася больш за 10,5 тысячаў імёнаў, і сярод іх дасьледчыкі ўжо знайшлі:

  • першага прэмʼер-міністра Латвіі (2006-2007 гады) Івара Годманіса (ён праходзіць пад мянушкай «Пугуліс»). Ён таксама быў міністрам фінансаў і вылучаўся кандыдатам на пасаду прэзыдэнта Латвіі, але адклікаў сваю кандыдатуру.
  • былога капітана зборнай СССР па баскетболе Валдзіса Валтэрса,
  • былога мэра Даўгаўпілсу Рыхарда Эігімса,
  • былога самага багатага чалавека Латвіі Аляксандра Лавента (старшыні рады дырэктараў і найбуйнейшага акцыянэра «Банку Балтыя», які ў 2002 годзе атрымаў 9 гадоў турмы за махлярства),
  • кіраўніка Латвійскай праваслаўнай царквы мітрапаліта Рыскага Аляксандра Кудрашова. У картатэцы ён праходзіць пад кодавым імем «Чытач», а ў картцы напісана, што сьвятар пачаў супрацоўнічаць з КДБ яшчэ ў 1982 годзе адразу пасьля атрыманьня сану.
Картка Кудрашова з архіваў КДБ Латвіі
Картка Кудрашова з архіваў КДБ Латвіі

У картатэцы КДБ таксама ёсьць картка і на імя іншага вядомага дзеяча Рускай праваслаўнай царквы: Івана Міралюбава з псэўданімам «Анатоль». Гэтыя дадзеныя супадаюць з дадзенымі протаярэя, супрацоўніка Аддзелу зьнешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага патрыярхату, сакратара Сынадальнай камісіі па стараверстве і адзінавер’і. Міралюбаў родам з Рыгі.

Андрэйс Эрмуйжа 20 гадоў чакаў публікацыі дакумэнтаў архіваў КДБ. У 1949 годзе яго разам зь сямʼёй выслалі ў Сыбір. У Латвію ён змог вярнуцца толькі ў канцы пяцідзесятых. Мужчына працаваў у Акадэміі навук і кажа, што для яго было страшным узрушэньнем даведацца, што агентамі КДБ былі некаторыя ягоныя калегі і сваякі.

«Некаторых сапраўды прымусілі, іншыя хацелі атрымаць сваю выгаду, напрыклад, паехаць за мяжу, — разважае Эрмуйжа, член Таварыства рэпрэсаваных жыхароў Латвіі. — Але мне важна ведаць, хто ў выніку ня здраджваў сваім, хто падтрымліваў ідэю аб свабоднай Латвіі. Хоць у той час многія ня верылі ў незалежнасьць».

Далёка ня ўсе людзі, чые імёны ёсьць у картатэцы, былі паўнавартаснымі «агентамі» спэцслужбаў: ня ўсе зь іх перадавалі інфармацыю КДБ, выконвалі нейкія заданьні або «стукалі», — запэўнівае Арнолдс Бабрыс, былы супрацоўнік Латвійскіх спэцслужбаў. Ён меў доступ да архіваў КДБ да публікацыі і быў катэгарычна супраць публікаваньня картатэкі.

«Калі вы ня ведаеце, што менавіта чалавек рабіў, быўшы агентам КДБ, вы можаце на яго павесіць цэтлік, і ён пацерпіць, — падкрэсьлівае Бабрыс. — Былі людзі, якія ў сілу сваёй дзейнасьці павінны былі быць агентамі КДБ і выконваць хаця б мінімальныя паслугі».

Ён тлумачыць, што чалавек мог трапіць у картатэку КДБ, калі, напрыклад, зьбіраўся выехаць за мяжу, або займаў адказную пасаду, напрыклад працаваў на радыё або тэлебачаньні. А ў некаторых выпадках патэнцыйны агент наогул мог ня ведаць, што на яго аформленая картка.

«Выкажам здагадку, работнік КДБ сустракаўся зь ім, праводзіў гутаркі, абмяркоўваў нешта. Але чалавек нават мог не зразумець, што яго аформілі. І такое бывала», — прызнае Бабрыс.

Яшчэ адна частка архіву латвійскага КДБ будзе апублікаваная вясной 2019 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG