Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чатыры зь дзевяці: Хто зь беларускіх прэм’ераў публічна гаварыў па-беларуску


Сяргей Румас

Карэспандэнт Свабоды дасьледаваў, як і ў якіх абставінах кіраўнікі беларускага ўраду публічна карысталіся беларускай мовай.

На футбольнай імпрэзе

Новы прэм’ер-міністар і кіраўнік Беларускай фэдэрацыі футболу Сяргей Румас 4 сьнежня публічна выступіў на беларускай мове на цырымоніі «Зорны мяч — 2018».

«Паважаныя сябры, дазвольце вас павіншаваць з заканчэньнем футбольнага сэзону. А БАТЭ — з залатымі мэдалямі. Прыемна, што наш чэмпіён працягвае барацьбу ў Лізе Эўропы і мае добрыя шанцы забясьпечыць краіне футбольную эўравясну. Хачу павіншаваць і нацыянальную каманду з пасьпяховым завяршэньнем 2018 году ў Лізе нацый», — цытуе Сяргея Румаса газэта «Прессбол».

Гэта першы раз, калі прызначаны ў жніўні кіраўнік ураду публічна выступіў па-беларуску. Раней Румас адказваў па-беларуску на пытаньні журналістаў.

Свабода прагледзела архіўныя відэа і спраўдзіла, хто яшчэ з прэм’ераў Беларусі выступаў па-беларуску.

Першага прэмʼера выступаць па-беларуску абавязваў закон

Вячаслаў Кебіч
Вячаслаў Кебіч

Першага прэм’ера незалежнай Беларусі Вячаслава Кебіча (1990–1994) выступаць па-беларуску абавязваў закон, бо дзяржаўная мова ў краіне была тады адзіная — беларуская. Але па-беларуску ён гаварыў рэдка, пераважна на сустрэчах з творчай інтэлігенцыяй. Адна з такіх сустрэч была ў 1992 годзе ў Міры. Кебіч таксама адказваў па-беларуску на пытаньні дэпутатаў, зададзеныя на беларускай мове.

Беларускамоўны на пасадзе і пасьля адстаўкі

Міхаіл Чыгір
Міхаіл Чыгір

Міхаіл Чыгір (1994–1996), першы кіраўнік ураду пры Лукашэнку, таксама засьпеў часы, калі дзяржаўная мова ў краіне была адзіная — беларуская. Журналісты прыгадваюць, што тагачасны кіраўнік ураду збольшага выкарыстоўваў расейскую. Але пры гэтым рэгулярна выступаў па-беларуску, часта сустракаўся з прадстаўнікамі СМІ. Пасьля рэфэрэндуму 1995 году Міхаіл Чыгір ужо ня меў абавязку выступаць па-беларуску ўвесь час, але ўсё адно рэгулярна гэта рабіў.

Цяпер пэнсіянэр Міхаіл Чыгір выкарыстоўвае час ад часу беларускую мову, калі дае інтэрвію. Чыгір — адзіны прэм’ер пры Лукашэнку, які сам падаў у адстаўку, астатніх толькі звальнялі. Чыгір сышоў з пасады на знак пратэсту супраць канстытуцыйнага рэфэрэндуму 1996 году.

З народам гаварыў на трасянцы

Сяргей Лінг узначальваў Савет міністраў чатыры гады (з 1996 па 2000) і фактычна гаварыў на трасянцы, сумесі расейскай і беларускай моваў. Гэта добра чуваць на адной з сустрэч з жыхарамі Баранавічаў у 1999 годзе.

Знайсьці ў сеціве відэа хоць адной публічнай заявы ўраджэнца Менску Сяргея Лінга на беларускай мове карэспандэнту Свабоды не ўдалося.

Прэмʼер з Расеі

Уладзімір Ярмошын
Уладзімір Ярмошын

Уладзімір Ярмошын (2000–2001), які зьмяніў на пасадзе прэмʼера Сяргея Лінга, паходзіў з Разанскай вобласьці Расеі. У беларускіх органах улады ён пачаў працаваць толькі ў 1990 годзе, прэм’ерам стаў у 2001-м. Па-беларуску ніводнай заявы Ярмошына знайсьці не ўдалося.

Будаўнік з Магілёва

Генадзь Навіцкі
Генадзь Навіцкі

Не выказваўся па-беларуску і Генадзь Навіцкі (2001–2003), які зьмяніў Ярмошына на пасадзе прэмʼера. Але ў расейскай мове Навіцкага быў выразны беларускі акцэнт.

Пра гісторыю ВКЛ — па-расейску

Ураджэнец Гомля Сяргей Сідорскі (2003–2010) кіраваў беларускім урадам 7 гадоў, але зьвестак пра тое, каб ён хоць раз публічна выказаўся па-беларуску, таксама няма. І гісторыю Вялікага Княства Літоўскага на сустрэчы ў Нясьвіскім замку зь літоўскім прэмʼерам Андрусам Кубілюсам ён абмяркоўваў па-расейску.

Па-беларуску пра мастацтва і сьпевы

Міхаіл Мясьніковіч
Міхаіл Мясьніковіч

Кіраўнік беларускага ўраду ў 2010–2014 гадах Міхаіл Мясьніковіч па-беларуску абмяркоўваў вакальна-харавыя сьпевы на калегіі Савету міністраў і працаўнікоў мастацтва.

«Сыстэма, якая склалася гістарычна і ахоплівае прафэсійнае мастацтва, аматарскую творчасьць, а таксама адукацыю і падрыхтоўку кадраў, неабходна захаваць і ўмацоўваць у далейшым. Падкрэсьліваю: умацоўваць. Усе ўмовы для гэтага ў нас у краіне ёсьць. І нават фінансавыя пытаньні ў асноўным можна вырашыць», — казаў тады Міхаіл Мясьніковіч.

Гэта адзіная яго беларускамоўная заява, якую ўдалося знайсьці ў інтэрнэце.

Але калі журналісты зьвярталіся да Мясьніковіча па-беларуску на розных імпрэзах, то ён адказваў па-беларуску ж без праблем.

Прэм’ер-масквіч

Андрэй Кабякоў
Андрэй Кабякоў

Пасьля Мясьніковіча прэмʼерам стаў ураджэнец Масквы Андрэй Кабякоў (2014–2018). Па-беларуску публічна ён не прамаўляў і ўвогуле выступаў рэдка.

Магчыма, гэтыя зьвесткі няпоўныя. Заўвагі і дапаўненьні ад чытачоў у камэнтарах вітаюцца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG