Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Станоўчы бок дрэннага настрою


Новы парадаксальны тэкст публікуе ў сваёй калёнцы «Жывіце разумна» ў газэце The New York Times Тым Гэрэра. На гэты раз ён піша, што, паводле навукоўцаў, станоўчыя эмоцыі могуць зрабіць чалавека «сьляпым і глухім», калі мова ідзе пра хлусьню.

Нечаканыя высновы навукоўцаў

Паводле Гэрэры, у сьвеце зьяўляецца надзіва шмат навуковых дасьледаваньняў, вынікі якіх паказваюць на пазнавальныя і сацыяльныя перавагі дрэннага настрою.

Яшчэ ў 2006 годзе было апублікавана дасьледаваньне, падчас якога вывучалася здольнасьць яго ўдзельнікаў выяўляць хлусьню. Аказалася, што тыя, каму перад пачаткам тэсту паказвалі змрочны фільм пра сьмерць ад раку, са значна большай верагоднасьцю выяўлялі хлусьню, чым тыя, каму паказвалі камэдыйнае шоў.

Аўтар дасьледаваньня зрабілі адназначную выснову, што знаходжаньне ў дрэнным настроі павялічвае здаровы скептыцызм і паляпшае дакладнасьць выяўленьня хлусьлівай інфармацыі.

Тыя ж, хто знаходзіцца ў добрым настроі, больш даверлівыя і горш распазнаюць хлусьню і няшчырасьць.

Атрымліваецца, піша Тым Гэрэра, што найлепшы чалавечы дэтэктар хлусьні — гэта незадаволенасьць.

У чым прычына такога стану рэчаў

Паводле навукоўцаў, за гэта адказная эвалюцыя. Разьвіўшы ў сабе здольнасьць мець адмоўныя эмоцыі, людзі атрымалі магчымасьць быць больш дакладнымі ў ацэнках.

Адмоўныя эмоцыі ў канечным выніку абараняюць нас і дапамагаюць быць больш пасьпяховымі. Такую выснову робяць сучасныя псыхолягі.

Старажытныя людзі, адчуваючы падазрэньне, неспакой, страх і гнеў, радзей траплялі ў небясьпечныя сытуацыі ў параўнаньні з тымі сваімі суродзічамі, якія былі неўспрымальныя да такіх пачуцьцяў.

Карысны ўрок

Тым Гэрэра жартуе, што каб палепшыць сваё жыцьцё, трэба заўсёды чуцца дрэнна.

А калі сур’ёзна, піша ён, людзі не павінны забывацца, што іх эмоцыі і пачуцьці уплываюць на прыняцьце важных рашэньняў, а таксама на паводзіны падчас важных размоў і перамоваў.

Трэба таксама ведаць, што мы можам быць больш успрымальнымі да падману, калі адчуваем сябе шчасьлівымі.

  • 16x9 Image

    Сяргей Абламейка

    Сяргей Абламейка нарадзіўся ў Менску. Скончыў гістарычны факультэт БДУ. Працаваў сьлесарам на МАЗе, выкладаў гісторыю ў школе, быў навуковым супрацоўнікам Музэю народнай архітэктуры і побыту, пасьля Скарынаўскага цэнтру. На «Свабодзе» – зь верасьня 1990 году, з траўня 1995 году – у Празе. Пісьменьнік, гісторык, журналіст.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG