Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Малітвы безь сьвятара, талака без прымусу. Пад Воршай ушанавалі ахвяраў сталінскага «камбіната сьмерці»


Сваякі рэпрэсаваных каля помніка на Кабыляцкай гары

Сваякі рэпрэсаваных і аршанскія актывісты добраўпарадкавалі самаробны мэмарыял у лесе і ўшанавалі памяць расстраляных пад Воршай продкаў.

Суботнік без прымусу

Сабраліся дзеці, унукі, праўнукі
Сабраліся дзеці, унукі, праўнукі

​Каля 20-ці чалавек сабраліся ва ўрочышчы Кабыляцкая гара, каб добраўпарадкаваць пахаваньне ахвяраў сталінскіх рэпрэсій — першае, якое было афіцыйна прызнана на тэрыторыі Беларусі. Акт з адпаведнымі высновамі быў складзены ў 1982 годзе, але бадай што ўпершыню тут сабралася такая вялікая колькасьць нашчадкаў расстраляных — дзяцей, унукаў, праўнукаў.

Савецкі камбінат сьмерці. У 1930-я НКВД у Воршы забіваў да 150 чалавек на дзень

Добраўпарадкаваньне вакол самаробнага мэмарыялу
Добраўпарадкаваньне вакол самаробнага мэмарыялу

Дагэтуль добраўпарадкаваньнем гэтых мясьцін займаліся мясцовыя актывісты, сёлета ж ініцыятыву праявілі сваякі рэпрэсаваных, кажа Ігар Станкевіч, стваральнік ініцыятывы «Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы».

«Я прыяжджаю сюды, бо пад Воршай былі расстраляныя некалькі прадстаўнікоў майго роду. Дзякуючы інтэрнэту і прыватнай перапісцы ўдалося знайсьці яшчэ шмат сем’яў нашчадкаў. Некаторыя зь іх прыехалі на Кабыляцкую гару ўпершыню, прывезьлі кветкі, сьвечкі. Бо гэтае месца — адзіная магчымасьць памянуць людзей, у якіх няма сваіх магіл», — кажа Ігар Станкевіч.

Сьвятара не было, але людзі маліліся і плакалі

Ігар Станкевіч, стваральнік ініцыятывы «Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы»
Ігар Станкевіч, стваральнік ініцыятывы «Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы»

​За пару гадзінаў, нягледзячы на дождж, месца пахаваньня было прыбранае. Сухадрэвіны і друз прыбралі і са сьцежкі, якая вядзе да пахаваньня ад пасёлку Андрэеўшчына. Пра ініцыятыву сваякоў ведалі ў Аршанскім райвыканкаме, днямі абяцалі прыслаць транспарт, каб вывезьці сьмецьце.

Cваякі прывезьлі партрэты расстраляных продкаў
Cваякі прывезьлі партрэты расстраляных продкаў

Ігар Станкевіч запрасіў на месца пахаваньня праваслаўнага сьвятара, але той з невядомых прычынаў не прыйшоў. Тым ня менш, адбылася грамадзкая паніхіда: людзі распавядалі свае трагічныя сямейныя гісторыі, называлі імёны рэпрэсаваных, у тым ліку напісаныя на крыжах і помніках, якіх тут ужо каля двух дзясяткаў.

Сярод нашчадкаў расстраляных пад Воршай – мастак Мікола Купава
Сярод нашчадкаў расстраляных пад Воршай – мастак Мікола Купава

Крыжы ды іншыя памятныя знакі ставяць тут самі сваякі, два новыя крыжы-помнікі дадаліся толькі цягам апошняга месяцу — якраз пасьля таго, як аршанскія ўлады на просьбу сваякоў пагадзіліся ўсталяваць мэмарыяльную шыльду на жалобным месцы.

Аршанская турма, лес на Магілёўскай шашы — таксама месцы смутку

Гучаць імёны расстраляных
Гучаць імёны расстраляных

​Нашчадкам рэпрэсаваных, якія маюць даведкі аб рэабілітацыі сваякоў, не вядомыя дакладныя месцы расстрэлу. Паводле афіцыйных зьвестак, іх утрымлівалі ў аршанскай турме, а потым расстрэльвалі. Старажылы кажуць, што найбліжэйшых да гораду «расстрэльных месцаў» было два — Кабыляцкая гара і Харкаўскі лес каля Магілёўскай шашы.

Надпіс на адным з крыжоў
Надпіс на адным з крыжоў

На Кабыляцкай гары яшчэ ў 1990 годзе паставілі часовы помнік ахвярам сталінізму, потым там зьявіўся камень, вакол якога цяпер ствараецца народны мэмарыял. А ў Харкаўскім лесе першы крыж ад сучасьнікаў зьявіўся толькі цяпер. Сваякі рэпрэсаваных, якія прыехалі ў Воршу з розных гарадоў, наведалі і гэтыя жалобныя мясьціны — усклалі кветкі, запалілі сьвечкі, прачыталі імёны ахвяраў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG