Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1993: «Ад беларускай мовы паліва ў самалётах не дадасца, таварыш Трусаў!»


Працягваем публікацыю фрагмэнтаў кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста трэці», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе».

Замовіць кнігу можна ТУТ

Мікалай Коваль (Беларуская рэспубліканская арганізацыя вэтэранаў вайны і працы): Жители нашего города не воспринимают понятие «суверенитет», который отнимает у них право свободно перемещаться, свободно проживать и трудоустраиваться на территории бывших республик, выезжать к своим родным и близким. Каждый из нас видит, что экономика республики движется к развалу. Этому во многом способствует заключение беловежского Соглашения об образовании СНГ, неподписание Договора о коллективной безопасности в рамках Содружества Независимых Государств, непринятие закона о двойном гражданстве, двуязычии и другое. Чтобы отвлечь внимание честных тружеников от этих негативных моментов, недобросовестной политики, большинство средств массовой информации вдалбливает им в головы идеи о независимости республики, отказе от союза с Россией, представляя ее чуть ли не в образе врага белорусского народа. Вовсю ведется полемика, кто кого победил под Оршей в 1514 году, кто из литовских князей был большим благодетелем для белорусов и не был ли Суворов врагом наших предков.

Выступ у "Розным"

Дзень, калі Беларусь зрабілася незалежнай дэ-юрэ — 25 жніўня 1991 году. Гэты дзень у 1993-м наагул ня быў сьвятам, ён увогуле доўга ня будзе прыгадвацца — ні пры Шушкевічу, ні пазьней пры Лукашэнку, значнасьць яго пачне ўсьведамляцца нават дэмакратычнымі коламі толькі на другім дзесяцігодзьдзі незалежнасьці. На сэсіі ж дэпутаты — прадстаўнікі парлямэнцкай большасьці казалі пра Белавескія пагадненьні, падпісаныя ў сьнежні 1991-га.

Пры гэтым, у лепшым выпадку, Віскулі разумеліся як «меншае зло», на якое падпісанты былі вымушаныя пайсьці, бо калі б не стварэньне СНД (Садружнасьць незалежных дзяржаў) — ад Саюзу ўвогуле б нічога не засталося. Пры гэтым сам факт зьнікненьня СССР успрымаўся адназначна як адмоўная падзея.

Аляксандар Лукашэнка: «Паважаны Станіслаў Станіслававіч, скажыце, вы што, не зразумелі, што вам Вярхоўны Савет закідае? Мы ж вас не папракаем у тым, што вы падпісалі пагадненьні. Так, мы з вамі тут павінны адказваць за гэта. Хаця яшчэ раз падкрэсьліваю: я гэта кажу як чалавек, які не галасаваў і не падтрымаў СНД, не развальваў Саюз. Мы ў вас пытаемся: чаму вы не выканалі, падпісаўшы разам з Кебічам, пагадненьні ў Віскулях, чаму вы іх не выканалі?.. Мы ж вам паверылі. І больш за тое. Я вам магу нагадаць іншае. Вы выйшлі за кулісы, калі Вярхоўны Савет вагаўся, што ж рабіць, як быць, таму што дзяржаву валілі. Вы выйшлі за кулісы і сказалі, што вы толькі што перагаварылі з Краўчуком. Яны ратыфікавалі Белавескія пагадненьні. Празь некаторы час мы даведаемся, што беларусы першымі ратыфікавалі — хай на гадзіну, хай на паўдня — Віскулёўскія пагадненьні. Таму, Станіслаў Станіслававіч, трэба набірацца мужнасьці. Калі вы дзесьці ня маеце рацыі, ня трэба круціць, а трэба казаць прама, што вы ня маеце рацыі».

Лукашэнка чарговы раз нагадаў, што ён — праціўнік распаду СССР, што за гэта не галасаваў, што ратыфікацыя Белавескіх пагадненьняў, на ягоную думку, адбылася падманам. Вось якую ацэнку кроку, які паспрыяў умацаваньню незалежнасьці новаўтворанай дзяржавы, даваў будучы першы прэзыдэнт гэтай дзяржавы. Гэта толькі адзін выступ Лукашэнкі зь дзясяткаў падобных, якія не маглі ня чуць тыя дэпутаты, якія ў 1994-м увойдуць у ягоную перадвыбарчую каманду.

«Дзе мы знойдзем сваіх Мініна і Пажарскага?»

Бадай што самым апантаным ненавісьнікам беларускай незалежнасьці (калі не лічыць дэпутатаў-вэтэранаў) быў старшыня Магілёўскага аблвыканкаму Мікалай Грынёў: «Паважаныя Станіслаў Станіслававіч і Вячаслаў Францавіч! Я ніяк не магу падзяліць вашу пасылку, што мы таксама разам з вамі вінаватыя ў ратыфікацыі Віскулёўскіх пагадненьняў. Так, многімі з нас тады рухалі пачуцьці хутчэй пазбавіцца ад Гарбачова, і не паводле палітычных матываў. Мы ўсе бачылі, што яго бясконцая гаварыльня ўжо тады пачала бурыць эканоміку».

Іван Жыдзяляеў, кіраўнік будаўнічага трэсту, Ворша: «Прайшло крыху больш за год з моманту падпісаньня ў Віскулях пагадненьня аб ліквідацыі Саюзу Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік і аб стварэньні СНД. Пагадненьне ўспрынята станоўча большасьцю нашых дэпутатаў у мінулым годзе і падвяргаецца рэзкай крытыцы сёньня, і гэта ня дзіўна. Бо ў дакумэнтах, падпісаных у Віскулях, кожны з нас год таму бачыў адзіную эканамічную прастору, адзіную рублёвую зону, захаваньне эканамічнай цэласьці тых дзяржаў, якія ўвайшлі ў СНД».

Аб тым, што пагадненьні мелі станоўчы эфэкт для незалежнасьці, няма і намёку.

Пятро Пракаповіч, старшыня праўленьня Берасьцейскага аблсельбуду, пазьней, пры Лукашэнку — старшыня праўленьня Нацыянальнага банку: «Нам трэба ісьці больш сьмела на рашэньне палітычных пытаньняў. Я маю на ўвазе, у першую чаргу, неабходнасьць падтрымаць рашэньне сёмага зьезду народных дэпутатаў Расеі пра магчымасьць стварэньня канфэдэрацыі незалежных дзяржаў Эўропы і Азіі, гэта значыць стварыць ня толькі эканамічны саюз, але і палітычны».

Мікалай Канюшык, генэральны дырэктар агракамбінату «Заходні Буг» Берасьцейскай вобласьці: «Калі адна зь дзяржаваў-удзельніц эканамічнага саюзу падвергнецца агрэсіі, дзе мы знойдзем сваіх Мініна і Пажарскага, здольных абʼяднаць народы ў барацьбе з агрэсарам, ці будзем іх шукаць таксама шляхам усенароднага рэфэрэндуму? Таму ясна, як Божы дзень, што калі мы за эканамічны саюз, дык і за супольную калектыўную бясьпеку».

Усе чатыры цытаваныя вышэй дэпутаты былі кіраўнікамі, і несумненна, што такія настроі (незалежнасьць Беларусі, распад СССР — зло) яны культывавалі ў сваіх падначаленых.

«Ад беларускай мовы паліва ў самалётах не дадасца і каўбасы ня будзе»

Самым баявым атрадам праціўнікаў незалежнасьці была група дэпутатаў-вэтэранаў у колькасьці трыццаці правераных байцоў камуністычнай партыі.

Што б ні казалі пра намэнклятурных дэпутатаў, як бы ні ацэньвалі іх выбарчую кампанію ўвесну 1990 году, але нават з улікам фальсыфікацыяў на карысьць шмат каго зь іх, асабліва ў сельскай мясцовасьці, дзе не было назіральнікаў ад БНФ — за імі былі тысячы выбаршчыкаў. Сем, дзесяць, пятнаццаць тысяч грамадзянаў, якія пакінулі іх прозьвішчы ў выбарчых бюлетэнях.

Трыццаць дэпутатаў ад вэтэранскай арганізацыі зацьвярджаліся на сходзе арганізацыі вэтэранаў вайны і працы. Няправільна было б сказаць, што сход фармаваўся пад кантролем камуністычнага ЦК — яго ўдзельнікамі былі вэтэраны нагэтулькі артадаксальных сталінісцкіх перакананьняў, што маглі б паставіць на месца якіх заўгодна членаў ЦК.

У сакавіку 1993-га, пры зацьвярджэньні паўнамоцтваў аднаго дэпутата-вэтэрана замест памерлага, Лявон Баршчэўскі запытаўся, колькі чалавек за яго галасавала. Далі даведку: рэспубліканскі Савет вэтэранаў складаецца з 180 членаў, на сходзе прысутнічалі 138, прагаласавалі «за» 125, супраць — 3. Ну а ў 1990 годзе гэты Савет з 180 членаў прагаласаваў за 30 будучых дэпутатаў — гэта значыць, што за кожным зь іх было па шэсьць чалавек.

Гэтая «вэтэранская трыццатка» адыграла чорную ролю ў гісторыі Беларусі, заблякаваўшы шмат якія прагрэсіўныя прапановы і правёўшы шмат якія шкодныя рашэньні, пры галасаваньні за якія 20–30 галасоў і вырашалі лёс пытаньня.

Асабліва вызначыліся Міхаіл Качан і Валянцін Сарокін, якіх аж трэсла ад слоў «незалежнасьць», «Пагоня», «бел-чырвона-белы сьцяг».

Дэпутатамі-вэтэранамі былі былыя афіцэры Савецкай арміі (пераважна генэралы), героі Савецкага Саюзу і Сацыялістычнай Працы, колішнія сакратары абкамаў і райкамаў, а таксама — былыя кіраўнікі буйных прадпрыемстваў. Як, напрыклад, Аляксандар Авечкін, які шмат гадоў узначальваў аб’яднаньне «Маналіт» — флягман ваенна-прамысловага комплексу ў Віцебску.

Аляксандар Авечкін: «Эўфарыя сувэрэнітэту, якая ахапіла рэспубліку ў 1989–1990 гадах, прывяла да таго, што (я не хачу гаварыць з дапамогай якіх сіл) рэспубліка прыняла неабдуманае рашэньне аб падпарадкаваньні сабе прадпрыемстваў саюзнага міністэрства».

Калі Авечкін маляваў праблемы «ў выніку распаду СССР» толькі ў сваёй галіне, дык дэпутат-вэтэран, былы афіцэр Мікалай Лакцюшын ствараў карціну сапраўднага Апакаліпсісу. У 2009 годзе Лакцюшын скажа карэспандэнту «Газэты Слонімскай», што ў Вярхоўны Савет ён быў абраны «ад пяці раёнаў Горадзенскай вобласьці». Насамрэч ён быў абраны ад вэтэранскай арганізацыі паводле мадэлі, пра якую я пісаў вышэй — а кожны раён Горадзенскай вобласьці, як і іншых абласьцей, меў «сваіх» дэпутатаў (межы акругаў супадалі з адміністрацыйным падзелам), а то і двух (калі райцэнтар быў вялікім горадам).

Мікалай Лакцюшын: «Пасьля Першай сусьветнай вайны Саюз 1922 году, абʼяднаньне ўсіх рэспублік дапамагло выйсьці ёй (Беларусі — С. Н.) з лапцей. Калі ўзяць пасьля Другой сусьветнай вайны, калі ў рэспубліцы кожны чацьвёрты загінуў і многія прамысловыя цэнтры, гарады, у тым ліку і Менск (канешне, дэпутат вымаўляў «Мінск» — С. Н.), былі зьнішчаныя, хто дапамог аднавіць усё гэта? Хіба сваімі сіламі беларусы маглі гэта зрабіць? Толькі ў адзінстве ўсіх рэспублік, у адзінстве ўсіх нацыянальнасьцяў, усяго Саюзу мы адрадзілі такі прыгажун-горад з шырокімі праспэктамі, плошчамі, як Менск, такія буйныя прадпрыемствы, як трактарны, аўтамабільны і іншыя прамысловыя гіганты. Хіба маглі б беларусы самі падняць усё гэта? На сёньняшні дзень усе кажуць пра “незалежнасьць” Беларусі. Скажыце, калі ласка, хто прэтэндаваў на “незалежнасьць” рэспублікі? У яе была свая Канстытуцыя, свой Вярхоўны Савет, свой урад. Яна член Арганізацыі Абʼяднаных Нацый, неаднаразова, пачынаючы са Сталіна, падымаліся пытаньні аб тым, каб падняць нацыянальную культуру ў рэспубліках, у тым ліку размова ішла і аб мовах. Ніхто не заціскаў, а наадварот, казалі, што трэба падымаць гэтыя пытаньні».

Пра «клопат» Сталіна і ягоных падначаленых аб нацыянальнай культуры Лакцюшын мог ужо некалькі гадоў свабодна чытаць у прэсе — у тым ліку і пра «чорную ноч» з 29 на 30 кастрычніка 1937 году, калі былі расстраляныя больш як сто беларускіх літаратараў і іншых прадстаўнікоў інтэлектуальнай эліты; іх ненадрукаваныя рукапісы былі спаленыя.

Але ў гэтым Лакцюшын, як выглядала, ня бачыў вялікай бяды

«Бяда ў тым, што разваліўся Саюз!» — вынес вэрдыкт дэпутат-вэтэран.

І дадаў: «Ад таго, што, таварыш Трусаў, цяпер у войсках будуць размаўляць на беларускай мове, ад гэтага паліва ў самалётах не дадасца і каўбасы ня будзе!»

«Навукова даказана ва ўсіх газэтах: ЦРУ!»

— Добра, хай будзе ваш конь, але на шчыце абавязкова трэба чырвоную зорку! — гэтак казаў у 1991-м у дзень зацьверджаньня «Пагоні» адзін з дэпутатаў-вэтэранаў, і гэта быў яшчэ ня самы апантаны прыхільнік савецкай атрыбутыкі.

Самым апантаным абаронцам камуністычнага мінулага быў генэрал-маёр у адстаўцы, старшыня Горадзенскага абласнога аддзяленьня Саюзу вэтэранаў Аўганістану Валянцін Сарокін. Яшчэ ў 1992 годзе Сарокін публічна ставіў пад сумнеў дзяржаўныя сымбалі — аж да выказваньняў, якія б у іншай краіне былі ўспрынятыя як абраза дзяржаўных сымбаляў. Гэтая прамова Сарокіна ў ваенным аспэкце будавалася выключна з пазыцыі Масквы.

Валянцін Сарокін: «Стварыўшы нацыянальнае войска, мы страцілі стратэгічнае і апэратыўнае кіраваньне, парушылі сувязь раньняга апавяшчэньня пра задумы процілеглага боку… Я разумею ці, правільней, не разумею народных дэпутатаў ад апазыцыі, якія, выконваючы пэўны заказ пэўных замежных арганізацый... і якія накіроўваюць усю сваю дзейнасьць...» (Шум у залі).

Старшыня: «…Вы выносіце абвінавачаньне, я пазбаўлю вас слова ў адпаведнасьці з Рэглямэнтам. Яшчэ раз прашу вас не ўжываць такіх выразаў».

Сарокін: «Навукова даказана ва ўсіх нашых газэтах, што акупляецца ўся праца з інстытутам Крыбла, ЦРУ і гэтак далей. Навошта мне перажываць?»

Старшыня: «Гаварыце пра інстытут Крыбла, гаварыце пра каго хочаце, але абвінавачаньня з гэтай трыбуны ня можа быць. Суд выносіць абвінавачаньне».

Сарокін: «Я не кажу пра гэта. Мне не зразумелая дзейнасьць апазыцыі, дэпутатаў Беларускага народнага фронту, якія накіравалі сваю дзейнасьць на распальваньне лютай нянавісьці да сяброўскай суседняй славянскай краіны — Расеі. Усе сапраўдныя патрыёты сваёй радзімы ня могуць ня бачыць, што бясьпека Беларусі — у дружбе з Расеяй».

Мелася на ўвазе — у абʼяднаньні.

Лукашэнка: «Мы, демократы…»

Ніякай «лютай нянавісьці» да Расеі мы, канешне, не распальвалі. А вось нашыя апанэнты выяўлялі часам поўнае непрыманьне ўсяго беларускага, найперш — мовы. У гэтым сэнсе паказальны пасаж з аднаго з выступаў Лукашэнкі. Для адчуваньня танальнасьці даю безь перакладу на беларускую:

«И об мовах. Вы очень много об этом говорили. Не хочу обойти и этот вопрос. В этой связи я хотел бы сказать одно: силой мил не будешь и силой народ не заставишь разговаривать на той мове, на которой хотелось бы только тебе или большой группе народных депутатов или же граждан. Мы, демократы, мы об этом сказали. Дайте же право выбора, пройдет время, и мы будем говорить на той мове, на которой вам так хочется. Но вопрос не в этом. Вопрос состоит в том, где же выход из той ситуации».

Дарэчы, у гэтым выступе Лукашэнка ці не ўпершыню заявіў, што «я сурʼёзна задумаўся аб ролі асобы менавіта ў наш цяжкі час і аб ролі асобы ў нашым парлямэнце».

Увогуле, у гэтым выступе Лукашэнка фактычна заявіў пра прыярытэты ўласных палітычных амбіцый, якія базаваліся на рэзкай крытыцы развалу СССР (хоць большасьць дэпутатаў прапусьціла іх міма вушэй):

«Я сапраўды лічу, што невыкананьне Белавескіх пагадненьняў, развал адзінай эканамічнай прасторы, а яшчэ раней Саюзу… Пад усімі гэтымі дакумэнтамі стаяць подпісы двух чалавек. Яны нават матэматычна не змадэлявалі тую сытуацыю, якая складзецца, і яны заслугоўваюць адстаўкі. І як бы мы тут ні гулялі, як бы мы тут ні спрабавалі сысьці і падыграць аднаму зь іх, усё гэта палітыканства. Я задумваўся і над тым, ці здолее дэпутацкі корпус прыняць хоць адзін з гэтых варыянтаў, як выхад з сытуацыі, якая стварылася. Думаю, што не. Ведаючы аб гэтым, думаю, што мне няма сэнсу заклікаць да нейкага варыянту, і я павінен заявіць: час вырашаць мы, паважаныя народныя дэпутаты, відаць, страцілі. Вырашаць будуць за нас. Вырашаць будуць выбаршчыкі. І добра, калі нам у гэтым будзе адведзена роля выканаўцы. У горшым выпадку мы будзем статыстамі, гэта значыць будзем стаяць на абочыне гісторыі і назіраць за тым, як яна сыходзіць міма нас».

Нарэшце, менавіта з вуснаў Лукашэнкі прагучала канкрэтная прапанова ўключыць у парадак дня сэсіі пытаньне аб далучэньні Беларусі да сыстэмы калектыўнай бясьпекі:

«Я прапаную ўключыць у парадак дня пытаньне аб далучэньні Рэспублікі Беларусь да Дамовы аб калектыўнай бясьпецы і прыняць па гэтым пытаньні пры наяўнасьці сёньня вельмі вялікай колькасьці народных дэпутатаў канкрэтнае рашэньне».

Прапанова Лукашэнкі была ўзмоцненая выступам дэпутата-вэтэрана, генэрал-маёра ў адстаўцы Васіля Сінчыліна, які фактычна прапанаваў аднавіць Саюз:

«Як магло здарыцца, што ў Белавескай пушчы былі праігнараваныя вынікі рэфэрэндуму 17 сакавіка аб захаваньні Саюзу. У дакладзе Станіслава Станіслававіча мы не атрымалі выразнага і яснага адказу, але затое маем вынік — поўны развал Саюзу. Узброеныя сілы расьцяганыя па рэспубліках, эканоміка пастаўлена на мяжу разрухі, расьце беспрацоўе, і народ наш з кожным днём галее. Людзі патрабуюць пакласьці канец гэтаму хаосу, нястрымнаму росту цэнаў, разгулу злачыннасьці. Народ чакае прамога адказу, куды мы ідзем і да чаго ідзем — да капіталізму ці сацыялізму. Яны зьвяртаюцца з заклікам праявіць палітычную мудрасьць і грамадзянскую мужнасьць, прыняць рашэньне аб стварэньні палітычнага, эканамічнага і абароннага саюзу з працоўнымі Расеі, Украіны, Казахстану і іншых рэспублік».

Генэрал не забыўся прыгадаць «працоўных» — у поўнай адпаведнасьці з марксісцка-ленінскай традыцыяй. А мог бы і пра дыктатуру пралетарыяту згадаць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG