Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1993. Шушкевіч адмаўляецца ад рашучых крокаў


Працягваем публікацыю фрагмэнтаў кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста трэці», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе».

Замовіць кнігу можна ТУТ

«Бабуля, сапраўдная хрысьціянка-каталічка, пастаянна вучыла мяне шукаць у людзях добрае і нагадвала пра гэта пры кожным зручным для яе выпадку, — прыгадвае Шушкевіч. — Знайсьці ў чалавеку дрэннае вельмі лёгка, лягчэй, чым добрае, яно на паверхні, — казала яна, — а ты шукай добрае, яно заўсёды ёсьць, але схаванае. Толькі калі людзей любіць будзеш, толькі тады здолееш шчасьлівым стаць».

Парада сапраўды хрысьціянская, і Шушкевіч кіраваўся ёй на пасадзе старшыні Вярхоўнага Савету. На вялікі жаль, у дачыненьні да некаторых пэрсанажаў гэтай кнігі парада аказалася не ўнівэрсальнай.

Узаемаадносіны Шушкевіча і Кебіча шмат што вызначылі ў палітычнай будучыні Беларусі і ў пэўнай ступені адлюстроўвалі супрацьстаяньне паміж дэмакратычнымі, праэўрапейскімі сіламі і тымі, хто імкнуўся вярнуць у краіну старыя парадкі, а яе саму — у арбіту Масквы.

Адлюстраваньне не было палярным: абодва выступалі за «адзіны» (гэта значыць, расейскі) рубель, абодва былі супраць датэрміновых парлямэнцкіх выбараў, абодва былі за ўвядзеньне пасады прэзыдэнта (але Кебіч — за больш «моцнага»). Абодва заяўлялі, што «ў Эўропе нас не чакаюць».

У тых, хто толькі слухаў сэсіі Вярхоўнага Савету, сапраўды магло скласьціся ўражаньне, што Шушкевіч і Кебіч калі не аднадумцы, дык і не антаганісты.

Зьнешне сапраўды ўсё было спакойна.

Вось што прыгадвае Кебіч пра іх дамоўленасьць пасьля абвяшчэньня незалежнасьці і абраньня Шушкевіча старшынём Вярхоўнага Савету ў жніўні-верасьні 1991 году:

«Дамовіліся, што, не паступаючыся прынцыпамі, будзем дзейнічаць, сыходзячы з уласных уяўленьняў пра мэтазгоднасьць таго або іншага рашэньня, але ніколі не ператвараць будзённую палеміку ў сварку, не пераходзіць на асобы, пазьбягаць пасьпешлівых ацэнак і абразаў. Сваё слова стрымалі абодва. Ад Станіслава Шушкевіча ні ў гады майго прэм’ерства, ні пасьля адстаўкі я ня чуў на свой адрас брутальных выпадаў. Крытыку — так, брутальнасьці — не. Не дапускаю такіх выказваньняў і я. Хоць, размаўляючы ў тыя гады кожны дзень, часам шмат гадзінаў запар, сябрамі мы так і не зрабіліся» (с. 163).

І яшчэ:

«Са Станіславам Шушкевічам, да прыкладу. Мы разыходзіліся па шмат якіх пазыцыях унутранай і зьнешняй палітыкі. Часта спрачаліся, прычым горача. Але ў канчатковым выніку заўсёды прыходзілі да кансэнсусу, знаходзілі патрэбнае рашэньне» (с. 260).

Гэтак — у мэмуарах, тым часам як рэальнасьць не была такой ідэалістычнай, і адносіны паміж імі абвастрыліся ў сакавіку 1993 году на глебе нэўтралітэту Беларусі. Зробленая прыхільнікамі Кебіча спроба адстаўкі Шушкевіча ў чэрвені, рэзкая крытыка Шушкевічам ураду ў верасьні, нарэшце, атака на старшыню Вярхоўнага Савету ў сьнежні — сюжэты гэтай кнігі, і тут я ня буду іх апісваць падрабязна, толькі прывяду цытату самога Шушкевіча зь ягоных мэмуараў:

«Нямала дэпутатаў, супрацоўнікаў Вярхоўнага Савету і Савету міністраў, якія былі ў даверных са мной адносінах, папярэджвалі мяне пра падвойную гульню Кебіча, пра яго апантанае жаданьне мяне “падседзець”, іншымі словамі, скампрамэтаваць. Іх аргумэнты не здаваліся мне пераканаўчымі. Спасылкі былі пераважна на шчырыя выказваньні прэм’ера ў нецьвярозым стане… — Трымайцеся ад Кебіча далей, ён яшчэ больш-менш, але бліжэйшыя падначаленыя такія, што дзеля заваёвы прыязнасьці шэфа могуць раздушыць, абліць паклёпам, разжаваць і выплюнуць каго заўгодна» (с. 175).

Я ня чуў выказваньняў Кебіча ў нецьвярозым стане, а грунтаваўся выключна на тым, што было бачна кожнаму, хто хаця б чытаў інтэрвію тых людзей, што сабраліся вакол Кебіча ў апараце Саўміну: ні слова сымпатый да нацыянальнага адраджэньня, да беларускай мовы, да прынцыпаў дэмакратыі і зусім не прыхаваная нянавісьць да таго, што сам Шушкевіч называў «беларушчынай», імкненьне зьліквідаваць незалежнасьць Беларусі і максымальна прывязаць яе да Масквы.

Дзіўна, чаму Шушкевіч ня бачыў гэтага палітычнага антаганізму, зразумелага пачаткоўцу курсу паліталёгіі. Хіба што забыўся на тое, пра што сам кажа: «Навукоўцы павінны лепш за іншых ведаць, што пранікненьне ў палітыку абавязвае папярэдне нешта зразумець у навуцы пра ўладу — паліталёгіі, авалодаць ёй на практыцы. Яны ж, як правіла, набіваюць у палітыцы гузакі, працуючы мэтадам спробаў і памылак» (с. 267).

На пачатку 1993 году было відавочна, што ўрад Кебіча ня здольны ні вывесьці краіну з крызісу, ні правесьці патрэбныя эканамічныя рэформы. Раз-пораз крытыка ўраду прарывалася і ў заявах Шушкевіча (асабліва рэзкая — у верасьні, калі абвастрыўся паліўны крызіс). Да гэтага часу вызначылася і розьніца ў падыходах абодвух кіраўнікоў да будучыні Беларусі: Шушкевіч бачыў краіну нэўтральнай, Кебіч выступаў за максымальна шчыльнае ваеннае супрацоўніцтва.

Мы ў апазыцыі лічылі, што ў такой сытуацыі лягічным крокам павінна было быць ініцыяваньне Шушкевічам адстаўкі ўраду, і гэта было галоўнае нашае да яго патрабаваньне ў 1993 годзе. Форму Шушкевіч мог абраць якую заўгодна, у залежнасьці ад канкрэтных абставінаў, але найбольшы эфэкт мела б заява на сэсіі Вярхоўнага Савету ў прамой тэлерадыётрансьляцыі. Ці, калі парлямэнт не засядаў, выступ па тэлебачаньні.

Канешне, гэтаму мусіла папярэднічаць падрыхтоўка дэпутатаў. І тут Шушкевіч мог разьлічваць на Апазыцыю БНФ і «Дэмакратычны клюб», які хоць і заставаўся ў «замарожаным» стане, але пры экстрэмальных сытуацыях мабілізоўваўся. Карпенка, Ганчар, Булахаў не былі б саюзьнікамі, яны мелі сваю гульню, але шмат каго з кіраўнікоў гаспадарак можна было б перацягнуць на свой бок.

Але паводзіны дэпутатаў, у чым Шушкевіч меў магчымасьць пераканацца, залежалі ад настрояў грамадзтва, асабліва ад людзей на Плошчы.

Мы наўпрост казалі Шушкевічу, што падтрымаем ягоныя дзеяньні, калі яны будуць рашучымі (далей у кнізе будзе запіс нашай зь ім гутаркі ў пачатку кастрычніка 1993-га).

Я быў перакананы тады і не зьмяніў свайго меркаваньня цяпер, што, нягледзячы на спад мітынговай актыўнасьці, калі б Шушкевіч заклікаў людзей на Плошчу (як у тым самым кастрычніку гэта зрабіў Ягор Гайдар у Маскве) — БНФ сабраў бы дзясяткі тысяч людзей.

А далей — адстаўка ўраду Кебіча, фармаваньне пераходнага кааліцыйнага ўраду, новыя парлямэнцкія выбары.

Аднак для гэтага Шушкевіч мусіў сапраўды пайсьці на сьмелыя крокі, але гэткае ён лічыў радыкалізмам; Шушкевіч не стамляўся паўтараць, што займае цэнтрысцкую пазыцыю.

Потым шмат хто напіша пра памылковасьць такой пазыцыі, але я хачу працытаваць публікацыю палітоляга Валера Карбалевіча, якая зьявілася ў тым часе, летам 1993 году:

«Папулярнасьць Шушкевіча ў значнай ступені абумоўленая ягоным сфармаваным іміджам палітычнага цэнтрыста. У гэтай сувязі неабходна заўважыць, што пра палітыку цэнтру як найбольш аптымальную палітычную лінію можна казаць у дачыненьні да нармальнага дэмакратычнага грамадзтва ў спакойныя пэрыяды жыцьця. А вось на пераходным крызісным этапе разьвіцьця грамадзтва, калі яно стаіць перад неабходнасьцю ажыцьцяўленьня кардынальных структурных рэформаў, сытуацыя крыху іншая. Пры такіх умовах цэнтрызм плённы, калі ў краіне рашуча ажыцьцяўляюцца рэформы. Гонар і слава цэнтрыстам, якія настойліва, пасьлядоўна і мэтанакіравана вядуць грамадзтва па шляху пераўтварэньняў, адбіваючы атакі кансэрватараў, што спрабуюць затармазіць працэсы абнаўленьня, і радыкалаў, што імкнуцца ажыцьцявіць іх рэвалюцыйным мэтадам, адным рыўком. Аднак ва ўмовах нашай рэспублікі, калі рэформы практычна застопарыліся, у выніку чаго крызіс паглыбляецца, цэнтрызм беспэрспэктыўны. Палавінчатасьць і непасьлядоўнасьць, спробы задаволіць усіх толькі пагаршаюць сытуацыю і завяршаюцца палітычным банкруцтвам… Калі браць гістарычныя аналёгіі, дык сумны палітычны лёс клясычных цэнтрыстаў Керанскага, Гарбачова таму пацьверджаньне. Урокі гісторыі кажуць, што цэнтрызм можа быць сродкам, а ня мэтай» («Европейское время», № 4, 1993).

Увесь 1993 год Шушкевіч імкнуўся прытрымлівацца цэнтрысцкай пазыцыі; вынік — пэрсанальна для яго — надышоў 26 студзеня наступнага, 1994 году, калі бальшыня дэпутатаў прагаласавалі за ягоную адстаўку.

А яшчэ праз паўгода пайшоў у адстаўку і Кебіч — пасьля прайграных прэзыдэнцкіх выбараў, якіх ён разам са сваім атачэньнем гэтак настойліва дамагаўся.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG