Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1993: Як мы адзначылі БНР-75


Працягваем публікацыю фрагмэнтаў кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста трэці», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе».

Замовіць кнігу можна ТУТ

Яўген Цумараў (Шабаноўская выбарчая акруга № 10, г. Менск). Я хацеў бы працытаваць ксэракопію арыгіналу газэты «Беларуская Рада» (я буду цытаваць на расейскай мове, як яна выдавалася) ад 10 сьнежня 1917 году, дзе апісваюцца падзеі, якія адбыліся на Усебеларускім зьезьдзе. Як вядома, гэта той устаноўчы зьезд, які быў разагнаны на загад з Масквы… Эпізоды, якія будуць цытавацца са стэнаграмы, датычацца павагі дэлегатаў да нацыянальнага сьцяга. «Но этот величественный день под конец был омрачен неслыханным нахальством представителя, по его словам, латышского народа, а, вернее, просто (прабачце, буду цытаваць, як напісана) нахального большевика, который предложил нам, истинным сынам многострадальной, но отныне свободной белорусской нации, он имел дерзость предложить нам выбросить наше бело-красно-белое знамя. Какая бульварная дерзость, какое оскорбление всему белорусскому народу. Нехорошую услугу он оказал большевикам, их представитель. Крики возмущения, поднятые кулаки, крики “вон!” и “долой!” были ответом на его речь». Я далей цытую стэнаграму: «... Алексиевский подходит и целует знамя... Какой позор мы сейчас пережили, какие темные люди, но таких учителей, как этот латыш, нам не нужно. (Бурные аплодисменты и овации. Несколько человек подбегают и поднимают его на руки, и качают). Необходимо защищать знамя и почитать его. (Бурные аплодисменты). “Няхай жыве вольная Беларусь”, — так гордо сказал весь народ устами своих достойных представителей. Так написано на бело-красно-белом знамени».

Выступ у "Розным"

Аднойчы вясной 1989 году ў кавярні я ўбачыў мастака Алеся Пушкіна. Ён сядзеў за столікам зь нейкай дзяўчынай, яны гутарылі, і ў мяне хапіла тактоўнасьці не навязваць сваю кампанію. Я заўважыў, што Пушкіна пазнаюць, але ніхто не падыходзіць; беларусы — людзі сьціплыя. Газэты толькі што надрукавалі фатаздымак Алеся на праспэкце ля Дому друку з плякатамі, прысьвечанымі гадавіне незалежнасьці БНР. У паўтарамільённым горадзе ён быў адзіны, хто зладзіў з нагоды 25 сакавіка публічную акцыю (здаецца, адзіны і ў дзесяцімільённай Беларусі).

Калі б мне тады сказалі, што праз тры гады я буду першы за ўсю гісторыю Вярхоўнага Савету, хто зь яго трыбуны павіншуе з днём незалежнасьці БНР — я б не паверыў.

Не паверылася б і ў тое, што яшчэ праз год адзначаць сьвята выйдуць дзясяткі тысяч людзей.

Адзначэньне 75-х угодкаў абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі ў сакавіку 1993-га прыгадваюць як найбольшы нацыянальны трыюмф — нароўні зь Першым зьездам беларусаў сьвету, які прайшоў у ліпені. Мяркую, зьезд ня быў бы такім прадстаўнічым, калі б не сакавіцкае сьвята, якое паказала беларусам замежжа, што ў краіне нацыянальныя сілы здольныя дамагчыся ўшанаваньня найважнейшай для беларусаў у ХХ стагодзьдзі падзеі.

Ушанаваньне незалежнасьці БНР пачалося там, дзе яно і не было заплянавана — на пасяджэньні Канстытуцыйнай Камісіі Вярхоўнага Савету. 11 сакавіка Камісія прыняла тэкст прэамбулы новай Канстытуцыі.

Мне давялося быць членам Канстытуцыйнай камісіі, і ў маім архіве захаваўся праект Асноўнага закону паводле стану на 11 сакавіка 1993 году (роўна за два тыдні да 75-х угодкаў незалежнасьці БНР).

Праект першай Канстытуцыі сувэрэннай Беларусі, сакавік 1993
Праект першай Канстытуцыі сувэрэннай Беларусі, сакавік 1993

Паводле гэтага праекту, у прэамбуле Канстытуцыі былі такія радкі:

« Мы, народ Рэспублікі Беларусь (Беларусі),

… аддаючы належнае пошукам справядлівага грамадзкага ладу на старажытнай зямлі Беларусі, якія знайшлі адлюстраваньне ў Статутах Вялікага Княства Літоўскага, Рускага, Жамойцкага, Статутных граматах Беларускай Народнай Рэспублікі, Канстытуцыях Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, а таксама ў Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Рэспублікі Беларусь,

… прымаем гэтую Канстытуцыю — Асноўны Закон Рэспублікі Беларусь».

Як бачыць чытач, у прэамбуле згадваліся і ВКЛ, і БНР, і БССР.ФОТА 8

Дзень 25 сакавіка ня быў абвешчаны сьвяточным (хоць мы неаднаразова прапаноўвалі Вярхоўнаму Савету гэта зрабіць), але пазьней, прыгадваючы 75-я угодкі БНР праз чвэрць стагодзьдзя, некаторыя будуць казаць, што сьвята было адзначана на дзяржаўным узроўні; іншыя зробяць асьцярожнае ўдакладненьне — «амаль на дзяржаўным».

Ні адно, ні другое не адпавядае сапраўднасьці: адчуваньне высокага статусу сьвята надаў удзел ва ўрачыстым пасяджэньні ў будынку філярмоніі старшыні Вярхоўнага Савету Станіслава Шушкевіча (Кебіч ня браў удзелу), але найперш — масавасьць наладжанага БНФ і БЗВ сьвята, якое адбылося ў нядзелю 21 сакавіка.

І якое не разганяў АМОН.

Дзьве хвіліны пра шматтысячнае шэсьце

Пра стаўленьне ўлады да сьвята можна меркаваць па рэпартажы аб шэсьці і мітынгу, які прайшоў у выпуску інфармацыйнай перадачы «Панарама» увечары ў тую самую нядзелю. Ён цягнуўся толькі дзьве хвіліны, пры гэтым было сказана, што мітынг правялі «суполкі БНФ і БЗВ». «Дзьвюххвілінны рэпартаж скончыўся, а я здранцьвела сядзеў перад экранам — пісаў аглядальнік газэты Менскага гарадзкога Савету «Добры вечар» Максім Грэк (псэўданім Максіма Гілевіча). — Як жа можна так не паважаць свой народ, каб найбуйнейшую падзею апошняга часу падаць у гэткім выглядзе?»

Калёна БЗВ
Калёна БЗВ

Аглядальнік «Добрага вечара» прадставіў чытачам поўную карціну падзеі:

«У нядзелю ў сталіцы краіны адбылося буйнейшае палітычнае мерапрыемства. Тысячы і тысячы менчукоў, прадстаўнікі многіх гарадоў, беларусы блізкага і далёкага замежжа ладзілі сьвяткаваньне 75-х угодкаў беларускай незалежнасьці, — пісаў Максім Грэк. — Не суполкі БНФ і БЗВ, а больш пяцідзесяці палітычных партый і арганізацый Беларусі, якія падтрымалі ініцыятыву Беларускага Народнага Фронту і Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў і стварылі арганізацыйны камітэт па сьвяткаваньні юбілею, бралі ўдзел у сьвяточным шэсьці і мітынгу. Сотні дзяржаўных сьцягоў, харугваў з выявамі гістарычных асобаў Беларусі, лёзунгаў і плякатаў луналі над праспэктам Скарыны.

Шэсьце пачалося ўрачыстым маршам БЗВ. Восем яго харугваў пад барабанны бой прайшлі праз жывы калідор гараджан па галоўнай магістралі Менску. Ішлі мужчыны, якія прысягнулі на вернасьць сваёй Бацькаўшчыне, гатовыя ў любую хвіліну са зброяй у руках выйсьці на яе абарону».

Гэты марш потым шматкроць згадваўся і ў афіцыйным друку, і ў выступах прарасейскіх дэпутатаў на сэсіях Вярхоўнага Савету — як прыклад патэнцыйнай бясьпекі для «грамадзянскага міру і стабільнасьці». Насмрэч праімпэрскія сілы былі напужаныя рашучасьцю беларускіх патрыётаў.

Шэсьце БНФ, фота Ул. Кармілкіна
Шэсьце БНФ, фота Ул. Кармілкіна

Перад пачаткам мітынгу
Перад пачаткам мітынгу

Удзельнікі мітынгу
Удзельнікі мітынгу

Ля помніка Янку Купалу -- Зянон Пазьняк, Радзім Гарэцкі, Васіль Быкаў, Галіна Сямдзянава, Валянцін Голубеў, Сяргей Навумчык, Уладзімер Заблоцкі.
Ля помніка Янку Купалу -- Зянон Пазьняк, Радзім Гарэцкі, Васіль Быкаў, Галіна Сямдзянава, Валянцін Голубеў, Сяргей Навумчык, Уладзімер Заблоцкі.

«Сьледам рушылі калёны партый і грамадзкіх арганізацый, — працягваў Максім Грэк. — Невыпадкова тэлебачаньне не паказала дэманстрацыю агульным плянам — калёну, якая расьцягнулася ледзь не на ўвесь праспэкт, суполкай БНФ назваць было б цяжка.

Невыпадкова ня ўбачылі гледачы твары тых, хто стаяў ля помніка Янку Купалу, бо гэта былі людзі вядомыя і паважаныя ў краіне. Людзі, якіх немагчыма было б абазваць «недасьведчанымі» альбо «экстрэмістамі» — Васіль Быкаў, лідэр БНФ, старшыня парлямэнцкай апазыцыі Зянон Пазьняк, народныя дэпутаты ВС — старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Алег Трусаў і старшыня Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны Ніл Гілевіч, Лявон Баршчэўскі, Анатоль Вярцінскі, Валянцін Голубеў, Мікалай Крыжаноўскі, Сяргей Навумчык, намесьнік старшыні Менгарсавету, старшыня гарадзкой рады БСДГ Анатоль Гурыновіч, рэдактар штотыднёвіка «Культура» паэтка Вольга Іпатава, віцэ-прэзыдэнт Акадэміі навук Беларусі Радзім Гарэцкі, старшыня філіі ТБМ у Маскве Аляксей Каўка, старшыня БЗВ падпалкоўнік Мікола Статкевіч, старшыня гарадзкой Рады ТБМ прафэсар Мікола Савіцкі, прафэсар, доктар эканамічных навук Уладзімер Кулажанка, дацэнт Беларускай політэхнічнай акадэміі Мікола Анцыповіч, рэдактар часопіса «Полымя» Сяргей Законьнікаў, рэдактар газэты «Наша слова» Эрнэст Ялугін, гісторыкі Віталь Скалабан і Міхась Чарняўскі, публіцыст Аляксандар Лукашук і многія, многія іншыя.

Невыпадкова не пачулі мы па тэле і выступаў на мітынгу, бо акцыя набыла яскравы палітычны характар. І ня толькі таму, што сувэрэнная Беларусь дагэтуль не адзначае сваё сьвята на дзяржаўным узроўні. Але і таму, што гаворка ў сквэры Янкі Купалы ішла пра дзень сёньняшні. Прамоўцы неаднаразова ўспаміналі беспрэцэдэнтную заяву прэм’ера Беларусі Вячаслава Кебіча (пра саюз з Расеяй і ўваходжаньне ў сыстэму калектыўнай бясьпекі СНД — С. Н.) і неаднаразова давалі жорсткую ацэнку як неканстытуцыйнай і здрадніцкай яго пазыцыі па пытаньнях эканамічнага саюзу і ваеннай блякіроўкі з Расеяй. Ну, ці ж магло тэлебачаньне афіцыйнай улады праінфармаваць сваіх гледачоў пра тое, што ці ня кожныя тры хвіліны тысячы грамадзянаў Беларусі патрабавалі ад ураду і асабіста ад таварыша Кебіча падаць у адстаўку?

Удзельнікі сьвята. Фота Уладзімера Кармілкіна
Удзельнікі сьвята. Фота Уладзімера Кармілкіна

Ні слова не сказалі афіцыйныя камэнтатары пра непадробную атмасфэру сьвята, якая панавала ў горадзе. Не сказалі пра ўсьмешкі на тварах, пра жарты і прыўзьняты настрой, пра маляўнічасьць і прыгажосьць калёнаў, пра мілагучныя ладныя сьпевы падчас канцэрту, які адбыўся пасьля мітынгу. Не ўспомнілі яны і пра гуканьне вясны, наладжанае маладымі беларусамі ў сквэры Янкі Купалы. Афіцыйнае тэлебачаньне не сказала пра СЬВЯТА» («Добры вечар», 23 сакавіка 1993).

Не сказала, бо для тых, хто кантраляваў тэлебачаньне, абвяшчэньне незалежнасьць Беларусі сьвятам не было.

«Ганарыцца тым добрым, што ў нас было»

Дзень 25 сакавіка пачаўся з выступу на сэсіі Вярхоўнага Савету Анатоля Вярцінскага, які ўзяў слова ў разьдзеле «Рознае». Пры гэтым ён ня быў запісаны папярэдне, але, да гонару Шушкевіча, ён даў Вярцінскаму слова па-за чаргой.

Вярцінскі: «Паважаны Старшыня! Паважаны Вярхоўны Савет! Я хацеў бы нагадаць, што сёньня, 25 сакавіка, роўна 75 гадоў назад у гісторыі нашай Радзімы, у гісторыі беларускага народа адбылася гістарычная падзея: была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка. І хацеў бы зьвярнуць увагу на той радасны знамянальны факт, што ўпершыню за ўсе 75 гадоў сёлета, у гэтыя вясновыя дні гэтая гадавіна адзначаецца як нацыянальная, вялікая гістарычная падзея. Давайце павіншуем адзін другога з гэтай знамянальнай датай. Дзякуй за ўвагу». (Аплядысмэнты).

Шушкевіч: «Дзякуй. Мы павінны ганарыцца тым добрым, што ў нас было. Думаю, тыя, хто выступае цяпер супраць гэтага, зь цягам часу зразумеюць, што гэта быў добры, вельмі добры ўчынак тых, кім мы можам ганарыцца да сёньняшняга дня. І я думаю, што наш абавязак — быць сёньня на сьвяткаваньні. Што да мяне, я буду на гэтым сьвяткаваньні».

Станіслаў Станіслававіч дарэмна спадзяваўся: празь некалькі хвілінаў на трыбуну ўзьняўся дэпутат-вэтэран Міхаіл Качан і заявіў пра стварэньне ў Вярхоўным Савеце фракцыі камуністаў — каб, сярод іншага, «растлумачыць беларускаму народу авантурызм і згубнасьць курсу на рэстаўрацыю капіталізму, які яму навязваюць», а дэпутат генэрал Валянцін Сарокін абрынуўся з абвінавачваньнямі ў нацыяналізьме ў бок БЗВ, «БНФ, іншых нацыяналістычных экстрэмісцкіх партый і грамадзкіх арганізацый».

Міністар абароны Павал Казлоўскі пайшоў яшчэ далей, ацэньваючы шэсьце актывістаў БЗВ у гонар 75-годзьдзя БНР — «такое шэсьце пад барабанны бой страявым крокам, дзе можа яшчэ факел даць камусьці ў руку, вельмі нядобрыя асацыяцыі выклікае» — відавочна, міністар меў на ўвазе нацысцкія шэсьці ў Нямеччыне ў 1930-х гадах. Пры гэтым Казлоўскі не згадаў, што ў тым шэсьці бралі ўдзел і вэтэраны Другой сусьветнай вайны, якія змагаліся з нацызмам. ФОТА 7

(Качан, Лакцюшын і Казлоўскі выступалі па-расейску; увогуле, практычна ўсе нашыя апанэнты на сэсіях Вярхоўнага Савету заўсёды прамаўлялі не на беларускай мове. У кнізе я цытую выступы ў перакладзе на беларускую, за рэдкімі выключэньнямі.)

І

Васіль Быкаў, Станіслаў Шушкевіч, Ніл Гілевіч на ўрачыстым паседжаньні ў гонар 75-х угодкаў БНР
Васіль Быкаў, Станіслаў Шушкевіч, Ніл Гілевіч на ўрачыстым паседжаньні ў гонар 75-х угодкаў БНР

ўсё ж камуністам сапсаваць сьвята не ўдалося. Увечары ў будынку філярмоніі адбылося ўрачыстае пасяджэньне, заля вітала ў прэзыдыюме старшыню Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Язэпа Сажыча і Данчыка, якія адмыслова прыляцелі на сьвяткаваньне са Злучаных Штатаў, а таксама Станіслава Шушкевіча, Ніла Гілевіча, Зянона Пазьняка, Юрася Хадыку. Абвяшчэньне Беларускай Народнай Рэспублікі было названа гістарычнай падзеяй, вызначальнай для станаўленьня беларускай дзяржаўнасьці.

Старшыня Рады БНР Язэп Сажыч у Менску, сакавік 1993
Старшыня Рады БНР Язэп Сажыч у Менску, сакавік 1993

Праўда, мне прысутнічаць на гэтай урачыстасьці не давялося: Зянон Пазьняк папрасіў, каб я паехаў у Беласток, бо тамтэйшыя беларусы вельмі хацелі мець на сьвяткаваньні дэпутата парлямэнту, для іх удзел прадстаўніка Апазыцыі БНФ быў вельмі важны. Давялося ехаць — і выступіць разам з тагачасным амбасадарам Беларусі ў Польшчы Уладзімерам Сянько; на другі дзень разам з жонкай мы гасьцявалі ў сямʼі Сянько ў Варшаве. Была добрая вячэра і добрая гутарка.

Рыхтуючы гэтую кнігу, я паспрабаваў адшукаць у беластоцкай газэце «Ніва» згадку пра ўрачыстае пасяджэньне ў Беластоку — але ў нумарах за тыя дні пра тое адзначэньне ўгодкаў БНР не было ні радка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG