Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чытач Сьцебурака: У Беларусі хваліць сваё і сябе — распаўсюджаная зьява


Усевалад Сьцебурака
Усевалад Сьцебурака

У рубрыцы «Варта» на выходных мы публікуем адказы на анкету пра чытацкія звычкі беларусаў. 20 пытаньняў пра тое, як файна чытаць файную літаратуру. Сёньня на нашу чытацкую апытанку адказвае пісьменьнік Усевалад Сьцебурака.

Якія кнігі вы чытаеце цяпер?

Паралельна ў розных месцах з далікатнымі закладкамі і проста па-барбарску пакладзеныя разваротам на стол, мяне чакаюць «Маанзунд» Пікуля, «Не сьмяшыце мае прыназоўнікі» Вячоркі і «Там, дзе бруіцца Іслач» Рагойшы.

Якую выдатную кнігу вы прачыталі апошнім часам?

«Залатая ружа» Канстанціна Паўстоўскага. Скарыстаўся парадай, пачытаў, упадабаў.

Што ўплывае на ваша рашэньне прачытаць кнігу: рэцэнзія, парада сяброў, атрыманьне прэміі кнігай, нешта іншае?

З чытаньнем кнігаў у апошнія 7–8 год склалася цікавая сытуацыя — працэс чытаньня наўпрост зьвязаны з маім месцазнаходжаньнем. У Менску, дзе я бываю заняты справамі ад ранку да ночы, чытаньню нічога не спрыяе. То бок я безумоўна чытаю — стужку сацсетак, навіны, блогі і нават лонгрыды, але ня кнігі. Тэмп майго жыцьця ў горадзе не пакідае часу на развагі і засяроджанасьць, якой патрабуюць кнігі.

За межамі гораду на любімым лецішчы пад Вялейкай ці на жончынай радзіме ў Ракаве — я прынцыпова стараюся не карыстацца інэтам і не зазіраю ў тэлек. Там мяне захоплівае чытаньне. На лецішчы да маіх паслугаў вялікая бібліятэка, якая пачала зьбірацца яшчэ дзядамі і дапаўнялася бацькамі ды нашымі з братам набыткамі. Выбар? Падыходжу да паліцы, бяру кнігу і чытаю…

Вечар ля каміна з кніжкай — олдскул, якога пашукаць))). Бываюць расчараваньні, бываюць шараговыя рэчы, бываюць адкрыцьці. Але варта дадаць — я люблю сам працэс чытаньня. У цішыні, сам-насам з думкамі — тая яшчэ асалода. Ніякія прэміі для мяне не паказьнік. У прэміях, на жаль, часьцяком перамагае перахваленая лухта, прасунутая пэўнай тусоўкай.

Самая цікавая рэч, пра якую вы даведаліся з кнігі апошнім часам…

Паколькі само пытаньне досыць кур’ёзнае, то падзялюся такімі ж набыткамі. Нядаўна дазнаўся, што «ханжа» апроч агульнавядомага значэньня абазначае яшчэ і самапальны алькаголь — самагон. А само слова да нас прыйшло з Далёкага Ўсходу пасьля расейска-японскай вайны, дзе «ханшынам» называлася рысавая гарэлка кітайцаў.

Таксама даведаўся, што драпежная гіена належыць да кошкападобных, то бок прыходзіцца сваяком ільвам, а не ваўкам, да якіх мае падабенства.

Ну і на астачу — дазнаўся, што Убарцкае Палесьсе з часоў Вітаўта належала Віленскаму капітулу, што і перадвызначыла ў далейшым яго прыцягненьне ў арбіту беларускіх, але не ўкраінскіх земляў.

Які клясычны раман вам давялося прачытаць апошнім часам упершыню?

Апошнім часам нічога, здаецца.

Якіх сучасных аўтараў — раманістаў, паэтаў, драматургаў, крытыкаў, журналістаў — вы цэніце і любіце больш за іншых?

Ня маючы профільнай (філялягічнай) адукацыі, я не магу пахваліцца сыстэмнай абазнанасьцю ў літаратуры. Аўтары да мяне трапляюць хаатычна і я часам раблю адкрыцьці там, дзе іх да мяне даўно зрабілі іншыя. З другога боку, нада мной не вісіць абавязак любіць кімсьці абвешчаных геніяў і я свабодны ва ўпадабаньнях. Разьбежка ў маіх сымпатыях досыць вялікая — ад мэтраў і ўлюбёнцаў публікі, да несыстэмных адзіночак.

Калі не выходзіць на плянэтарныя маштабы, а засяродзіцца на айчынным, то з прыемнасьцю чытаю вершы Ўладзімера Някляева, Анатоля Сыса, Насты Кудасавай, прозу Адама Глобуса, Сяргея Рублеўскага, Барыса Пятровіча, Уладзімера Сьцяпана, Франца Сіўко, эсэ і публіцыстыку Сяргея Дубаўца, Вінцука Вячоркі, Аляксандра Лукашука.

Асобна для мяне стаяць паважаныя пісьменьнікі-гісторыкі, працаўнікі наколькі складанага, настолькі і непераацэннага жанру нон-фікшн: Натальля Гардзіенка, Генадзь Сагановіч, Лявон Юрэвіч, Янка Запруднік, Вітаўт Кіпель і інш.

З прыемнасьцю слухаю (бо тут важна чуць аўтара жыўцом) Віталя Рыжкова, Віктара Шалкевіча, Лявона Вольскага.

Наогул, чым больш прозьвішчаў я ўзгадваю, тым больш небясьпечна пакінуць некага па-за сьпісам (тым больш, што шмат хто чытае такія анкеты, каб пабачыць сваё прозьвішча))). Насамрэч, мне можа падабацца адзін-адзіны верш аўтара — і мне дастаткова, каб любіць і цаніць яго — а з такім дапушчэньнем я мушу дадаць яшчэ дзясяткі імёнаў.

Якая кніга апошнім часам давяла вас да сьмеху?

Да сьмеху мяне зазвычай даводзяць кнігі, што абвяшчаюцца бэстсэлерамі самімі аўтарамі. Мне наогул сьмешна чуць камплімэнты ўласным творам з вуснаў стваральніка. У сучаснай Беларусі хваліць сваё і сябе — гэта надзвычай распаўсюджаная зьява: я — Мысьляр, я — Паэт, я — Прадстаўнік, я — Стваральнік… Вартыя жалю спробы зафіксавацца ў вечнасьці, як па мне. Магчыма, гэта ад безвыходнасьці, у зьвязку з адсутнасьцю масавага чытача, а, магчыма, проста ад кепскага густу, браку адукацыі і шляхетнасьці.

А ці плакалі вы над нейкай кнігай апошнім часам?

Апошнім часам не прыпамінаю. Але, безумоўна, добрая кніга прымушае зазнаць увесь спэктар пачуцьцяў, у тым ліку і шчымлівыя моманты.

Барыс Пятровіч, Усевалад Сьцебурака, Ціхан Чарнякевіч, Анатоль Івашчанка
Барыс Пятровіч, Усевалад Сьцебурака, Ціхан Чарнякевіч, Анатоль Івашчанка

Якая кніга вас раззлавала ці расчаравала?

Расчароўваюць кнігі, заяўленыя як мэсіянскія. Не, яны насамрэч палохаюць. Раз на пару-тройку гадоў нехта з айчынных творцаў дае слабіну і піша опус з бессэнсоўнай спробай спалучыць тысячагадовы вопыт чалавецтва з уласнымі банальнымі адкрыцьцямі. У сьведкі і суаўтары зазвычай бяруць Бога, уплішчваючы яго імя на кожны радок. Гэта канчаткова псуе сытуацыю.

Якія літаратурныя жанры вы не чытаеце?

Фантастыку і філязофію. Першую, таму што проста не люблю. А другую, таму што за яе часам выдаецца не глыбіня развагаў, а няўменьне ляканічна фармуляваць думкі, штучная велягурыстаць ды глуздавыломнае словаблудзьдзе.

Як вы любіце чытаць — на паперы ці з электроннай чыталкі? Адну кнігу ці некалькі паралельна? Раніцай ці вечарам?

Люблю чытаць папяровыя кнігі, у ідэале адну — і ад пачатку да канца. Звычайна ўвечары, канешне, але і непагодны восеньскі дзянёк цалкам падыдзе.

Вы ведаеце, дзе якая кніга ў вас стаіць або ляжыць? Як вы ўпарадкоўваеце свае кнігі?

Так, ведаю. Наогул лічу парадак у кніжніцы неабходным. Спарадкаваныя кнігі тэматычна: беларуская паэзія, беларуская проза, перакладныя кнігі, дзіцячыя, гістарычныя, навуковыя, даведнікі і энцыкляпэдыі — нічога надзвычайнага. Простая структура працуе надзейна.

Грамадзкі актывіст Мікола Таранда і Ўсевалад Сьцебурака
Грамадзкі актывіст Мікола Таранда і Ўсевалад Сьцебурака

Якія кніжныя знаходкі на вашых паліцах маглі б моцна зьдзівіць вашых знаёмых?

Тых, хто мяне ведае добра, відаць нічога асабліва не зьдзівіла б. Іншая справа, што ў нашай сямейнай бібліятэцы вялікая колькасьць навуковых і навукова-публіцыстычных кніг па гісторыі і краязнаўстве — гэта хобі бацькі і нашая з братам Анатолем профільная дысцыпліна. Апроч таго ёсьць кнігі па батаніцы, заалёгіі, прыродазнаўстве, геаграфіі — гэта кнігі, якія набываў бацька, доктар па адукацыі і натураліст паводле захапленьня.

Які найлепшы кніжны падарунак вы атрымалі?

У апошні час гэта падарунак ад жонкі — клясычнае выданьне «Пана Тадэвуша» з малюнкамі Васіля Шаранговіча (гэта адзін з самых любімых маіх твораў Міцкевіча), яшчэ адзін падарунак, які я памятаю і цаню — англамоўны «Уладар пярсьцёнкаў» Толкіна, прывезены мне сто год таму студэнцкім сябрам з ЗША. А агулам мне досыць часта дарылі кнігі і ўсё яны мне дарагія.

Ваш улюбёны кніжны герой/антыгерой або кніжная гераіня/антыгераіня?

Баюся, што ў ні героях, ні ў антыгероях у мяне ніхто надоўга не затрымліваўся.

Вы шмат чыталі ў дзяцінстве? Якія кніжкі зь дзяцінства засталіся ў вашай памяці назаўсёды?

Чытаў досыць шмат, днямі і начамі зь вялікай асалодай. Рады, што меў на гэта час і меў што чытаць. Бацькі нават у неспрыяльныя часы на кнігах не ашчаджалі. Куплялі, чыталі самі і нас заахвочвалі. У школьныя часы была прачытаная ўся абавязковая і пазаклясная праграма і па беларускай, і па расейскай літаратуры. Дома былі поўныя зборы Купэра і Твэна, былі Джэк Лондан, Стывэнсан, Эдгар По, Дзюма і Майн Рыд — мара любога хлопца ў маім дзяцінстве. Аддаваў перавагу гісторыі і прыгодам. Чытаў, канешне, і Караткевіча, Маўра, упадабаў Гогаля. У старэйшых клясах зачапіў «залатую калекцыю» замежнай клясыкі — усяго па троху: і Мана, і Тэкерэя, і Моэма, Гюго, Уайльда і інш., што было дома. Дзякуючы прасунутай выкладчыцы сусьветнай літаратуры, што давала мне кнігі з уласнай бібліятэкі, прачытаў «новых» для таго часу аўтараў кшталту Зюскінда ды Голдынга. У правінцыйным гарадку сярэдзіны 1990-х і гэтыя пісьменьнікі, мякка кажучы, не былі мэйнстрымавымі. Не выдаваліся яшчэ покет-букамі ў велізарных накладах, а прывозіліся па замове зь якой Масквы і ўяўлялі не абы-якія цікавінкі для аматараў літаратуры.

Алесь Пашкевіч, Усевалад Сьцебурака, Уладзімер Някляеў, Барыс Пятровіч
Алесь Пашкевіч, Усевалад Сьцебурака, Уладзімер Някляеў, Барыс Пятровіч

Калі б вы маглі прымусіць прэзыдэнта Беларусі прачытаць нейкую кнігу, што гэта было б?

Калі б гэта дало плён, то найперш кнігі па беларускай гісторыі ў якасным папулярным варыянце… А наогул, спадзяюся, што ў нас будзе прэзыдэнт, якога ня трэба будзе прымушаць чытаць.

Каго з трох сучасных або памерлых пісьменьнікаў вы хацелі б запрасіць на прыватную літаратурную вечарыну?

Па службовых абавязках я рэгулярна бачу на імпрэзах вялікую колькасьць пісьменьнікаў. Час ад часу менавіта сам і запрашаю іх. То для кагосьці гэта мара — а для мне праца, хоць і пачэсная)). Так што з жывымі сустракаюся рэгулярна… А агулам, я не люблю афіцыёзу і калі сустрэча — то лепей ля вогнішча ці за сталом. А гэта зусім іншая гісторыя. З памерлымі? Тады — Адам Міцкевіч, Ян Баршчэўскі і Ўладзімер Караткевіч. Мяркую, што і пасьмяяліся б, і баек бы наслухаліся, і патрыятычных гімнаў бы насьпяваліся разам з народнымі песьнямі.

Каго б вы хацелі мець як свайго біёграфа?

Ня ведаю, з такой нескладанай працай справіўся б любы пачатковец.

Што вы перачытваеце?

Апавяданьні Арлова, аповесьці Караткевіча, «Прошчу» і «Палянэз» Някляева, трылёгію Толкіна, з задавальненьнем перачытваю казкі народаў сьвету, раманы і аповесьці Грыгорыя Федасеева. Часта вяртаюся да асобных вершаў розных аўтараў.

Што вы плянуеце прачытаць у бліжэйшым часе?

Вось шаноўны Зьміцер Бартосік выдаў інтрыгоўны томік — а вазьму і пачытаю!

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG