Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чытач Шупа: З школьнай праграмы я не прачытаў і паловы кніг


У рубрыцы «Варта» на выходных мы публікуем адказы на анкету пра чытацкія звычкі беларусаў. 20 пытаньняў пра тое, як файна чытаць файную літаратуру. Сёньня на нашу чытацкую апытанку адказвае перакладчык Сяргей Шупа.

Якія кнігі вы чытаеце цяпер?

Шкада, што нават калі гэтая анкета зьявіцца на сайце, адказ на гэтае пытаньне — а, магчыма, і ня толькі на гэтае — ужо, магчыма, ня будзе актуальны. Цяпер чытаю «Траўніцкую хроніку» Івы Андрыча — адну з найзначнейшых кніг літаратуры паўднёваславянскага рэгіёну, якую можна паставіць хіба што побач з кнігай «Дэрвіш і сьмерць» Мэшы Сэлімавіча, якая для мяне з тых краёў адназначна кніга нумар адзін.

Апрача таго я цяпер акунуўся ў літаратурны сьвет найбольш, на маю думку, недаацэненага і да нядаўняга часу забытага ў нас творцу, які жыў у Беларусі — Мойшэ Кульбака. Я перакладаю ягоныя кароткія раманы 1920-х гадоў і паралельна зьбіраю біяграфічныя і бібліяграфічныя матэрыялы і чытаю ўсё, што можна пра яго прачытаць — манаграфіі, артыкулы, прадмовы да перакладных выданьняў. Ну і каторы раз чытаю і перачытваю ягоны літаратурны даробак — прозу, паэзію, драматургію. Напісаў ён за 41 год жыцьця ня так і шмат, можна лёгка ўявіць сабе па-беларуску збор твораў у 4-5 тамах.

Якую выдатную кнігу вы прачыталі апошнім часам?

Новую кнігу Этгара Керэта «Непаладка на краі галяктыкі». Кніга даўно чаканая, пасьля доўгага перапынку зноў стары добры Керэт at his best — коратка, тужліва, абсурдна, шчымліва, парадаксальна.

Што ўплывае на ваша рашэньне прачытаць кнігу: рэцэнзія, парада сяброў, атрыманьне прэміі кнігай, нешта іншае?

Бывае па-рознаму. Часам парада сяброў, чыйму літаратурнаму густу я давяраю. Часам выпадкова натыкаюся на згадкі пра нейкія кнігі, калі чытаю нешта абсалютна іншае. Моцна ўплываюць абмеркаваньні ў сацыяльных сетках або наогул у сеціве — кнігі, пра якія літаральна ўсе навокал пішуць і хваляць, я стараюся абыходзіць за кілямэтры, можа, часам і не зусім заслужана... Калі заходжу ў кнігарні — чапляюся вокам за вокладкі, часам яны знаходзяць нейкі водгук у душы, і тады чытаю анатацыі, бывае, што першае ўражаньне не падманвае — так што парада выдаўцам: падыходзьце да вокладкі з належнай увагай! Раз на год, у жніўні, сустракаюся ў Заграбе з адным цудоўным пісьменьнікам і дасьведчаным чытачом і заўсёды пытаюся ў яго — што б ён параіў прачытаць, і ніколі не давялося шкадаваць.

Самая цікавая рэч, пра якую вы даведаліся з кнігі апошнім часам...

Можа й ня самае цікавае, але зьдзівіла. Чытаючы турэцкую граматыку, я даведаўся, што ў турэцкай мове ёсьць асобная граматычная катэгорыя — ліхажадальны лад дзеяслова. У сэнсе — у сказе «Узяў і разьбіў, каб яму рукі адсохлі», слова «адсохлі» будзе стаяць якраз у форме такога ладу.

Які клясычны раман вам давялося прачытаць апошнім часам упершыню?

Не баюся прызнацца, што я клясыку чытаў малавата і вельмі несыстэмна, такое пайшло яшчэ са школы, дзе літаратура была адным з маіх найменш улюбёных прадметаў — з школьнай праграмы я не прачытаў і паловы кніг (зрэшты, не прачытаў я іх і да сёньня) і ні кроплі аб гэтым не шкадую. Проста калі мне было гадоў 12, я ад коркі да коркі прачытаў бэвээлаўскі том Эдгара По — ну які пасьля гэтага палезе ў галаву «Ціхі Дон» ці, прасьцігоспадзе, «Вайна і мір»...

На шчасьце, бальшыня клясычных кніг была па-за праграмай савецкай школы — і я чытаў іх так, як яны да мяне прыходзілі, безь ніякай канкрэтнай праграмы ці пляну.

Таму тут пытаньне не які клясычны раман я чытаў упершыню — бо амаль усе яны ўпершыню — а які так позна. Згадаю, мабыць, адзін, які мне дагэтуль баліць — «Восень патрыярха» Маркеса. Чытаў і праўда ўпершыню, бо расейскі пераклад, які ў нас некалі чыталі ўсе і ганарыліся, што ён нарадзіўся ў Беларусі — гэта, на жаль, ня Маркес. Зьмест там перададзены добра (праўда, выразана ўсё, што ніжэй пупа), а Маркесава форма зьнішчана. З павагі і любові да перакладчыкаў звалім віну за гэта на рэдактараў і цэнзараў.

Зусім нядаўна прачытаў раман Шая Агнона «Учора і заўчора» — дагэтуль аж гудзе ў галаве.

Але сьпіс непрачытанай клясыкі, улучна зь неаспрэчнымі вяршынямі, у мяне яшчэ доўгі — аж сам сабе зайздрошчу, што мяне там яшчэ можа чакаць.

Якіх сучасных аўтараў — раманістаў, паэтаў, драматургаў, крытыкаў, журналістаў — вы цэніце і любіце больш за іншых?

Свайго сучаснага беларускага аўтара я знайшоў гадоў пятнаццаць таму, калі вяртаючыся цягніком зь Менску ў Прагу, прачытаў дзьве першыя кнігі Альгерда Бахарэвіча — ужо ня памятаю, дзе я пачуў пра гэтага аўтара і чым ён мане зацікавіў, каб я ажно купіў тыя кнігі. Прачытаўшы, я зразумеў, што гэта якраз тое, чаго мне ў беларускай літаратуры не хапала і што такога я ў ёй яшчэ не сустракаў. Апрача відавочнага пісьменьніцкага таленту я, мабыць, адчуў у аўтару і нейкую сацыяльную блізкасьць — вёска мне зь дзяцінства была чужая, «цэнтравы» Менск зь яго элітарным снабізмам таксама адштурхоўваў, а тут раптам я пазнаў атмасфэру майго дзяцінства і маладосьці, якія прайшлі ў Горадзе Сутоньня: індустрыйная зона, дзікая паўгарадзкая прырода, сацыяльнае разначынства... Празь нейкі час я ўжо быў ня толькі чытачом, але і рэдактарам Альгердавых кніг, і ён дагэтуль не перастае кожны раз мяне прыемна зьдзіўляць.

Я, вядома ж, люблю і цаню і многіх іншых сучасных беларускіх аўтараў, але баюся тут падаваць нейкі сьпіс, бо іх шмат, і лёгка было б некага прапусьціць — а я б пасьля перажываў...

З замежнымі творцамі тут прасьцей. Стараюся сачыць за тым, што выходзіць з-пад пяра Міленкі Ергавіча, Архана Памука, Этгара Керэта, Рабэрта Баланьё (ён, праўда, памёр, але кнігі працягваюць выходзіць...), Эліф Шафак, Маціяса Энара, Софі Оксанэн. Сьпіс гэты далёка ня поўны і шырока адкрыты.

Наагул, сьпіс улюбёных аўтараў (тут ужо не пра сучасных) у мяне на працягу жыцьця ўвесь час мяняўся. Зь дзяцінства ў ім быў адназначна хіба што Эдгар По. У студэнцкія гады кумірам быў Барыс Віян. Пасьля ў такіх пабываў Джордж Орвэл. Пазьней — Фрыдэбэрт Туглас, Хорхе Луіс Борхес і Лорэнс Дарэл. Юргіс Кунчынас і Антанас Шкема. Богуміл Грабал. Сёньня вось — Мойшэ Кульбак.

Якая кніга апошнім часам давяла вас да сьмеху?

Найбольш мяне сьмяшылі апошнім часам кнігі харвацкага пісьменьніка Антэ Томіча — але яны моцна лякалізаваныя ў Далмацыі, у тым ліку і моўна, таму шмат чаго б страцілася ў перакладзе. Ну, заўсёды знойдзецца нешта сьмешнае і ў кожнай кнізе Бахарэвіча.

А ці плакалі вы над нейкай кнігай апошнім часам?

Апавяданьне Караткевіча «Сіняя-сіняя» прабівае кожны раз, калі чытаю. Часам Гарэцкі. Апошнім часам найбольш — Ергавіч, умее зачапіць за жывое. Я наагул чалавек сэнтымэнтальны.

Якая кніга вас раззлавала ці расчаравала?

Тая, што пра газіроўку. Я, усхваляваны тэмамі «Менск» і «1960-я», быў павёўся, а выявілася, што там ніякага Менску і няма — а толькі сам аўтар, які таго Менску 60-х і ня ведае і не адчувае. Але я цярпліва дачытаў да канца, каб магчы аргумэнтавана пра гэта пагаварыць. Яшчэ — адна вельмі папулярная сёньня кніга пра «космас»: кожны раз, калі я сустракаў там праз старонку гэтае слова, «мая рука цягнулася да». Але некаму падабаецца — ну, абы на здароўе.

Якія літаратурныя жанры вы не чытаеце?

Неяк быў доўгі час, калі я зусім не чытаў фантастыку, бо думаў, што ўся яна — пра космас (зноў космас...), а значыць ні пра што. Але пасьля таго, як разам з дачкой давялося прайсьці стадыю кібэрпанку, зь якога я прачытаў усе вяршыні і маю ўлюбёныя творы — пачаў чытаць і такое, а «Праваднік аўтастопніка па галактыцы» вельмі нават палюбіў.

Нічога ня маю і супраць дэтэктываў — асабліва, калі чытаеш дзеля моўнай практыкі.

Але з увагі на абмежаванасьць чалавечага жыцьця ўсё ж не чытаю ўсё запар — ашчаджаю час на тое, што мне бліжэй.

Як вы любіце чытаць — на паперы ці з электроннай чыталкі? Адну кнігу ці некалькі паралельна? Раніцай ці вечарам?

Чытаю і так, і так. Я, вядома, без папяровай кнігі не ўяўляю сабе ні літаратуры, ні кніжнай цывілізацыі. Кніга — вокладка, ілюстрацыі, папера, друк, пах старонак — ад гэтага я адмовіцца не гатовы і заўсёды з прыемнасьцю займаюся чытаньнем старамодным чынам. Аднак часам — калі мне трэба прачытаць нейкі вядомы і папулярны твор, нейкую клясыку — сьпярша шукаю электронныя варыянты, якія я чытаю на айпэдзе. Праўда, часьцей выходзіць так, што тых кніг, якія я хачу прачытаць, у электронным варыянце проста няма.

Стараюся чытаць адначасна толькі адну кнігу. Але бываюць кнігі, чытаньне якіх зацягваецца надоўга — і даводзіцца іх адкладаць, каб у міжчасе прачытаць нешта іншае. Так, цяпер я чытаю вялізны двухтомнік успамінаў і матэрыялаў пра габрэйскі Менск, выдадзены ў 1970-х у Ерусаліме, і цяпер закапаўся ў розных бундах і сацыялістах пачатку ХХ стагодзьдзя...

Мая асноўная чытальная заля — праскі публічны транспарт. Я дабіраюся да працы хвілін 45 (часам шкадую, што так хутка) і маю паўтары гадзіны штодня на чытаньне кніг. За апошнія гадоў дзесяць у праскіх трамваях, аўтобусах і мэтро я гэтак перачытаў сотні кніг, зь дзясятак адрэдагаваў і вывучыў пару моваў. Калі раптам забываюся ўзяць з сабой нейкае чытво, пачуваюся ў транспарце як наркаман падчас ломкі.

Вы ведаеце, дзе якая кніга ў вас стаіць або ляжыць? Як вы ўпарадкоўваеце свае кнігі?

Як заядлы бібліяман я кожны свой дом заўсёды запаўняў кнігамі. Тысячы і тысячы іх засталіся недзе ў маім мінулым і пазамінулым жыцьці. Але ўжо і ў цяперашнім іх назьбіралася да крытычнай мяжы. Тым ня менш збольшага я бязь цяжкасьці знайду тое, што шукаю. Бывае, што не знаходжу — тады даводзіцца перабіраць у памяці, хто б мог узяць і зачытаў. Часам удаецца злавіць.

Парадак разьмяшчэньня больш-менш стыхійны, аднак кнігі аднаго аўтара ці ўжо тым больш адной сэрыі стаяць разам.

Якія кніжныя знаходкі на вашых паліцах маглі б моцна зьдзівіць вашых знаёмых?

Залежыць ад знаёмых. Але ёсьць кнігі, якія і мяне самога зьдзіўляюць. Напрыклад, першая асэцінская граматыка, якую Андрэас Шэгрэн выдаў у 1844 годзе ў Пецярбургу. Яе захоўваў у сябе катаржанін А. Эссон, які сядзеў у царскіх гулагах разам з Алесем Гаруном, а пасьля як каштоўную рэліквію перадаў Вітаўту Кіпелю, які, разгружаючы сваю вялікую бібліятэку, пашкадаваў некуды аддаць гэты рэлікт і падараваў яго мне.

Які найлепшы кніжны падарунак вы атрымалі?

Пра адзін падарунак ад Вітаўта Кіпеля я ўжо напісаў. Маю ад яго і яшчэ адну рэліквію — арыгінальнае выданьне слоўніка Насовіча. І яшчэ адзін дарагі мне падарунак — Obras completas de Jorge Luis Borges, трохтамовік барсэлёнскага выданьня, які даслаў мне яшчэ з Жыроны Віктар Сянкевіч — легендарны Язэп Барэйка.

Ваш улюбёны кніжны герой/антыгерой або кніжная гераіня/антыгераіня?

Ой, цяжкае пытаньне. На ўскідку — Шахразада :) А яшчэ — рыцар Анцалот. А антыгероі адразу забываюцца.

Вы шмат чыталі ў дзяцінстве? Якія кніжкі зь дзяцінства засталіся ў вашай памяці назаўсёды?

Чытаць я навучыўся яшчэ да чатырох гадоў, таму начытацца пасьпеў шмат. Але маёй першай кнігай, на якой я вучыўся і чытаць, і пісаць, і маляваць і шмат чаго яшчэ і зь якою не расстаюся і дагэтуль, быў Атлас сьвету, які я дагэтуль — нават з гуглом! — не магу ідэнтыфікаваць, бо ў ім няма пачатку і канца (паводле абсягу фіялетавых і зялёных плямаў на карце Афрыкі яго можна датаваць 1958-59 годам). Іншыя кнігі, зачытаныя да дзір — вялікая чырвоная кніжка «Китайские и корейские сказки», страшнаватая «Палле один на свете» (як падказвае вікіпэдыя — Енса Сісгарда), «Минск. Краткая адресно-справочная книга. 1960 год», цудоўная кніга з малюнкамі «Английский для малышей» (аўтара памятаю безь вікіпэдыі — Чедомир Иович). Наагул я чытаў шмат розных народных казак, зь якіх найбольш падабаліся розныя арыентальныя — яны былі для мяне казкамі par excellence.

Аднак аднойчы настаў дзень, калі ў рукі мне трапіў нейкі том Большой советской энциклопедии — і я закахаўся ў гэты кніжны жанр. У суседзяў паверхам ніжэй было першае выданьне БСЭ — 65 бардова-зялёных тамоў, якія я браў адзін за адным і перагартаў усе, а шмат чаго ў іх і прачытаў, пранікнуўшыся духам дзіўнаватых і далёкіх 1920-х. Другое выданьне БСЭ, цёмна-сіняе, было ў бібліятэцы ў мамы на працы — але яно было нейкае тупое і нецікавае. Пасьля тата падпісаўся на Беларускую савецкую энцыкляпэдыю — ёю я ўжо карыстаўся без абмежаваньняў і фактычна навучыўся зь яе беларускай мове.

Ну і лішне казаць, што мае ўлюбёныя кнігі — гэта слоўнікі, пра іх я магу расказваць бясконца, але гэта ўжо за межамі літаратурнай анкеты.

Калі б вы маглі прымусіць прэзыдэнта Беларусі прачытаць нейкую кнігу, што гэта было б?

Думаю, што ад прымусу ніякай карысьці ня будзе.

Каго з трох сучасных або памерлых пісьменьнікаў вы хацелі б запрасіць на прыватную літаратурную вечарыну?

Гарэцкага, Кульбака, Чарнышэвіча.

Каго б вы хацелі мець як свайго біёграфа?

Каб нехта напісаў біяграфію, трэба яшчэ гэтага заслужыць.

Што вы перачытваеце?

Каб нешта цалкам — напэўна, нічога. А фрагмэнтамі, порцыямі, вяртаючыся — Гарэцкага, Караткевіча, Радаўскаса, можа яшчэ каго. Цяжка прыгадваць — часта гэта бывае нейкі імгненны імпульс. Часта зь філялягічных і эстэтычных патрэбаў чытаю нейкія фрагмэнты Бібліі. Але так, каб нешта ляжала як настольная кніга — такога няма.

Што вы плянуеце прачытаць у бліжэйшым часе?

У мяне на асобнай паліцы ляжаць стосам кнігі, якія я заплянаваў прачытаць. Палохае, што гэты стос даволі вялікі і неяк з часам не зьмяншаецца, бо аж занадта кніг схітраецца ўлезьці ў яго па-за чаргой. Адзін з маіх улюбёных аўтараў Міленка Ергавіч пасьпявае пісаць і выдаваць кнігі хутчэй, чым я пасьпяваю іх прачытаць, дык я зьбіраюся ўрэшце яго дагнаць, таму ў першых радках майго сьпісу — тры ягоныя кнігі: «Sarajevo, plan grada», «Nezemaljski izraz njegovih ruku» і «Selidba». Далей, таксама наўздагон — шэсьць ізраільскіх кніжак ад трох аўтараў: Мэіра Шалева, Давіда Гросмана і Амоса Оза.

Ну і чакаю новай кнігі Альгерда Бахарэвіча — я як рэдактар бываю ў ліку першых чытачоў яго твораў, і яны ў мой чытальны сьпіс трапляюць, натуральна, па-за чаргой.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG