Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ствараецца новы літаратурны часопіс. Галоўны рэдактар поўніцца аптымізмам


Сяргей Календа

На плятформе Ulej.by пачалася кампанія збору сродкаў на выданьне першага нумару новага часопісу беларускай прозы «Мінкульт».

Размаўляем зь пісьменьнікам і выдаўцом Сяргеем Календам, заснавальнікам гэтага часопіснага праекту.

— Сяргей, першае пытаньне пра ваш новы праект — часопіс прозы «Мінкульт» — будзе такое: Чаму вы задумалі толькі часопіс прозы? Ня любіце паэзіі і драматургіі?

— Я задумаў яго ў працяг сваёй былой працы з часопісамі. Я калісьці займаўся часопісам «Макулатура», і там таксама была толькі проза. Мне гэта бліжэй і я гэта разумею. Мне здаецца, што быць унівэрсальным творцам у літаратуры немагчыма. Заўсёды будзе штосьці дамінаваць. У мяне дамінуе проза.

Вокладка першага нумару часопісу «Мінкульт». Праект: Андрэй Пакроўскі
Вокладка першага нумару часопісу «Мінкульт». Праект: Андрэй Пакроўскі

— На плятформе Ulej.by, дзе вы зьбіраеце спонсараў, пра канцэпцыю вашага часопіса можна прачытаць наступнае: «У сучасным культурным асяродзьдзі не хапае разнастайнай мастацкай прозы, дыскусій вакол літаратурнага працэсу, і таму нам усім вельмі неабходны новы, малады і амбітны праект, такі як „Мінкульт“… Наш фармат… абсалютна нефарматны, мы адкрытыя для ўсяго на сьвеце, для свабоды творчасьці і волі думкі, мастацкай непаўторнасьці ды яркасьці, для нас кожны тэкст — гэта спачатку акт мастацтва, а ўжо потым — фармальнасьці кшталту правапісу ды іншага…» Шчыра кажучы, даволі агульна і расплывіста. Ці не маглі б вы крыху канкрэтызаваць ваш выдавецкі маніфэст?

— Такім чынам я хацеў падкрэсьліць той момант, што нам цікавыя маладыя аўтары, сьмелыя і амбітныя. Каб людзі не баяліся, бо ведаеце, часопіс можа таксама і пужаць некаторых пісьменьнікаў, якія ў прынцыпе могуць быць здольныя на штосьці сьмелае, але баяцца нейкіх бар’ераў перад сабою — альбо цэнзурных, альбо рэдактарскіх, альбо не вядома якіх бар’ераў, калі табе нічога не тлумачаць, але твае тэксты не бяруць… То бок гэтым я падкрэсьліў, каб людзі не баяліся даваць нам сьмелыя тэксты.

— Чаго вам асабіста не хапае ў тых беларускіх часопісах, якія цяпер выходзяць і публікуюць прозу? Ну, напрыклад у «Полымі», «Маладосьці», «Дзеяслове»…

— Мне напэўна не хапае тэкстаў майго густу, так сказаць. Я хутчэй прыхільнік літаратуры, якая бывае на мяжы… Калісьці Ілья Кармільцаў зрабіў «Ультра. Культуру», такую выдавецкую сэрыю, у якой ён паставіў сабе задачу надрукаваць як мага больш літаратуры, якая існуе па-за клясычнымі ўстановамі — напрыклад, па-за саюзам пісьменьнікаў — альбо якая не заўсёды дабіваецца прызнаньня. Помніцца, што і першыя творы Ірвіна Ўэлша ці, прыкладам, «Байцоўскі клюб» зьявіліся не ў клясычнай літаратурнай прасторы. То бок я шукаю такіх падыходаў, якія маглі б адчыніць для нас новую, альтэрнатыўную літаратуру.

— Я паглядзеў на сьпіс аўтараў, якіх вы анансуеце ў першы нумар, а там у вас літаратурны мэйнстрым, так сказаць… Акудовіч, Арлоў, Балахонаў, Бахарэвіч, Брава, Вішнёў, Глобус, Календа, Каляда, Касьцюкевіч, Марціновіч, Пістончык, Рублеўская, Сін, Шчур…

— Так. Гэта першы нумар, ён у цэлым клясычны, і там адсутнічаюць маладыя і ўвогуле новыя імёны. Гэта канон беларускай прозы, і я хацеў

пачаць з такога канону, які будзе руйнавацца, пачынаючы з другога нумару. Скажам так: не заўсёды літаратура заяўляе пра сябе на пустым месцы, бо ёсьць нейкі падмурак. І мне хацелася паказаць, што наш падмурак нічым ня горшы за любыя іншыя… Потым мы пачнем друкаваць маладых, цікавых і сьмелых. Яны, дарэчы, ужо і назьбіраліся на другі нумар. Магчыма, так будзе цікавей і прыгажэй зрабіць старт нашага часопісу…

— Я задаў гэтае пытаньне таму, што мне падалося, што калі ня ўсе, то пераважная большасьць гэтых аўтараў магла б публікаваць свае тэксты і ў «Дзеяслове»…

— Тут ёсьць яшчэ пытаньне — зь якім тэкстам куды? У мінулым тыя аўтары, якія маглі трапіць у «Дзеяслоў» і ў іншыя часопісы, у «Макулатуру» найчасьцей дасылалі сьмелыя тэксты, альбо нецэнзурныя, альбо скандальныя. «Мінкульт» таксама гатовы разглядаць такія тэксты, не зусім прычасаныя…

— Як вам удалося намовіць гэтых аўтараў падключыцца да вашага праекту? Доўга намаўлялі?

— Не, нядоўга. Справа ў тым, што я ўжо даўно працую з гэтымі пісьменьнікамі, з усімі сябрую, і мне было нескладана. Калі я працаваў з «Макулатурай», яны таксама дасылалі мне свае тэксты.

— Выдаць папяровы часопіс сёньня — гэта вялікі клопат, і арганізацыйны, і фінансавы. Чаму вы не падумалі пра выключна інтэрнэтнае выданьне «Мінкульту», якое патрабавала б меншых выдаткаў?

— Мы падумалі таксама і пра гэтае пытаньне. Андрэй Пакроўскі, які рабіў вокладку першага нумару, распрацоўвае сайт, які будзе існаваць паралельна з папяровым выданьнем. Але на сайце будуць толькі пачаткі тэкстаў.

Усё ж такі я вялікі прыхільнік часопісу на паперы, які можна пагартаць. Нават калі мы назьбіраем грошай толькі на 100 асобнікаў, гэта будзе спачатку 100 асобнікаў на паперы…

— Калі вы схочаце прадаць папяровы асобнік часопісу ўсяго толькі па сабекошце, то ён, відаць, будзе каштаваць ня менш за 10 рублёў. А вось інтэрнэтны, электронны асобнік «Мінкульту» можна было б прадаваць за значна меншую цану, за два-тры рублі, такім чынам аблягчаючы людзям доступ да вашых аўтараў. Можа быць, я памыляюся, але такі падыход усё ж пашырае кола пакупнікоў у параўнаньні з папяровым выданьнем…

— Я разумею, пра што вы кажаце. І я пра гэта таксама думаў. На дадзены момант краўдфандынгам мы зьбіраем сродкі на такую колькасьць асобнікаў, якая цікавая толькі тым людзям, што хочуць бачыць часопіс на паперы. Калі скончыцца кампанія, мы надрукуем папяровы часопіс, раздамо яго тым, хто ахвяраваў на гэта грошы, а потым паставім часопіс у фарматах pdf, mobi, epub у сеціве, хутчэй за ўсё, у Kniharnia.by, за сыбалічную цану, адзін-два рублі за электронны асобнік.

— Як вы асабіста ацэньваеце шанцы назьбіраць 2250 рублёў — гэта сума, заяўленая вамі на плятформе Ulej.by — на першы нумар «Мінкульту»? І ці ёсьць у вас Плян Б на выпадак, калі гэтую суму на плятформе Ulej.by ня ўдасца сабраць?

— Глядзіце: у 2250 рублёў укладзены друк, аплата паслуг рэдактара, вярстальніка, карэктара, дызайнэра і мінімальныя грошы на аплату пісьменьнікаў. Калі ўдасца назьбіраць гэтую суму, то я змагу ня толькі надрукаваць часопіс, але і шмат каму аплаціць паслугі. Калі не атрымаецца, то ў мяне ёсьць уступная дамова рабіць друк зь іншым выдавецтвам.

Рэдакцыя літаратурнага часопісу «Мінкульт»
Рэдакцыя літаратурнага часопісу «Мінкульт»

— Паколькі аўтараў у вас у першым нумары будзе 15, а мэтавая сума, якую хочаце сабраць — 2250 рублёў, то мяркую, што пісьменьнікі ў вас заробяць няшмат…

— Гэта сапраўды так. Каб больш-менш задаволіць усіх фінансава, трэба сума два разы большая, то бок 4 500 рублёў. Але ўмовы краўдфандынгу такія — вы забіраеце грошы толькі тады, калі назьбіралася поўная сума; калі менш чым 100 адсоткаў, дык вы не забіраеце нічога. Значыць, лепш паставіць нізкія кошты, чым высокія.

— То бок вы аптыміст — лічыце, што за гэтыя 80 дзён, якія вам засталіся, вы зможаце сабраць 2250 рублёў?

— Так, я аптыміст. Магчыма, што будзе і больш, чым 100 адсоткаў заяўленай сумы, і ўсё будзе добра.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG