Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валуны, хвартухі, чалавечыя органы. Топ-8 незвычайных музэяў Беларусі


Музэй валуноў у Менску
Музэй валуноў у Менску

У Беларусі хапае унікальных і цікавых мясьцін, пра якія ня ведаюць ня тое што замежнікі, а нават і мясцовыя.

Большасьць турыстаў, што прыяжджаюць у нашу краіну, карыстаецца звыклымі маршрутамі. Расейцы аддаюць перавагу «Лініі Сталіна» і Берасьцейскай крэпасьці, наведваюць Мір і Нясьвіж, госьці з Захаду больш цікавяцца прыродай і экатурызмам, таму ў іх у пашане — Белавеская пушча, аграсядзібы. Але ў Беларусі хапае унікальных і цікавых мясьцін, пра якія ня ведаюць ня тое што замежнікі, а нават і мясцовыя. Наш аўтар Люцыян Яноўскі запрашае прыежджых і тутэйшых наведаць незвычайныя на яго погляд музэі краіны.

1. Музэй валуноў, Менск

Яшчэ ў 1980-х у сталічным мікрараёне «Уручча» намаганьнямі навукоўцаў АН БССР быў створаны ўнікальны музэй пад адкрытым небам, цэнтральнае месца ў якім займаюць... звычайныя камяні. Пры дапамозе акуратна высаджаных кустоў былі паўтораныя абрысы Беларусі, дрэвамі абазначылі абласныя цэнтры, сьцежкамі — рэкі. Рэльеф краіны прадставілі ўзвышшамі, адзін мэтар якіх роўны 100 рэальным. Амаль тры тысячы валуноў прывезьлі з розных куткоў краіны: некаторыя зь іх сымбалізуюць найвышэйшыя кропкі краіны, іншыя проста маюць цікавую гісторыю. Як, напрыклад, камень «Дзед», што раней знаходзіўся на беразе Сьвіслачы насупраць Ліцэя БДУ і быў часткай паганскага капішча. Падобных «экспанатаў» тут вельмі шмат — дастаткова толькі настроіцца на патрэбны лад і пачаць прагулку.

Наведацца сюды можна кругласутачна — па сутнасьці, гэта звычайны парк, дзе любяць адпачыць многія жыхары мікрараёна. Музэй валуноў — выдатнае месца, каб зразумець, якую ролю адыгрывалі камяні ў жыцьці нашых продкаў. Зрэшты, нават маўклівая каменная парода часам можа даць больш падстаў для разваг, чым любая іншая крыніца. Акрамя таго, валуны ледавіковага пэрыяду могуць быць цікавыя ўсім, хто захапляецца геалёгіяй і гісторыяй.

2. Музэй рэтра-аўтамабіляў, вёска Казловічы, Слуцкі раён

Гэтую ўстанову паўнавартасным музэем назваць таксама цяжка — гэта некалькі гаражоў, у якіх захоўвае сваю калекцыю рэстаўраваных аўтамабіляў жыхар Казловічаў Уладзімер Пратасеня. Экспанаты не пакінуць абыякавымі тых, хто захапляецца савецкай тэхнікай: тут ёсьць і ГАЗ М-20 «Перамога» (па легендзе, даведаўшыся, што машыну хочуць назваць «Радзіма», Сталін спытаў: «Ну, і па чым Радзіму прадаваць будзеце?»), і знакаміты ГАЗ-21 «Волга», які «засьвяціўся» ці ня ў кожным другім савецкім фільме, і ВАЗ-2101 у «міліцэйскай» афарбоўцы, і нават унікальны вайсковы аўтамабіль-амфібія ВАЗ-011... Усе экзэмпляры экспазыцыі адноўленыя з выкарыстаньнем арыгінальных дэталяў, прыведзеныя да «гістарычнага» выгляду, а некаторыя нават маюць тэхпашпарты і даведнікі па эксплюатацыі. Цікава, што ўдзел у рэстаўрацыі машын прымаюць вучні мясцовай школы — гаспадар калекцыі кіруе гуртком «Аўтасьвет». Адзначым, што афіцыйнага статусу ўстанова ня мае — зацікаўленых у зьяўленьні першага ў краіне музэю тэхнікі пакуль няма.

Знайсьці і ўбачыць калекцыю няцяжка — дастаткова даехаць да Казловічаў і спытаць у мясцовых, як знайсьці Ўладзімера Пратасеню. Далей — справа тэхнікі ў прамым і пераносным сэнсе. Гаспадар «музэю» з радасьцю прымае гасьцей і можа расказваць пра свае экспанаты, здаецца, бясконца.

3. Музэй хвартухоў, вёска Безьдзеж, Драгічынскі раён

Унікальная для Эўропы ўстанова, дзе сабраныя сотні старажытных кухарскіх строяў. Насамрэч, «Безьдзежскі хвартушок» — гэта месца, дзе культура палешукоў прадстаўленая практычна ва ўсіх сваіх праявах. Тут можна ўбачыць адноўленае сялянскае падворʼе, хату, строі, працоўныя інструмэнты і прадметы быту жыхароў гэтых мясьцін. Асаблівую ўвагу стваральнікі надаюць тэхналёгіям перапрацоўкі ільну — працэс, падчас якога расьліна пераўтвараецца ў тканіну, прадстаўлены пры дапамозе рэальных «артэфактаў»: шчотак, прасьніц, жлуктаў і іншага.

Але самае цікавае, вядома, — хвартухі, якія самі па сабе зьяўляюцца найлепшым адлюстраваньнем паляшуцкага жыцьця. Самым старым экзэмплярам у калекцыі больш за сто гадоў. Адны апраналі на сьвяты, іншыя насілі штодзень. Любы прадстаўлены тут хвартух — сапраўдны твор мастацтва, бо мясцовыя жанчыны імкнуліся зрабіць кожны новы ўзор непаўторным.

Ёсьць у музэі і ручнікі: як бытавыя, так і абрадавыя. Апошнія цяжка нават пералічыць: на адны прымалі немаўлят падчас родаў, іншыя слалі пад ногі жаніху і нявесьце, трэцімі карысталіся на пахаваньнях. Таму калі вам цікава даведацца больш пра ранейшае жыцьцё Палесься — абавязкова кіруйцеся на Драгічыншчыну.

4. Дзіцячы музэй, Полацак

Скульптура «Дзяўчына з гадзіньнікам» каля Дзіцячага музэю ў Полацку
Скульптура «Дзяўчына з гадзіньнікам» каля Дзіцячага музэю ў Полацку

Пэўна, адно з найлепшых месцаў у Беларусі, якое можна наведаць зь дзецьмі. Музэй быў створаны ў 2004 годзе ў адным з гістарычных будынкаў у цэнтры гораду. Пазнаць яго лёгка па скульптуры шкаляра з гадзіньнікам, што ўсталявана каля ўваходу. Унутры — дзьве залі: у першай знаходзяцца мэханічныя прыстасаваньні, шалі, званы, у другой — фотаапараты, гуказапісвальная апаратура, самавары і іншае. Агульная колькасьць экзэмпляраў — каля тысячы.

Задума музэю ў тым, што дзіця ня проста знаёміцца з гісторыяй прадметаў, а можа зь імі гуляць, спасьцігаючы яго і праяўляючы ўласную фантазію. Стваральнікі сьцьвярджаюць, што наведвальнік падчас экскурсіі ўсьведамляе: «чалавек па сваёй сутнасьці творца, стваральнік, а не разбуральнік».

Акрамя гэтага, тут ёсьць асобная заля з разьвіваючымі гульнямі, кампутарная заля, экспазыцыя «Сьвет маіх захапленьняў» і іншае. Падобныя ўстановы існуюць ува многіх іншых краінах Эўропы, аднак для Беларусі Полацкі дзіцячы музэй унікальны. Тым больш насычанай стане сямейная вандроўка ў найстаражытнейшы горад краіны.

5. Музэй сувязі, Менск

Вялікая колькасьць цікавых экспазыцый арганізавана асобнымі ведамствамі краіны. Гэты музэй — яскравы прыклад. Афіцыйна ён называецца гісторыка-інфармацыйным цэнтрам РУП «Белтэлекам» і знаходзіцца ў будынку старой тэлефоннай станцыі. Тут можна даведацца больш пра гісторыю сувязі ад пачатку чалавечай цывілізацыі да нашых дзён. Экскурсавод раскажа і пра галубіную пошту, і пра першых паштальёнаў на тэрыторыі Беларусі, і пра першую тэлеграму, якую адправілі зь Менску ў Бабруйск, і пра той далёкі час, калі ва ўсёй сталіцы налічвалася ўсяго 68 уладальнікаў тэлефонаў. Асабліва шмат інфармацыі пра разьвіцьцё сувязі ў Беларусі за савецкім часам. Напрыклад, ці ведаеце вы, чаму ў тэлефаністкі доўгі час ня бралі замужніх жанчын?

Вядома, аповед грунтуецца на канкрэтных экспанатах, якіх тут — незьлічоная колькасьць. Чаго варты толькі знакаміты савецкі таксафон, які прымаў капеечныя манэты. Апарат, дарэчы, у працоўным стане, наведвальнікі могуць зайсьці ў будку і патэлефанаваць на любы стацыянарны нумар. У музэі таксама захоўваецца вялікая калекцыя тэлефонаў, радыёпрыёмнікаў і тэлевізараў, перададзеных сюды менчукамі. Адзначым, што перад візытам варта загадзя патэлефанаваць у музэй і дамовіцца пра час наведаньня.

6. Музэй ДТСААФ, Менск

Адно з найлепшых месцаў для тых, хто цікавіцца савецкай ідэалёгіяй і ладам жыцьця. Аналягаў гэтай установе на прасторах былога СССР няма — менавіта ў Менску сабрана самая маштабная калекцыя рэчаў, зьвязаных зь дзейнасьцю ўнікальнага савецкага вайскова-патрыятычнага таварыства. У чатырох залях выстаўляецца больш за дзьве тысячы экспанатаў. Гэта, напрыклад, мадэлі ваеннай тэхнікі, рэальныя ўзоры зброі, бюсты і асабістыя рэчы знакамітых удзельнікаў ДТСААФ, сьцягі падразьдзяленьняў таварыства, шматлікія гістарычныя дакумэнты.

Асобна прадстаўлена тэма Другой сусьветнай вайны, а таксама партызанскага і падпольнага руху ў Беларусі. Так, напрыклад, камандзір аднаго зь першых у Беларусі партызанскіх атрадаў — Васіль Корж — у свой час быў актывістам ДТСААФ, на выставе яму прысьвечаны асобны стэнд. Дарэчы, пры пэўным шанцаваньні госьці з замежжа могуць засьпець цырымонію прыняцьця ў піянэры — гэтыя мерапрыемствы нярэдка праводзяцца ў залях музэя, і гэткім чынам зьдзейсьніць сапраўднае падарожжа ў часе можна ў самым цэнтры сталіцы. Установа працуе па папярэдніх заяўках, таму перад наведваньнем варта зьвязацца з адміністрацыяй.

7. Музэй тэраталёгіі, Горадня

Дзеля таго, каб пабачыць Кунсткамэру, не абавязкова ехаць у Санкт-Пецярбург. Яе аналяг існуе ў Беларусі, дакладней, у Гарадзенскім дзяржаўным мэдычным унівэрсытэце пры катэдры анатоміі чалавека. У 2000 годзе ў адным з найстарэйшых будынкаў горада, дзе па легендзе рабілі ўскрыцьцё цела караля Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя, стварылі музэй тэраталёгіі (навукі аб выродлівасьцях), які, несумненна, павінен прыцягваць спэцыфічную ўвагу.

У першай залі музэю захоўваюцца чалавечыя органы: здаровыя і пашкоджаныя хваробамі або траўмаваныя. Але найбольш цікавая другая заля — паранармальнай анатоміі. Тут можна паглядзець на сіямскіх блізьнятаў, убачыць «русалак», «цыклёпаў» і даведацца больш пра іншыя анамаліі чалавечага цела. Усяго тут захоўваецца каля сотні экспанатаў. Экскурсаводы ня толькі дэманструюць калекцыю, але і тлумачаць наведвальнікам прычыны ўзьнікненьня падобных праблем.

Трапіць у гарадзенскую Кунсткамэру няпроста: па-першае, падчас летніх вакацый катэдра не працуе (у ролі экскурсаводаў тут выступаюць выкладчыкі), а, па-другое, экскурсіі праводзяцца толькі для груп ад дзесяці чалавек.

8. Музэй гісторыі Беларусі без цэнзуры, Старыя Дарогі

Падворак музэю Анатоля Белага
Падворак музэю Анатоля Белага

Выкладчык БДУ, краязнаўца, заснавальнік і старшыня культурна-асьветнага клюбу «Спадчына» Анатоль Белы быў першым дырэктарам дзяржаўнага мэмарыяльнага комплексу «Хатынь» і «Кургану Славы». Але ён стварыў і ўласны музэй гісторыі Беларусі, наведаўшы які можна даведацца, сярод іншага, пра жыцьцё тых выбітных беларусаў, што не ў пашане ў цяперашняй улады.

На тэрыторыі бацькоўскай сядзібы спадар Белы пабудаваў цэлы музэйны комплекс, частка экспанатаў якога захоўваецца і пад адкрытым небам. Усяго тут восем заляў, экспанаты — самыя розныя: ад твораў мастацтва і бюстаў славутых беларусаў да мэдальёнаў і газэт эмігрантаў. Захоўваецца тут вельмі шмат рэчаў, падораных Анатолю Беламу, артэфактаў, зьвязаных з пэрыядам найноўшага беларускага Адраджэньня. Агулам кажучы, усяго таго, што не пабачыш у афіцыйных музэях краіны.

Асобная экспазыцыя прысьвечана змагарам за Беларусь, асобная — асьветнікам, ёсьць і пэрсанальныя экспазыцыі. Але найбольш экспанаты раскажуць пра свайго гаспадара — чалавека, які прысьвяціў жыцьцё папулярызацыі беларушчыны. Пасьля сьмерці стваральніка разьвіцьцём музэю займаюцца ягоная жонка Ала і стрыечны брат Міхаіл. Перад наведваньнем варта зьвязацца зь імі і дамовіцца пра час візыту.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG