Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскі суд аштрафаваў абаронцу Курапатаў за «непадпарадкаваньне міліцыі»


Барыс Анікееў (у цэнтры) у судзе
Барыс Анікееў (у цэнтры) у судзе

2 жніўня суд Чыгуначнага раёну Гомлю разгледзеў адміністрацыйны пратакол, складзены міліцыяй у дачыненьні жыхара абласнога цэнтру Барыса Анікеева, які ўдзельнічаў у абароне Курапатаў.

Судзьдзя Яўген Шаршнёў пакараў актывіста штрафам у памеры 8 базавых велічынь (196 рублёў) за непадпарадкаваньне міліцыі.

Паводле пратаколу, 14 ліпеня Барыс Анікееў знаходзіўся каля рэстарану «Поедем поедим», стаяў на праежджай частцы, на патрабаваньні супрацоўнікаў унутраных спраў сысьці з дарогі не рэагаваў. Гэта міліцыя расцаніла як непадпарадкаваньне (артыкул 23.4 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях).

Анікееў віну не прызнаў. Ён патлумачыў, што сапраўды 14 ліпеня знаходзіўся каля месцаў масавых пахаваньняў у Курапатах.

«Там не рэстаран „Поедем поедим“, а кабак НКВД. Для мяне гэта месца, дзе пахаваныя нявінна забітыя людзі, і хто там захапіў зямлю пад рэстаран — я не ведаю. Там няма праежджай часткі — яна ня можа быць на магілах, а я стаяў на брукаванцы», — сказаў Анікееў на паседжаньні суду. Ён прызнаў, што сапраўды не прапускаў аўтамабіль Ford, бо хацеў, каб з кіроўцам разабралася міліцыя — транспартны сродак уехаў на тэрыторыю рэстарану праз зялёную зону.

Ілюстрацыйнае фота. Пратэстоўцы каля рэстарацыі «Поедем поедим» у Курапатах
Ілюстрацыйнае фота. Пратэстоўцы каля рэстарацыі «Поедем поедим» у Курапатах

Затым, па словах Анікеева, на людзей, якія несьлі варту каля рэстарана, напала ахова.

«Нас зьбівалі, а міліцыя аніяк не рэагавала — яны проста сьмяяліся. Чаму вінаватыя ў бойцы, у якой нам парвалі футболкі, жанчынам пабілі акуляры, не прыцягнутыя да адказнасьці?», — спытаўся ў судзьдзі актывіст.

Доказам яго вінаватасьці суд прадставіў відэазапіс, які прыклалі да справы супрацоўнікі міліцыі. На відэа зафіксаваны момант, калі міліцыя выказвае прэтэнзіі і складае пратакол на Дзяніса Убрановіча — іншага абаронцу Курапатаў.

Таксама як доказ правапарушэньня ў справе былі паказаньні сьведак — уладальніка рэстарана «Поедем поедим» Леаніда Зайдэса і дырэктаркі Святланы Дубцовай. Яны напісалі ў суд заявы, што ня могуць прысутнічаць на паседжаньні — уладальнік рэстарану «з-за занятасьці», дырэктарка — «бо знаходзіцца па-за межамі Беларусі».

Барыс Анікееў заявіў што абскардзіць судовую пастанову.

7 адказаў на наіўныя пытаньні пра рэстаран ля Курапатаў і пратэсты супраць яго

​Што важна ведаць аб пратэстах супраць новай рэстарацыі ў Курапатах

  • Рэстаран стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут, па розных ацэнках, ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
  • 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
  • Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы яго закрыцьця.
  • 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
  • Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
  • 27 чэрвеня наведніцы рэстарацыі на аўтамабілі зьбілі актывіста Леаніда Кулакова, у яго пералом рукі.
  • Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў 13 ліпеня паведаміў пра нейкія дамоўленасьці з уладальнікам рэстарацыі, але якія гэта дамоўленасьці — пакуль не сказаў.
  • Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі.
  • Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.

​Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы.

Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG