Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бацькі незалежнасьці» — Трусаў, Сасноў, Навумчык — пра гісторыю і пагрозы беларускаму сувэрэнітэту


Якое месца ў беларускай гісторыі зойме 27 ліпеня 1990 году, дзень прыняцьця Дэклярацыі аб сувэрэнітэце? Які шлях прайшла Беларусь за гады незалежнасьці? Чаму дагэтуль мы вымушаныя гаварыць пра пагрозы беларускай незалежнасьці?

Гэтыя пытаньні ў «Праскім акцэнце» абмяркоўваюць дэпутаты Вярхоўнага Савету Беларусі 12 скліканьня, якія і прымалі Дэклярацыю аб сувэрэнітэце, — Алег Трусаў, Аляксандар Сасноў і Сяргей Навумчык. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.

Калі б гэтай Дэклярацыі не было, то ў 1991 годзе было б вельмі праблематычна абвясьціць незалежнасьць

Цыганкоў: 27 ліпеня 1990 году была прынятая Дэклярацыя аб сувэрэнітэце БССР, пэўны час гэты дзень адзначаўся як дзяржаўнае сьвята. Цяпер у афіцыйным дыскурсе гэтай даты няма, яна прысутнічае пераважна ў нацыянальна-арыентаванай часткі грамадзтва. Але нават і тут ідуць вялікія спрэчкі наконт значнасьці гэтай даты. Як вы бачыце месца 27 ліпеня ў гісторыі?​

Алег Трусаў
Алег Трусаў

Трусаў: Лічу яе важнай датай для беларускай гісторыі. Ва ўсіх школьных падручніках гэтая дата ёсьць, і дзеці яе вывучаюць. 27 ліпеня — адна з шматлікіх вехаў да нашай незалежнасьці, і гэты дзень мы ніяк не павінны выкідаць з нашай гісторыі. Усё залежыць ад таго, як народ, інтэлігенцыя прымае гэтую дату.

Навумчык: Назіраецца пэўны дысбалянс паміж гэтай датай і днём, калі сапраўды была абвешчаная незалежнасьць, 25 жніўня 1991 году. 25 жніўня цалкам ігнаруецца і афіцыйнай гістарыяграфіяй, і прапагандай, у адрозьненьне ад 27 ліпеня, пра якое ўзгадваецца ў падручніках.

Сяргей Навумчык
Сяргей Навумчык

27 ліпеня 1990 году — гэта важны крок да незалежнасьці. Тады дэпутаты БНФ прадставілі праект зусім іншы, яго можна назваць больш «радыкальным», бо там прыгадваліся і БНР, і ВКЛ. Таму камуністамі быў прыняты іншы варыянт, у які мы ўнесьлі вельмі шмат паправак, выступіўшы больш за сто разоў. Калі б гэтай Дэклярацыі не было, то ў 1991 годзе было б вельмі праблематычна абвясьціць незалежнасьць. Бо, я нагадаю, незалежнасьць была абвешчаная шляхам наданьня Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнага закону. Бо слова «незалежнасьць» большасьць дэпутатаў успрыняць не маглі. І з тым складам Вярхоўнага Савету дэмакратычныя дэпутаты зрабілі максымум, што маглі.

Цыганкоў: Аляксандар Сасноў, ці было ў вас уражаньне падчас галасаваньня, што вы робіце гістарычны крок?​

Аляксандар Сасноў
Аляксандар Сасноў

Сасноў: Для мяне 27 ліпеня застаецца галоўным сьвятам. Хачу нагадаць, што Дэклярацыя прымалася на нейкім уздыме, якога я потым доўга не сустракаў. Калі б БНФ тады не падаў свой варыянт, то гэтую камуністычную большасьць немагчыма было б пасунуць да прыняцьця Дэклярацыі.

Гісторыя паказвае, што шмат якія краіны ўвесь час знаходзяцца пад пагрозай страты незалежнасьці

Цыганкоў: Чаму зараз, у 2018 годзе, праз 28 гадоў, мы па-ранейшаму вымушаныя гаварыць пра «пагрозу беларускай незалежнасьці»? Варта прааналізаваць той шлях, які зрабіла беларуская незалежнасьць за гэтыя гады.

Трусаў: Гісторыя паказвае, што шмат якія краіны ўвесь час знаходзяцца пад пагрозай страты незалежнасьці. Даволі вялікая краіна, Польшча, больш за сто гадоў не магла вярнуць незалежнасьць. Нават зараз Польшча запрашае амэрыканскія войскі на сваю тэрыторыю, бо баіцца нападу Расеі. Прыбалтыка ўступіла ў НАТО, але па-ранейшаму асьцерагаецца, ці абароніць іх НАТО ад Расеі.

Гэта аб’ектыўны працэс у гісторыі. Як толькі ў сьвеце нейкая імпэрыя прачынаецца, яе суседзі баяцца страціць незалежнасьць.

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: А калі казаць ня толькі пра зьнешнія абставіны? Хіба самі грамадзяне Беларусі ўсё зрабілі, каб больш не зьяўлялася размоваў пра «пагрозу незалежнасьці»?

Трусаў: Вядома, не. Але зноў узгадаем гісторыю, успомніце аншлюс Аўстрыі. Багатая краіна была анэксаваная Гітлерам цягам дня. Ці ўзгадайце капітуляцыю Чэхіі, страту незалежнасьці краінамі Балтыі. Вельмі часта абывацелі ня думаюць пра страту незалежнасьці. У якасьці іншага прыкладу прывяду хіба толькі Фінляндыю. Але фіны страцілі паўмільёна сваіх грамадзянаў у войнах з СССР, каб абараніць сваю незалежнасьць.

Цыганкоў: Аляксандар Сасноў, вы доўгі час працавалі сацыёлягам у НІСЭПД, дзейнасьць якога праз рэпрэсіі спынілі ўлады. Як мянялася стаўленьне беларусаў да незалежнасьці, ці ёсьць тут кансэнсус?

Сасноў: Кансэнсусу ў Беларусі ні па якім пытаньні няма, у нас расколатае грамадзтва. Калі была прынятая Дэклярацыя, то большасьць насельніцтва не разумела, што атрымалася. Большасьць тады хацела быць зноў у СССР, які раптам пачаў развальвацца і з гэтай прычыны (як яны думалі) стала кепска жыць. І на гэтых пачуцьцях добра згуляў Лукашэнка.

Калі б на выбарах перамог Кебіч, Рэспублікі Беларусь, я думаю, як незалежнай дзяржавы даўно не было б. Лукашэнка таксама, калі б сышліся зоркі, здаў бы Беларусь у Расею, калі б ён стаў расейскім царом.

У першыя гады незалежнасьці тых, хто быў за аднаўленьне СССР, было больш за 40 працэнтаў. Потым гэтая лічба стала зьмяншацца, і апошнія апытаньні паказалі 10–12 працэнтаў беларусаў, якія хацелі б аднавіць Савецкі Саюз. Гэта азначае, што пераважная частка беларускага грамадзтва асэнсавала сваё незалежнае існаваньне.

Цыганкоў: Нагадаем, што ў сакавіку 1991 году адбываўся агульнасавецкі рэфэрэндум, на якім 82 працэнты беларусаў прагаласавалі за захаваньне СССР. Так што відавочная зьмена грамадзкіх настрояў за гэтыя гады.

Навумчык: Прыгадайце, як на пачатку 1994 году грамадзтва ацаніла артыкул Зянона Пазьняка «О русском империализме и его опасности». Гэта былі пераважна вельмі рэзкія ацэнкі, ажно да таго, ці не звар’яцеў ягоны аўтар. Цяпер гэтыя абзацы Пазьняка для большасьці падаюцца проста наборам нейкіх аксіём, якія ніхто не зьбіраецца аспрэчваць.

Так, у нас пад бокам вельмі небясьпечны сусед, які стагоддзямі ўплывае на нас і не зьмяншаў свой уплыў нават у 1992–93 гадах, калі націск з боку Крамля быў даволі моцны.

Але ня варта ўсё сьпісваць на «ўсходняга суседа», можна задаць жорсткія пытаньні і беларускаму грамадзтву. Фактычна яно не асэнсавала каштоўнасьці незалежнасьці. Бо ўлада, якая валодае СМІ, 20 гадоў актыўна ўбівае людзям у галовы, што незалежнасьць — гэта кепска, што дэмакраты развалілі Саюз.

Калі ня будзе вонкавай ваеннай агрэсіі, загнаць нас у Расею не атрымаецца

Цыганкоў: Можа, такая рыторыка была толькі ў 90-я? Цяпер беларуская ўлада і прапаганда кажа пра незалежнасьць тыя самыя ўзьнёслыя словы.

Навумчык: У іх гэта бутафорская незалежнасьць, яна не пабудаваная на нацыянальных і гістарычных каштоўнасьцях. Гэта бутафорскі сьцяг, герб, бутафорскі «дзень незалежнасьці». Якое дачыненьне 3 ліпеня, дзень вызваленьня ад фашысцкіх акупантаў, мае да незалежнасьці?

Давайце я задам пытаньне нашым удзельнікам, якая ў іх пэнсія.

Трусаў: 360 рублёў.

Сасноў: 420 рублёў.

Навумчык: Вось пэнсія намесьніка старшыні камісіі і старшыні камісіі, сябра Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету. Гэта дэпутаты, якія галасавалі за незалежнасьць і ў 1990, і ў 1991 годзе. І пэнсія ў іх у 4–5 разоў меншая за пэнсію дэпутатаў так званай Палаты прадстаўнікоў, якія што зрабілі за гэтыя гады? Вось вам стаўленьне дзяржавы да незалежнасьці і тых людзей, якія яе здабылі.

Лукашэнку дастаткова было б некалькі хвілінаў, каб зьмяніць стаўленьне чыноўнікаў да мовы. Калі б ён зрабіў прамову на нейкай нарадзе на беларускай мове. Адно яго слова — і «Поедем поедим» вылецела б з Курапатаў. Нічога такога ня робіцца.

Я калі прыяжджаў у Беларусь, то больш быў ня ў Менску, а на Віцебшчыне. І бачу калясальную розьніцу ў стаўленьні да незалежнасьці. Я не хачу думаць, што было б, калі б жыхарам Віцебшчыны прапанавалі правесьці рэфэрэндум, я прагназую вельмі кепскія вынікі. Кажуць так — «Лукашэнка нам надакучыў, лепш, каб прыйшоў Пуцін, каб мы ўвайшлі ў Расею, каб у нас былі расейскія пэнсіі і заробкі». Вось вынік таго, што кіраўніцтва краіны да гэтага часу падмяняе сапраўдныя нацыянальныя каштоўнасьці прыдуманай бутафорыяй.

Трусаў: Я жыву ў Беларусі, амаль не выяжджаючы, і мае ўражаньні зусім іншыя. Чыньнік незалежнасьці настолькі моцны, што цяпер Лукашэнка кажа тое, што ў 1994-м пісаў Пазьняк у сваім артыкуле. 80–90 працэнтаў насельніцтва Беларусі ў Расею ісьці ня хоча. Яны хочуць езьдзіць у Расею на заробкі, ня мець мяжы. Рэйтынг Пуціна ў Расеі рэзка ўпаў, калі там загаварылі пра падвышэньне пэнсійнага ўзросту. Таму — калі ня будзе вонкавай ваеннай агрэсіі, загнаць нас у Расею не атрымаецца.

Сасноў: Апошнім часам у Расеі пагаршаецца эканамічная сытуацыя, цяжка ўладкавацца на добрую працу. Шмат хто зь беларусаў цяпер атрымлівае расейскую пэнсію тут і на яе жыве. А цяпер, калі ў Расеі падымуць пэнсійны ўзрост, то гэта ўзмоцніць настроі незалежніцкія.

Шмат хто зь беларусаў кідае свае позіркі на Захад, напрыклад, Польшча зьмякчыла ўмовы для беларусаў для ўладкаваньня на працу. Мець 1300 даляраў, сярэдні польскі заробак, — гэта значна лепш, чым расейскія 500.

Трусаў: Я родам з Магілёўшчыны на мяжы з Расеяй, дык магу сказаць, што Браншчына і Смаленшчына жывуць горш у параўнаньні з намі. Яны нам зайздросьцяць па сёньняшні дзень.

Навумчык: Дай Божа вашыя словы ды Богу ў вушы. У любым выпадку пачатак 90-х — гэта былі гады, калі мы былі «гістарычна шчасьлівымі» (як кажа Пятро Садоўскі) і выканалі сваю гістарычную місію — незалежнасьць Беларусі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG