Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мой фільм называлі галюцынацыяй», — Лазьніца пра фільм «Данбас»


Рэжысэр Сяргей Лазьніца на Адэскім міжнародным кінафэстывалі

На Адэскім міжнародным кінафэстывалі адбылася ўкраінская прэм’ера фільму Сяргея Лазьніцы «Данбас».

У траўні сёлета рэжысэр атрымаў прыз за найлепшую рэжысэрскую працу ў праграме Канскага кінафэстывалю «Асаблівы погляд» — як адзначыла журы аднаго з самых вядомых кінафэстываляў у сьвеце, «за пранізьлівы і часам сюррэалістычны погляд на вайну ў ягонай роднай Украіне». Улетку фільм пачнуць паказваць у Эўропе.

У інтэрвію Радыё Донбасс.Реалии рэжысэр распавёў пра крыніцы натхненьня, самы незвычайны водгук на фільм і пляны на наступны фільм пра Данбасе.

— Ваш фільм складаецца з больш як дзясятка «навэл» пра жыцьцё Данбасу падчас вайны. Ці ўсе яны натхнёныя аматарскімі відэа на Youtube або нейкія зь іх вы прыдумлялі?

— У мяне трынаццаць эпізодаў у карціне: сем зь іх заснаваныя на матэрыялах зь YouТube, а астатнія — гэта расповеды людзей пра тое, як яны пабывалі ў казематах, у турмах, у падвалах; пра тое, як у іх адціскалі машыны і іншую ўласнасьць. Гэта былі, у асноўным, бізнэсоўцы сярэдняй рукі, якія нясвоечасова сьцямілі, што адбываецца. Яны патрапілі пад гэты каток, гэта было ў самым пачатку вайны.

Бізнэсоўцы сярэдняй рукі, якія несваоечасова сьцямілі, што адбываецца, патрапілі пад гэты каток у самым пачатку вайны

У карціне ёсьць два эпізоды, пра якія мне распавёў Аляксандар Цечынскі. Саша — рэжысэр-дакумэнталіст, журналіст і фатограф. Ад пачатку вайны ён працаваў «фіксэрам», праводзіў групы замежных журналістаў у зону ваенных дзеяньняў. Яго сьведчаньні — найкаштоўнейшы матэрыял. Я запісаў іх для сцэнару, потым Саша ўнёс свае папраўкі ў гэтыя сцэны. А потым, калі я шукаў актора на ролю «фіксэра» і журналіста-фатографа, які езьдзіць зь нямецкім калегам, то падумаў, чаму б Сашу не сыграць самога сябе. Ён пагадзіўся і апынуўся выдатным акторам. Нямецкага журналіста грае Торстан Мэртан, вядомы нямецкі актор.

Здымачная група фільму «Данбас» на Адэскім кінафэстывалі
Здымачная група фільму «Данбас» на Адэскім кінафэстывалі

— Ці лічыце вы, што вам удалося паглядзець на Данбас збоку, улічваючы ваш досьвед жыцьця ў Нямеччыне?

— Я не бяруся пра гэта меркаваць. Я стараўся ісьці за дакумэнтальным матэрыялам. У мяне здымаліся людзі, якія пабывалі на вайне — ваявалі там ці проста аказаліся закладнікамі ваеннага канфлікту. Я ўвесь час зьвяраў свой погляд зь іхным поглядам, пытаўся, наколькі тое, што мы здымаем, падобна на тое, што яны перажылі на самой справе. Я ўспрымаю вайну як хваробу. І гэтая хвароба як у арганізма — распадаюцца сувязі паміж элемэнтамі, клеткі пачынаюць гнісьці. І ў сацыяльным арганізьме таксама ёсьць сувязі, якія нас утрымліваюць ад упадзеньня ў дзікае становішча.

Я ўспрымаю вайну як хваробу. І гэтая хвароба як у арганізма — распадаюцца сувязі паміж элемэнтамі, клеткі пачынаюць гнісьці

Мы не павінны забывацца, што мы ўсе выйшлі з жывёльнага сьвету. І нашаму паўжывёльнаму або жывёльнаму існаваньню ў гэтым сьвеце каля 500 тысяч гадоў, кажуць навукоўцы. А цывілізацыі чалавечай у залежнасьці ад тэрыторыі — 10 тысяч гадоў, 5 тысяч гадоў, а дзесьці можа і некалькі стагодзьдзяў. Вось той стан разьвіцьця, якое прадугледжвае суіснаваньне жывых істот без агрэсіі, з павагай да бліжняга. Да гэтага трэба было дайсьці.

— Які самы незвычайны водгук ці рэакцыю вы атрымлівалі, калі паказвалі гэты фільм?

— На Канскім фэстывалі журналістка з Аўстраліі сказала мне, што ў мяне ашаламляльная фантазія, што я прыдумаў сьвет, які падобны да галюцынацыі або да сна. Можа хацела даведацца, якія я наркотыкі прымаў? (Сьмяецца). Ёй было вельмі дзіўна пачуць мой адказ, што гэта не галюцынацыя, што падзеі, прадстаўленыя ў фільме, адбываліся на самой справе.

— Ваша аўдыторыя ва Ўкраіне і Расеі знаходзіцца пад пастаянным уплывам СМІ, большасьць зь якіх спрашчае тое, што адбываецца на Данбасе. Апошнім часам кажуць пра радыкалізацыю грамадзтва. Ці ня лічыце вы, што гэтая радыкалізацыя можа перашкодзіць глядзець ваша кіно?

— Я не магу дакладна меркаваць аб ступені радыкалізацыі грамадзтва. У нас ці ў Расеі. На мяне тэлебачаньне ня ўзьдзейнічае — па-першае, таму што я яго не гляджу, а па-другое, калі нешта выпадкова трапляецца на вочы, я стаўлюся да ўбачанага скептычна. Як патрабуе «інструкцыя», атрымліваю інфармацыю зь некалькіх незалежных крыніц, і толькі тады да яе магу ставіцца больш-менш як да аб’ектыўнай.

Тэлебачаньне, сэнсацыі, наогул агульны настрой СМІ не адлюстроўваюць сутнасьці таго, што адбываецца

Тэлебачаньне, сэнсацыі, наогул агульны настрой СМІ не адлюстроўваюць сутнасьці таго, што адбываецца. Я магу гэта сьцьвярджаць, таму што дастаткова ўважліва сачу за тым, што расказваюць пра мяне і мае карціны СМІ. Часам зьяўляюцца тэксты ці сюжэты, дзе кожнае слова — няпраўда. Я перш за ўсё стараюся давяраць таму, што я бачу на свае вочы і трымаць у галаве, што любая рэпрэзэнтацыя, відэа ці тэкставая, знаходзіцца ў зусім іншай прасторы і патрабуе іншага падыходу.

— Ці закрылі вы для сябе тэму Данбасу альбо нешта яшчэ хочаце сказаць?

— Я позна пачаў чытаць... Толькі калі мы пачалі рыхтавацца, зьявілася кніга Сяргея Жадана «Інтэрнат». Гэта цудоўны раман, гэта экзыстэнцыяльны раман. І гэта зусім іншы падыход і зусім іншы погляд. Я б вельмі хацеў зрабіць карціну па гэтай кнізе. Я не магу рабіць фільмы адзін за адным, а цяпер я ўжо працую над іншым фільмам, пра Бабін Яр. А потым, цалкам магчыма, я вярнуся і, калі ніхто ня зробіць раней, здыму фільм па «Інтэрнаце». Гэта цудоўны тэкст, вельмі добрая літаратура.

***​

Рэжысэр Сяргей Лазьніца нарадзіўся ў Баранавічах, пасля чаго сям’я амаль адразу ж перабралася ў Кіеў. У 2012 годзе Сяргей Лазьніца зьняў фільм «У тумане» паводле аповесьці Васіля Быкава Дзеяньні фільму адбываюцца ў 1942 годзе ў акупаванай Беларусі. Фільм «У тумане» быў названы найлепшым фільмам XIV Міжнароднага кінафэстывалю ў Трыесьце, атрымаў прэстыжны прыз журы Міжнароднай фэдэрацыі кінапрэсы FIPRESCI на 65-м Міжнародным кінафэстывалі ў Канах, Гран-пры VI Міжнароднага кінафэстывалю імя Андрэя Таркоўскага «Люстэрка», прыз «Залаты абрыкос» на IX Міжнародным кінафэстывалі ў Ерэване і ўзнагароду Адэскага міжнароднага фэстывалю.


Фільм ураджэнца Беларусі атрымаў узнагароду ў Канах

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG