Суд Фрунзенскага раёну Менску прысудзіў 20 ліпеня былому кіраўніку транспартнай інспэкцыі Леаніду Лемешу 4,5 года пазбаўленьня волі за хабар, піша Tut.by. Другі фігурант справы Мікалай Жураўлёў атрымаў 4 гады.
- Леаніду Лемешу прысудзілі 4,5 года ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Таксама цягам 5 гадоў яму забаронена займаць арганізацыйна-распарадчыя пасады.
- Мікалаю Жураўлёву прысудзілі 4 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму. Таксама яго пазбавілі званьня «палкоўнік фінансавай міліцыі» і забаранілі працаваць у праваахоўных органах цягам 5 гадоў.
Начальніка Транспартнай інспэкцыі Менсктрансу прызналі вінаватым у неаднаразовым атрыманьні хабару. Паводле сьледзтва, карупцыйныя злачынствы ён учыняў зь ліпеня 2015 году да красавіка 2017-га. Хабар за разьмеркаваньне дазволаў на праезд вялікагрузнага транспарту Лемеш браў у службовым пакоі.
Агулам Лемеш атрымаў хабар памерам 500 даляраў. Таксама ў справе фігуравалі каньяк, мужчынская парфума.
Паводле Лемеша, перавозчыкі атрымлівалі дазвол па заяўцы. Чыноўнік прызнаў, што напярэдадні Новага году атрымаў сувэнірны набор, у якім толькі пазьней заўважыў купюру.
Жураўлёў жа, паводле сьледзтва, заахвочваў перавозчыкаў даваць хабар, а пасьля цалкам ці часткова перадаваў у інспэкцыю праз пасярэдніка. Сваю віну ён адмаўляў.