Кампанія MGM Resorts International падала ў суд на сотні ахвяраў самага масавага расстрэлу ў сучаснай гісторыі ЗША. Кампаніі належыць гатэль-казіно Mandalay-Bay ў Лас-Вэгасе, з акна якога Стывен Пэдак адкрыў агонь па наведніках канцэрту. Тады былі забітыя 58 чалавек, больш за 500 былі параненыя.
У пазове MGM Resorts International гаворыцца, што кампанія «не нясе ніякай адказнасьці» перад ахвярамі і іх сем’ямі, згодна з фэдэральнай законам. У ім значыцца, што адказнасьць кампаній у выпадках масавых забойстваў абмежаваная, калі яны ахоўваюцца фірмамі, сэртыфікаванымі Аддзелам нацыянальнай бясьпекі ЗША.
MGM Resorts International таксама заяўляе, што ахвяры, якія падалі ці пагражалі падаць супраць яе пазовы, паўплывалі на выкананьне кампаніяй паслуг. У справах супраць гатэляў пад сумнеў ставіцца, напрыклад, іх здольнасьць забясьпечыць бясьпеку кліентаў.
Пазоў MGM Resorts International тычыцца толькі тых ахвяраў, хто адклікаў свой пазоў супраць кампаніі або пагражаў яго падаць. Тых людзей, чые пазовы супраць гатэлю ўжо разглядаюцца, ён ня тычыцца.
Адвакат Браен Клейпул, які прысутнічаў на канцэрце падчас страляніны, назваў пазоў кампаніі «крывадушным манэўрам».
«Усе мы разглядаем гэта як тактыку запалохваньня, каб тыя, што засталіся ў жывых, баяліся дамагацца сацыяльных зьменаў і кампэнсацыі праз судовыя працэсы, на што маюць права», — заявіў Клейпул ад імя дзясяткаў ахвяраў, якіх ён прадстаўляе.
Трагедыя ў Лас-Вэгасе: што вядома пра злачынцу
1 кастрычніка летась Пэдак адкрыў агонь па наведніках фэстывалю кантры-музыкі з акна гатэлю ў забаўляльным комплексе ў Лас-Вэгасе. Забойца скончыў самагубствам да прыбыцьця паліцыі. Прычыны яго ўчынку да гэтага часу ня высьветленыя.
У лютым 2018 году ў справе аб масавым расстрэле ў Лас-Вэгасе зьявіўся першы абвінавачаны. Ім стаў жыхар штату Арызона, які прадаў бранябойныя патроны Пэдаку. Пракуроры сьцьвярджаюць, што менавіта прадавец зброі Даглас Хэйг вырабіў для забойцы бранябойныя патроны.