Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп апублікаваў тэкст «вельмі прыемнага» ліста ад Кім Чэн Ына


Кім Чэн Ын і Дональд Трамп пад час сустрэчы ў Сінгапуры 12 чэрвеня 2018 году.
Кім Чэн Ын і Дональд Трамп пад час сустрэчы ў Сінгапуры 12 чэрвеня 2018 году.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп паказаў перакладзены тэкст «вельмі прыемнага», як ён выказаўся, ліста, атрыманага ад паўночнакарэйскага лідэра Кім Чэн Ына.

Трамп напісаў у Twitter 12 ліпеня, што вітаў ліст ад 6 ліпеня як прыкмету «вялікага прагрэсу» ў аднаўленьні адносін з Пхэньянам пасьля саміту двух лідэраў у мінулым месяцы. Кім піша Трампу, што, на яго думку, іх намаганьні адкрыць «новую будучыню» паміж Паўночнай Карэяй і Злучанымі Штатамі «напэўна прынясуць плён».

Кім таксама пахваліў Трампа за «энэргічныя і надзвычайныя намаганьні Вашай Эксэленцыі, сп. Прэзыдэнт, для паляпшэньня адносін паміж дзьвюма краінамі».

Трамп і Кім сустрэліся 12 чэрвеня, каб абмеркаваць «поўную дэнуклеарызацыю» Карэйскага паўвострава, хоць паміж бакамі існуе рознагалосьсе наконт таго, што гэты выраз фактычна азначае. Ліст быў датаваны 6 ліпеня, калі дзяржсакратар Майк Пампэя наведаў Пхэньян і вітаў прагрэс на сваіх перамовах «амаль ва ўсіх цэнтральных пытаньнях».

Аднак пазьней Пхэньян выступіў з заявай, у якой вінаваціў Злучаныя Штаты, што тыя прад’яўляюць «аднабаковыя і гангстэрскія патрабаваньні да дэнуклеарызацыі».

Асобна Злучаныя Штаты 12 ліпеня заявілі, што Паўночная Карэя пагадзілася сустрэцца з дэлегацыяй ЗША 15 ліпеня, каб абмеркаваць пытаньне аб рэпатрыяцыі парэштак салдат ЗША з Карэйскай вайны 1950–53 гадоў, якое доўгі час было каменем спатыкненьня ў двухбаковых адносінах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG