Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апошнім часам навукоўцы, якія дасьледуюць праблемы сьмяротнасьці, прыйшлі да высновы, што пасьля сардэчна-судзінных, анкалягічных хваробаў і траўмаў на чацьвёртае месца ў якасьці прычыны сьмяротнасьці можна паставіць... недахоп рухавай актыўнасьці, або гіпадынамію.

Як гэта адбываецца

Сапраўды, калі заходзіць размова пра разумны ў сэнсе здароўя лад жыцьця, мы кажам пра станоўчыя бакі рэгулярнай фізычнай актыўнасьці. А што жа адбываецца, калі яе не хапае?

Аказваецца, гэта адбіваецца на цэлым шэрагу ўнутраных органаў чалавека.

Найперш, цярпіць сардэчна-судзінная сыстэма. Недахоп руху азначае наяўнасьць або рызыку такіх хвароб, як хранічная сардэчная недастатковасьць, інфаркт міякарду, артэрыяльная гіпэртэнзія, інсульт, паталёгія пэрыфэрычных судзінаў, напрыклад атэрасклероз артэрый ног, парушэньні згусальнасьці крыві.

Сьмяротны квартэт

Гэтыя праблемы, у сваю чаргу, выклікаюць зьмены ў эндакрыннай сыстэме, бо недахоп руху азначае схільнасьць да атлусьценьня, цукровага дыябэту другога тыпу, а таксама рызыку ўзьнікненьня так званага мэтабалічнага сындрому.

Пад мэтабалічным сындромам разумеецца спалучэньне павышанага артэрыяльнага ціску, атэрасклератычных зьменаў у крыві, атлусьценьня і цукровага дыябэту другога тыпу. У сукупнасьці гэтых хваробаў значна павялічваецца рызыка сьмяротнасьці, таму гэты сындром нават атрымаў другую назву — сьмяротны квартэт.

Уплыў на псыхіку і памяць

Пералічаныя адмоўныя эфэкты абмежаваньня рухальнай актыўнасьці ускладняюцца тым, што чалавек пры недастатковым руху становіцца дэпрэсіўным, у яго павялічваецца ўзровень трывогі.

Таксама пры гіпадынаміі існуе вялікая небясьпека зьніжэньня памяці і іншых кагнітыўных здольнасьцяў, такіх як, напрыклад, магчымасьць канцэнтраваць увагу, сачыць і кантраляваць свае паводзіны.

Уплыў на косьці і мышцы

Недахоп фізычнай актыўнасьці, асабліва ў другім і трэцім пэрыядах жыцьця, адмоўна ўплывае на якасьць здароўя касьцявой тканкі. Пры гэтым існуе высокая рызыка остэапарозу або недахопу касьцявой тканкі, што вядзе да пераломаў.

Побач з гэтымі зьменамі адбываюцца адмоўныя працэсы ў мышцах, разьвіваецца іх узроставая слабасьць, якая мае назву саркапэнія. Гэта, разам з крохкасьцю костак, можа значна ўскладніць паўсядзённае жыцьцё чалавека ў сталым узросьце.

Аўтаімунныя хваробы

Пры недахопе рухальнай актыўнасьці (гэта даказана на сёньняшні дзень) значна ўзрастае рызыка разьвіцьця так званых аўтаімунных захворваньняў, якія маюць месца пры недастатковай актыўнасьці імуннай сыстэмы.

Ня так даўно стала вядомым, што гіпадынамія зьяўляецца моцным фактарам рызыкі такога захворваньня як рэўматоідны артрыт.

Хваробы страўнікавага тракту

Недастатковы рух вядзе да паталёгіі страўнікавага тракту, а менавіта ўзрастае рызыка рака тоўстай кішкі, запораў, такой хваробы як тлуставы гепатоз, калі ў пячонцы адкладваецца лішак тлушчу.

Гепатоз у 30% выпадкаў вядзе да такой цяжкайй хваробы як цыроз пячонкі, пры гэтым абсалютна неабавязкова злоўжываць алькагольнымі напоямі. Цыроз, згодна з сучаснымі дадзенымі, можа ўзьнікнуць на фоне гіпадынаміі!

Палавая функцыя і дзетараджэньне

Хочацца папярэдзіць і нашых маладых чытачоў наконт небясьпекі гіпадынаміі, якая мае непасрэдны ўплыў на фэртыльную функцыю, гэта значыць на здольнасьць жанчыны нараджаць.

У мужчынаў гіпадынамія зьяўляецца фактарам рызыкі парушэньняў эрэкцыі або эрэктыльнай дысфункцыі, а ў жанчын можа весьці да раку малочнай залозы, маткі, цукровага дыябэту цяжарных і так званай прээклямпсіі, што ў народзе завецца таксыкозам другой паловы цяжарнасьці.

Дзе праходзіць мяжа

Узьнікае пытаньне — дзе той парог, калі аб’ём рухальнай актыўнасьці можа лічыцца недастатковым?

калі чалавек пачаў рухацца, то павінен рабіць гэта ня менш за 10 хвілін. Толькі ў гэтым выпадку такая актыўнасьць пойдзе ў залік неабходных 150 хвілін у тыдзень

Нагадаем яшчэ раз, што згодна з рэкамэндацыямі Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, мінімальны аб’ём фізычнай актыўнасьці складае 150 хвілін аэробнай актыўнасьці ў тыдзень. Пад аэробнай актыўнасьцю разумеецца хуткая хадзьба, плаваньне, праца на дачы, і наагул любы рух.

Але трэба памятаваць, што калі чалавек пачаў рухацца, то павінен рабіць гэта ня менш за 10 хвілін. Толькі ў гэтым выпадку такая актыўнасьць пойдзе ў залік неабходных 150 хвілін у тыдзень.

Рухацца трэба абавязкова. Гэта асабліва тычыцца старэйшых людзей, якія скардзяцца на боль, ляноту ці іншае — трэба мабілізаваць свае магчымасьці, волю і рухацца!

Рухайцеся ў кожны спосаб 150 хвілін на тыдзень (або і болей) і здолееце пазьбегнуць многіх сур’ёзных праблем са здароўем!

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG