Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Адэсе стартуюць міжнародныя вайсковыя вучэньні Sea Breeze з удзелам 19 краінаў

У Адэсе 9 ліпеня пачынаюцца ўкраінска-амэрыканскія вайсковыя вучэньні сэрыі Sea Breeze.

Манэўры, у якіх удзельнічаюць 19 краінаў, працягнуцца да 21 ліпеня ў паўночна-заходняй частцы Чорнага мора, у партах, на аэрадромах і палігонах Адэскай, Мікалаеўскай, Херсонскай абласьцей, паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода.

Кіраўніком вучэньняў з украінскага боку зьяўляецца контар-адмірал Аляксей Неіжпапа, ягоны амэрыканскі калега — капітан 1 рангу Мэт'ю Ліман.

У вучэньнях задзейнічана каля 30 вайсковых караблёў, катэраў, судоў забесьпячэньня, турэцкая падводная лодка.

Асаблівасьцю сёлетняга «Sea Breeze» зьяўляецца тое, што дзеяньнямі падразьдзяленьняў марской, паветранай, наземнай кампанэнты навучаньня шматнацыянальны штаб будзе кіраваць непасрэдна з мора — ён будзе разьмяшчацца на флагманскім караблі Шостага флёту ЗША «Mount Whitney» (LCC-20).

8 ліпеня ў порт Адэсы прыбыў ракетны эсьмінец USS «Porter» (DDG-78) — адзін з больш за 60 эсьмінцаў клясу Arleigh Burke. Ён таксама адносіцца да Шостага флёту Злучаных Штатаў Амэрыкі.

Увогуле на 2018 год ва Ўкраіне заплянаваныя пяць маштабных вучэньняў з прыцягненьнем замежных вайскоўцаў. Плян вучэньняў з удзелам украінскага войска на тэрыторыі Ўкраіны і за яе межамі зацьвердзіў у канцы студзеня прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG