Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэркель закінула прэм’еру Вугоршчыны «адсутнасьць чалавечнасьці»


Ангела Мэркель

Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель у чацьвер абвінаваціла прэмʼер-міністра Вугоршчыны Віктара Орбана ў тым, што ён не выконвае правілы «чалавечнасьці» сваёй іміграцыйнай палітыкай. Орбан знаходзіцца зь візытам у Бэрліне — ён наведвае нямецкую сталіцу ўпершыню за тры гады.

Мэркель заявіла, што забесьпячэньне зьнешніх межаў ЭЗ заключаецца не ў стварэньні «крэпасьці супраць людзей, якія прывозяцца кантрабандыстамі і пускаюцца ў небясьпечныя падарожжы па Сахары і Міжземным моры». На яе думку, блёк павінен падпісаць дамовы з афрыканскімі краінамі, каб забясьпечыць законную міграцыю. «Душа Эўропы ўяўляе сабой чалавечнасьць і гэта тое, што мы хочам захаваць. Калі Эўропа зь яе каштоўнасьцямі хоча працягваць адыгрываць ролю ў сьвеце, тады яна ня можа проста адвярнуцца ад цяжкасьцяў і пакут», — сказала яна.

Прэмʼер-міністар Орбан рэзка выступае супраць палітыкі прадстаўленьня прытулку, якую Мэркель абараняе. Орбан пагадзіўся з тым, што ў яго і Мэркель былі прынцыпова розныя падыходы да міграцыі і да таго, як дапамагчы людзям гуманітарным шляхам. Орбан сказаў, што Нямеччына павінна быць удзячная за агароджу, якую Вугоршчына пабудавала на сваіх межах з Сэрбіяй і Харватыяй, і якую, паводле яго, ахоўваюць 24 гадзіны на суткі 8000 узброеных людзей. Паводле Орбана, калі б гэтага не было, ад 4 да 5 тысяч уцекачоў прыбывалі б у Нямеччыну штодня. «І гэта тая салідарнасьць, якую можна ўспрымаць сурʼёзна», — сказаў ён.

Орбан сказаў, што «адзіным рашэньнем» было «закрыцьцё межаў і дапамога людзям у іх уласных краінах» і нядопуск людзей, якія «прыносяць з сабой непрыемнасьці».

На гэтым тыдні ў Мэркель адбылася спрэчка зь міністрам унутраных справаў Нямеччыны Хорстам Зэехофэрам, у выніку яна пагадзілася ўзмацніць жорсткасьць памежнага кантролю і стварыць закрытыя транзытныя цэнтры для разьмяшчэньня мігрантаў на аўстрыйскай мяжы. У гэтай сувязі нямецкія СМІ пісалі, што кампраміс пазначыў «орбанізацыю» палітыкі Мэркель.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG