Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар Францыі ў Вугоршчыне падтрымаў міграцыйную палітыку Орбана. Дыплямата адклікалі


Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон
Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон

Прэзыдэнт Францыі адклікаў францускага амбасадара ў Вугоршчыне Эрыка Фурнье з-за канфідэнцыйнай перапіскі, якая патрапіла ў прэсу і дзе ён ухваліў палітыку Віктара Орбана, паведамляе Reuters. Замест Фурнье паслом у Вугоршчыну прызначылі Паскаль Андрэані.

Службовая запіска, якую пасол Фурнье накіраваў прэзыдэнту Макрону, а таксама ў МЗС Францыі і ў кіраўнічыя органы Эўразьвязу, трапіла ў распараджэньне вядомага францускага сайту Mediapart і была апублікаваная 18 чэрвеня. У ёй францускі дыплямат паведаміў, што лічыць падыход уладаў Вугоршчыны да вырашэньня міграцыйнага пытаньня «ўзорным». Пасол адзначыў, што вугорцы «здолелі апярэдзіць праблемы, выкліканыя патокамі нелегальных мігрантаў».

Mediapart адзначае, што Фурнье ня піша ні пра пабудову сьцяны на межах Вугоршчыны, ні пра «законы, якія дазваляюць вугорскім праваахоўнікам страляць па мігрантах гумовымі кулямі».

Пасол выступіў у абарону паправак у Канстытуцыю Вугоршчыны, якія забараняюць засяляць краіны «замежнымі народнасьцямі» і абавязвае дзяржаўныя ворганы «абараняць хрысьціянскую культуру». У сваёй запісцы Фурнье абвінаваціў некаторых эўрапейскіх дыпляматаў у «мадзярафобіі» і заклікаў не прымаць супраць Вугоршчыны рэпрэсіўных захадаў.

Як адзначаецца ў публікацыі RFI, гаворка ідзе пра заклік 37 дэпутатаў з камітэту грамадзянскіх свабод Эўрапарлямэнту, прымяніць у дачыненьні да Будапэшта артыкул 7 Маастрыхцкай дамовы (дамовы аб стварэньні Эўразьвязу). Артыкул дазваляе часова пазбаўляць краіну асобных правоў, напрыклад, права вэта падчас галасаваньня на пасяджэньнях Эўрапейскай Рады.

Як заявіў Макрон на прэс-канфэрэнцыі 29 чэрвеня па выніках саміту ЭЗ парталу Mediapart, ён не падзяляе погляды амбасадара, і гэтыя погляды «ні ў якім разе не адлюстроўваюць» афіцыйную пазыцыю Францыі«.

«Калі б амбасадар выказаў гэтую сваю пазыцыю публічна, ён быў бы тут жа адкліканы. Але ці павінны ўлады адклікаць амбасадара за тое, што ён непублічна кажа тое, што думае? Я так не лічу. Інакш мы створым прэцэдэнт перасьледу за іншадумства на дзяржаўнай службе», — сказаў прэзыдэнт Францыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG