Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад Парыжам крымінальнік уцёк з турмы на верталёце


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Асуджаны на 25 гадоў турмы рэцыдывіст Рэдуан Фаід паўторна ўцёк з турмы. У нядзелю, 1 ліпеня, трое ўзброеных людзей прызямліліся ў двары папраўчай установы на верталёце і адляцелі разам са злачынцам.

Першыя ўцёкі Рэдуан Фаід зьдзейсьніў у 2013 годзе: тады ён узяў у закладнікі ахоўнікаў, падарваў вароты пры дапамозе дынаміту і ўцёк з тэрыторыі турмы на машыне, паведамляе RFI.

Рэдуан Фаід зьбег з турмы ў дэпартамэнце Сена і Марна каля 11 гадзін раніцы. Яго саўдзельнікі здолелі пасадзіць верталёт у адзіным месцы на тэрыторыі турмы, якое не была закрытае адмысловай сеткай зьверху.

Раней яны ўзялі ў закладнікі пілёта верталёта, які даваў прыватныя ўрокі пілятаваньня і чакаў вучня на аэрадроме. Рэцыдывіст і трое падазраваных у арганізацыі ўцёкаў зьдзейсьнілі пасадку паміж аэрапортамі Шарь дэ Голь і Лё Буржэ, адпусьцілі пілёта і зьехалі на машыне, якую потым памянялі.

Паліцыя вядзе пошук рэцыдывіста. Пасьля ранейшых уцёкаў ён хаваўся ад уладаў на працягу шасьці тыдняў.

Рэдуан Фаід атрымаў першы турэмны тэрмін у 90-х гадах за рабаваньне інкасатарскіх машын і банкаў. Пасьля ўмоўна-датэрміновага вызваленьня ён зьдзейсьніў паўторнае рабаваньне і застрэліў супрацоўніцу паліцыі. Яму прысудзілі 25 гадоў пазбаўленьня волі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG